Ці ўдасца кіраўнікам Беларусі і Расеі дасягнуць пэўнага кампрамісу на сустрэчы 21 верасьня? Што азначае хваля публікацыяў у расейскай прэсе з крытыкай афіцыйнага Менску? Як Крэмль будзе ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі ў пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў?
Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Менск задаволіць ня ўсё, але будзе знойдзены нейкі кампраміс
Цыганкоў: 21 верасьня заплянаваная сустрэча кіраўніцтва Беларусі і Расеі «ў пашыраным складзе», як было заяўлена. На вашую думку, якія вынікі яна можа прынесьці, чаго варта чакаць?
Карбалевіч: Думаю, сустрэча скончыцца тым, што бакі ўсё ж дамовяцца па большасьці спрэчных канкрэтных пытаньняў беларуска-расейскіх дачыненьняў. Менск задаволіць ня ўсё, але будзе знойдзены нейкі кампраміс. Ня думаю, што бакі разыдуцца, даючы нейкія скандальныя камэнтары.
Цыганкоў: А гэты кампраміс, які вы прагназуеце, будзе кароткачасовы, тактычны? Ці гэта будзе стратэгічнае рашэньне спрэчных момантаў беларуска-расейскіх адносін?
Карбалевіч: Тут выразна падзяліць на стратэгічнае і тактычнае даволі складана. Бо канфлікт у беларуска-расейскіх адносінах запраграмаваны самой матрыцай гэтых адносін. Гэта ідзе хвалямі: то хваля кампрамісу, то канфліктаў. Мяркую, такое становішча працягнецца, і гэтая сустрэча не прывядзе да таго, што ўсе асноўныя спрэчкі будуць вырашаныя.
Дракахруст: Я ў цэлым згодны з Валерам, найперш з прычыны структуры такіх сустрэчаў. Мінулая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі была хутчэй няўдалая, але там было абвешчана, што пазьней адбудзецца сустрэча ў пашыраным складзе. Калі б нейкая мінімальная база кампрамісу не была дасягнута за гэты час, то цяперашняй сустрэчы проста не адбылося б.
Што да стратэгічных пытаньняў, то, магчыма, кіраўнікі краінаў паспрабуюць разьвязаць пэўны вузел, цэлы каскад сюжэтаў. Не даюць грошы, якія даўно павінны былі выдзеліць Беларусі праз Эўразійскі фонд стабілізацыі, далей — нядаўнія паведамленьні, што скарачаюцца пастаўкі ў Беларусь нафтапрадуктаў. Думаю, па нафце дамовяцца на нейкай кампраміснай лічбе — ня столькі, колькі летась, але і не ў 20 разоў меней, як заяўляюць некаторыя расейскія чыноўнікі. Магчыма, і ў нейкай ступені за перамытненьне Масква заплаціць.
Цыганкоў: Адна з самых канфліктных тэмаў — падатковы манэўр, у выніку чаго Беларусь страціць сотні мільёнаў даляраў штогод. Ці кампэнсуюць расейцы яго і якім шляхам?
Карбалевіч: Думаю, так. Расейскія чыноўнікі паведамляюць, што перамовы па гэтым пытаньні ўжо ідуць. То бок Расея не адмаўляецца ад кампэнсацыі. Хоць фармальна Расея не абавязаная гэта рабіць, бо падатковы манэўр — унутраная справа Расеі. Аднак тое, што расейскі ўрад зьбіраецца кампэнсаваць страты сваім НПЗ — дае падставы Менску апэляваць да неабходнасьці стварэньня роўных умоваў у рамках Эўразійскага эканамічнага саюзу. Я мяркую, кампэнсацыя будзе, і не 100%, як просіць беларускі бок, а істотна меншая.
Такія пытаньні не абмяркоўваюцца ў прысутнасьці шматлікіх вачэй
Цыганкоў: Падчас такіх сустрэчаў заўсёды прысутнічаюць і палітычныя матывы. Апошнім часам Масква зьмяніла пэўныя падыходы да Беларусі. Расейская статусная прэса піша ўсё часьцей крытычныя артыкулы на адрас беларускіх уладаў. Ці сьведчыць гэта пра нейкія працэсы і зьмены ў падыходах Масквы да беларускай тэматыкі?
