Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візы ўсім: амбасада ЗША адновіць 1 лютага выдачу візаў беларусам у поўным аб’ёме

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі заявіла 30 студзеня, што ад 1 лютага пачне прапаноўваць у Беларусі «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслуг» — любы грамадзянін і рэзыдэнт Беларусі зможа зьвярнуцца па візу.

«Упершыню за 10 гадоў мы зможам аказваць такія паслугі, — сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі. — Мы вельмі рады, што зможам прапаноўваць іх беларусам, якім раней даводзілася езьдзіць у іншыя краіны, а гэта было вельмі нязручна. Маім калегам давялося зрабіць вялікую працу ў рэалізацыі гэтага праекту. Цяпер усе могуць зьвярнуцца па візы ў консульскі аддзел, няма неабходнасьці ехаць па візу ў іншую краіну».

«Гэта міт, што цяжка атрымаць візу ЗША». 5 пытаньняў пра амэрыканскія візы для беларусаў

Цяпер беларусам будуць даваць шматразовыя візы тэрмінам на 1 год, але ня болей. Тэрмін дзеяньня візаў вызначаецца «прынцыпам узаемнасьці»: Беларусь цяпер выдае амэрыканцам візы на 1 год. Стандартны кошт амэрыканскай візы ў шэрагу краінаў — 160 даляраў. Пакуль амбасада ня мае магчымасьці выдаваць візы неграмадзянам і нерэзыдэнтам Беларусі.

Робэрт Райлі і Алета Кавэнскі, архіўнае фота
Робэрт Райлі і Алета Кавэнскі, архіўнае фота

​Паводле Райлі, раней «не было стымулу» абмяркоўваць пытаньне аб выдачы візаў зь беларускім бокам, бо спэктар візавых паслуг быў абмежаваны, але цяпер перад беларускімі ўладамі ЗША паставілі пытаньне аб павелічэньні дзеяньняў візаў.

Загадчыца консульскага аддзелу Амбасады ЗША ў Беларусі Алета Кавэнскі паведаміла, што за мінулы год у Менску выдалі прыкладна 7-8 тысяч візаў, а колькі будзе выдадзена сёлета, прагназаваць цяжка. Чакаецца, што прыблізна ўдвая больш людзей будуць зьвяртацца па амэрыканскія візы. Калі амбасада зьнізіла ўзроставы цэнз для беларусаў з 70 да 50 гадоў, многія казалі, што не зьвярталіся па візы толькі таму, што былі цяжкасьці – цяпер, кажа Кавэнскі, цяжкасьці пераадоленыя.

10 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША

У сакавіку 2008 году пад ціскам беларускіх уладаў быў скарочаны дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску – з 35 да 5. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Таму, каб атрымаць візу ЗША, большасьць беларусаў мусіла зьвяртацца ў кансуляты Злучаных Штатаў у Маскве, Варшаве, Кіеве, Вільні. У Беларусі па-ранейшаму няма амбасадара Злучаных Штатаў.

Летась у ліпені расейскія ўлады запатрабавалі рэзка скараціць прысутнасьць у іх краіне амэрыканскіх дыпляматаў — таксама пасьля новых антырасейскіх санкцый за анэксію Крыму і агрэсію на Данбасе. Улады ЗША пасьля гэтага спынілі выдачу візаў па ўсёй Расеі і абяцалі вярнуць прыём дакумэнтаў на візы толькі ў Маскве зь верасьня. Але беларусаў там прымаць не зьбіраліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG