Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітычны экспэрт, адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Дзея» Алесь Лагвінец. Ён адказвае, ці сапраўды заяўляў, што Расея пасьля чэмпіянату сьвету акупуе Беларусь, тлумачыць, якая чарговая зьнешняя перамога патрэбная расейскаму грамадзтву, і заяўляе, што трэба называць рэчы сваімі імёнамі — у Беларусі ў той ці іншай ступені паўстане палітычная дынастыя.
«Новы амбасадар Расеі будзе пастаўлены, каб паказваць пэўныя перамогі»
— Падчас чэмпіянату сьвету па футболе на адным з украінскім сайтаў зьявілася паведамленьне з загалоўкам «Пасьля чэмпіянату сьвету Расея акупуе Беларусь: экспэрт Лагвінец зрабіў гучны прагноз» Давайце адразу ўдакладнім: ці сапраўды вы такое казалі?
— Такія загалоўкі даюцца журналістамі, каб прыцягнуць увагу да сваіх матэрыялаў. У сваім інтэрвію я казаў, што ўсё выглядае на тое, што пасьля чэмпіянату сьвету Расея паспрабуе павялічыць ціск на Беларусь, каб яшчэ больш прыкаваць Беларусь да сябе. Я абапіраўся ў тым ліку і на апошнія выказваньні Лукашэнкі, які заяўляў, што мы як на фронце і можам страціць сваю незалежнасьць.
Масква зрабіла ўсё, каб паказаць сябе не як краіну-агрэсара, а як краіну, адкрытую сьвету
Варта памятаць і мадэль паводзінаў Расеі. Масква пачала вайну ў Грузіі ў 2008 годзе падчас Алімпійскіх гульняў у Пэкіне, потым адразу пасьля Алімпіяды ў Сочы Расея анэксавала Крым і потым падтрымала сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Далей Расея паспрабавала зьмякчыць, абчалавечыць свой імідж, праводзячы чэмпіянат сьвету па футболе, рашэньне пра які, зразумела, прымалася раней. Але Масква зрабіла ўсё, каб максымальна абчалавечыць свой вобраз, паказаць сябе не як краіну-агрэсара, а як краіну, якая гатовая праводзіць вялікія культурныя і спартовыя мерапрыемствы, адкрытую сьвету.
— Такая лінейная лёгіка, што пасьля кожнага буйнога спартовага мерапрыемства Расея пачынае нейкія агрэсіўныя дзеяньні, каб захопліваць іншыя тэрыторыі, не абавязкова заўсёды працуе. Калі празь некалькі тыдняў і месяцаў пасьля чэмпіянату нічога не адбудзецца ў беларуска-расейскіх адносінах — як вы будзеце выглядаць?
— Пачакайце, тут размова не ідзе пра тое, што сёньня-заўтра адбудзецца далучэньне, інкарпарацыя Беларусі. Адназначна, што для Расеі беларускае пытаньне — гэта ўнутранае пытаньне. МЗС Расеі менш займаецца Беларусьсю, чым Адміністрацыя прэзыдэнта. Новы амбасадар Расеі, ад якога Лукашэнка наўрад ці здолее адмовіцца, — гэта чалавек, які будзе сюды пастаўлены, каб паказваць пэўныя перамогі.
Цяпер Расея карыстаецца з таго, што Лукашэнка ў пэўны момант дэманструе сваю ляяльнасьць
Цяпер Расея карыстаецца з таго, што Лукашэнка ў пэўны момант дэманструе сваю ляяльнасьць, з таго, што Беларусь па-ранейшаму застаецца ў напаўізаляцыі ад усяго сьвету. Але Расеі патрэбная паўнавартасная расейская база, пра якую яны ня раз казалі. На фоне таго, што Польшча хоча павялічыць прысутнасьць войскаў НАТО на сваёй тэрыторыі, а адносіны Ўкраіны і НАТО разьвіваюцца вельмі дынамічна. І з гэтага гледзішча Расея хацела б цалкам кантраляваць стратэгічны пляцдарм, якім зьяўляецца Беларусь, каб пагражаць і мець аргумэнт у размовах з Захадам.