Дракахруст: Я б не перабольшваў значэньня гэтых публікацыяў. Ня думаю, што гэта знак кардынальнай зьмены стаўленьня Крамля, нібыта яны зьбіраюцца «мачыць у сарціры» кіраўніка Беларусі, «накінуць пятлю голаду» на беларускае насельніцтва.
Так, гэта спроба ціску, спосаб узьдзейнічаць на Лукашэнку ў гэтым торгу — «а на што ты гатовы?», «а што мы табе дамо?». Збольшага, як мне падаецца, гэта торг эканамічны. І, дарэчы, у гэтых публікацыях «абмен палітыкі на эканоміку» не фігуруе. І я ня думаю, што такія тонкія далікатныя палітычныя пытаньні будуць абмяркоўвацца на гэтай сустрэчы, у прысутнасьці шматлікіх вачэй. Звычайна такія пытаньні абмяркоўваюцца вельмі далікатна і на самым высокім узроўні, пра гэта не абвяшчаюць з высокіх трыбун.
Так што я амаль упэўнены, што вострыя палітычныя пытаньні ня будуць абмяркоўвацца на гэтай сустрэчы, у тым самым пашыраным фармаце.
Карбалевіч: Я не выключаю, што, акрамя сустрэчы ў пашыраным складзе, можа быць двухбаковая сустрэча паміж Пуціным і Лукашэнкам. І там самыя вострыя палітычныя тэмы могуць абмяркоўвацца. Вядома, я ня думаю, што, як пішуць некаторыя расейскія мэдыі, на гэтай сустрэчы Лукашэнка павінен назваць свайго пераемніка. Гэта, вядома, лухта.
Але ўзьнікае адна праблема, якую расейскаму боку нават цяжка сфармуляваць публічна. Тое, што зьяўляецца ў расейскіх мэдыях пра Беларусь, дык асноўнае пытаньне, якое там ставіцца — што Беларусь ідзе «шляхам Украіны». Сама лёгіка існаваньня незалежнай Беларусі вядзе да таго, што беларуская незалежнасьць умацоўваецца. Гэтай лёгікай і было прадыктаванае рашэньне Крамля прызначыць амбасадарам Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча.
Я думаю, гэта вельмі непакоіць Маскву, але як гэта выказаць і вырашыць у практычным сэнсе? Расеі тут вельмі цяжка выстаўляць нейкія канкрэтныя прэтэнзіі Менску.
Каб распачаць вялікую гульню, трэба, каб сытуацыя разгайдалася
Цыганкоў: Ці будзе Масква выкарыстоўваць у сваім ціску на Лукашэнку надыход палітычных кампаній у Беларусі — парлямэнцкіх і, найперш, прэзыдэнцкіх выбараў? Ці будзе Менск больш уразьлівы і адчувальны да ўдараў менавіта ў гэтыя паўтара года да выбараў?
Дракахруст: Будуць выкарыстоўваць, вядома. Напрыклад, ствараючы нейкую ілюзію ці паказваючы, што мы можам пагуляцца.
Карбалевіч: Прыняць у Крамлі нейкага кандыдата ў прэзыдэнты, хаця б на ўзроўні дробнага чыноўніка.
Дракахруст: Як той казаў, «пагроза мацнейшая за выкананьне». Мы ўяўляем сабе прарасейскага кандыдата ў выглядзе казака зь лямпасамі. Але вось Гайдукевіч-малодшы ўжо расставіў тут пэўныя акцэнты. Чаму не, чаму ня ён? Чаму ж не папалохаць?
Але, што б мы самі пра гэта ні лічылі, у цэлым пакуль сытуацыя ў Беларусі стабільная. І каб распачаць вялікую гульню, трэба, каб сытуацыя разгайдалася, тады можна яе далей раскручваць. Калі ж гэтага няма, калі сытуацыя будзе прыкладна як сёньня — то гэта будуць толькі «пужалкі».
Карбалевіч: Магчыма, нейкая гульня і будзе, але менавіта гульня. Не сур’ёзная апэрацыя па нейкім радыкальным падыходзе да прэзыдэнцкіх выбараў. Ня думаю, што Масква зацікаўленая ў дэстабілізацыі ў Беларусі. Бо дэстабілізацыяй кіраваць цяжка, яна можа выліцца ў незразумела што для Расеі. Дый не такія ўжо вялікія ў Расеі мэханізмы ўплыву.