Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка расказаў БелТА аб запрашэньні ў Беларусь прадстаўнікоў Кангрэсу Злучаных Штатаў.
Як сьцьвярджае Ўладзімер Андрэйчанка, на форуме, што праходзіў гэтым летам у Бэрліне, прадстаўнікі Беларусі сустрэліся зь неназванымі амэрыканскімі кангрэсмэнамі, якія «цёпла і пазытыўна адгукаліся пра Беларусь і выказалі зацікаўленасьць наведаць краіну».
Ім накіравалі запрашэньне. Ці адказалі кангрэсмэны, не паведамляецца. Але, кажа Андрэйчанка, «ня выключана, што да канца году гэты візыт адбудзецца». Кантакты з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША працягваюцца, дадаў ён, і прадстаўнікоў Беларусі ўжо запрасілі на форум, які пройдзе ў сьнежні ў Вашынгтоне.
У жніўні намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук паведамляў, што ў Беларусь запрашаюць амэрыканскага дэпутата Робэрта Пітэнджэра — старшыню мэтавай групы Кангрэсу ЗША ў пытаньнях тэрарызму і нетрадыцыйных мэтадаў вядзеньня вайны. Пра запрашэньне яшчэ кагосьці з Кангрэсу ЗША тады не паведамлялася.
У жніўні ў Менск прыбыла новая павераная ў справах ЗША Джэніфэр Мур, якая да таго займала пасаду намесьніцы дырэктара ўпраўленьня ў справах Паўднёвай Эўропы Дзярждэпартамэнту, працавала намесьніцай дырэктара ўпраўленьня Дзяржаўнага дэпартамэнту ў міратворчай дзейнасьці, санкцыях i барацьбе з тэрарызмам і на іншых пасадах у палітычным, вайскова-палітычным і эканамічным аддзелах амбасадаў ЗША ў Анкары, Багдадзе, Джакарце, Сараеве і Тыране.
Але амбасадара ЗША ў Беларусі па-ранейшаму няма. У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Крыху пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх краін было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага.
Супраць 10 беларускіх дзейных і былых чыноўнікаў, у ліку якіх Аляксандар і Віктар Лукашэнкі, а таксама Лідзія Ярмошына, працягваюць дзейнічаць санкцыі ЗША. Упершыню санкцыі ЗША былі ўведзеныя ў 2006 годзе — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія ЗША і Эўразьвяз прызналі недэмакратычнымі. МЗС Беларусі называў гэта «састарэлай пазыцыяй».