Другая рэч, якой хацела б Расея. Паглядзіце: напярэдадні Эўрамайдану ва Ўкраіне якая была дамова з Кіевам? Пуцін паабяцаў 15 мільярдаў даляраў крэдыту, у той жа час украінцам сказалі, на якіх пасадах павінны быць якія канкрэтныя людзі. Размова ішла нават пра магчымае запрашэньне людзей з Расеі.
Відавочна, Расея хацела б, каб умоўных шуневічаў у Беларусі было больш. Прасавецкіх, аўтарытарных кіраўнікоў, якія б займалі ключавыя пасады ў той момант Х, калі ўлада Лукашэнкі аслабне і ён ня здолее гарантаваць расейскія інтарэсы.
Масква па-ранейшаму хацела б кантраляваць самыя прыбытковыя сфэры і галіны эканомікі Беларусі. І, відавочна, у Масквы ёсьць адпаведная праграма дзеяньняў і адпаведнае ўспрыманьне, як Расея магла б карыстацца Беларусьсю як тэрыторыяй, якая можа і захаваць фармальную незалежнасьць. Бо голас Беларусі ў ААН дастаткова важны для Расеі, і яна не хацела б яго страціць. Зважаючы на своеасаблівасьць палітычнага рэжыму ў Беларусі, Расея хацела б мець сабе больш інструмэнтаў уплыву на сытуацыю ў краіне.
У Маскве любое супрацоўніцтва Беларусі з Захадам успрымаюць насьцярожана
Зь іншага боку, як бы Менск ні пераконваў, што супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам ніяк не накіраванае супраць Расеі, у Маскве любое супрацоўніцтва Беларусі з Захадам успрымаюць насьцярожана. На гэтым фоне — як толькі пайшла большая рэкляма пасьпяховых праектаў Эўразьвязу — Лукашэнку выкручваюць рукі, і ў выніку ён запрашае пскоўскіх дэсантнікаў на парад у Менску.
Што можа быць паказана расейскаму грамадзтву як чарговая зьнешняя перамога?
— Але пра гэтыя намеры Расеі кажуць апошнія гадоў 20. Больш канкрэтна, тыя ж размовы пра вайсковую базу ідуць апошнія 3 гады. Аднак дагэтуль Лукашэнку ўдавалася «адбівацца» ад самых радыкальных прапановаў Расеі, ад той жа базы. Чаму вы лічыце, што цяпер сытуацыя зьмянілася і Расея будзе ўзмацняць свой ціск, і Лукашэнка ня здолее адбівацца, як удавалася раней?
— Таму што эканамічная сытуацыя ў Беларусі не найлепшая. Калі скончыцца «нафтавы манэўр», то таннай нафты для Беларусі ня будзе, давядзецца дзяліцца прыбыткамі зь сябрамі Пуціна. Козыраў у Лукашэнкі застанецца ня так і шмат. Нават заходняя дапамога, калі яна і будзе даволі вялікая, — то яна шматузроўневая, яе немагчыма свабодна выкарыстоўваць, каб вырашаць свае ўласныя палітычныя задачы.
Мы маем вельмі ваяўнічага гульца, які адчуў сваю беспакаранасьць — Расею
Мы маем вельмі ваяўнічага гульца, які адчуў сваю беспакаранасьць — Расею. Мы пабачым тое, што можа быць паказана расейскаму грамадзтву як чарговая зьнешняя перамога. Бо ўнутраных перамогаў ня так і шмат, цяпер балючае пытаньне павялічэньня пэнсійнага ўзросту, рэйтынг Пуціна пачаў зьніжацца. У такой сытуацыі гэта павялічвае адчуваньне нестабільнасьці і няпэўнасьці сваёй улады. І грамадзкая думка Расеі магла б вельмі пазытыўна ўспрыняць чарговую перамогу. Але я кажу «ўмоўную перамогу» — я не кажу, што сёньня-заўтра ў Беларусі зьявяцца расейскія войскі...
«Калі ўлада будзе перададзена ня Віктару Лукашэнку, то Мікалаю Лукашэнку»
— Менавіта ў гэтым і пытаньне. Вы (як і іншыя экспэрты) кажаце пра перамогу, але кажаце, што гэта ня будзе ўварваньне расейскіх танкаў па вуліцах Менску. Гэта будзе, як вы кажаце, паступовая эканамічная анэксія, пазбаўленьне Беларусі самастойнасьці ў прыняцьці рашэньняў. Якім чынам гэта можна прадставіць электарату яркай перамогай?
— Паглядзіце, як прадстаўляў Эўразійскі саюз Пуцін, калі вылучаўся на трэці тэрмін. Гэтая арганізацыя нібыта павінна была вырашыць усе эканамічныя праблемы і скіраваць краіны гэтага саюзу да эканамічнага росту і лепшай будучыні.
То бок дзеля таго, каб адчувалася, прынамсі ў істэблішмэнце Расеі, дынаміка «перамогаў», трэба ствараць далейшыя перамогі. Адной зь іх можа стаць, скажам так, яшчэ большая залежнасьць Беларусі ад Расеі. Паколькі ёсьць пэўныя працэсы, якія ва ўмовах незалежнага існаваньня Беларусі могуць стаць незваротнымі, і ў Крамлі гэта добра разумеюць.
— Мы дагэтуль гаварылі толькі пра расейскі бок, ягоныя намеры і памкненьні, але зусім не краналі магчымай рэакцыі на гэтыя пагрозы беларускага боку. Што могуць і павінны прадпрымаць у такой сытуацыі афіцыйны Менск і беларускае грамадзтва?
— Для афіцыйнага Менску магчымасьцяў цяпер ня так і шмат, хоць ён і спрабуе ўсе іх выкарыстоўваць. Ён спрабуе гуляць з Захадам, будаваць нейкія адносіны з Кітаем, спрабуе казаць пра нэўтралітэт Беларусі. Аднак беларускія ўлады ідэалягічна вельмі блізкія з расейскімі, іх мала што адрозьнівае. Яны ведаюць, што ўнутры сілавога блёку Беларусі вельмі шмат аматараў і прыхільнікаў Расеі, і гэта можа быць пагрозьлівым элемэнтам для сёньняшняга кіраўніцтва.
Трэба называць рэчы сваімі імёнамі. У Беларусі цяпер ідзе гаворка пра тое, што ў той ці іншай ступені паўстане палітычная дынастыя. Калі ўлада ня будзе перададзена Віктару Лукашэнку, то яна будзе перададзена Мікалаю Лукашэнку.
Зь іншага боку, мы маем грамадзтва, якое знаходзіцца ў пэўнай ступені ў замарожаным выглядзе. На вялікі палітычны ўдзел гэтае грамадзтва не гатовае.
Мы маем грамадзтва, якое знаходзіцца ў пэўнай ступені ў замарожаным выглядзе
Калі ж мы кажам пра тое, што варта рабіць у такой сытуацыі, то адказ вельмі просты. Эканамічныя рэформы, якія маглі б прывязаць павелічэньне дабрабыту, эканамічныя дасягненьні зь незалежнасьцю і дэмакратызацыяй. І таксама агульнанацыянальны дыялёг і пошук кансэнсусу. А гэта адбываецца праз палітычныя рэформы, у тым ліку справядлівыя выбары, шырокую публічную дыскусію, якой сёньня няма ў Беларусі. У нас ідзе аднабаковая камунікацыя з адназначным дамінаваньнем уладнай прапаганды.