Намесьнік старшыні дэпартамэнту нагляду за вядзеньнем працаў у прамысловасьці Міністэрства надзвычайных сытуацыяў («Дзяржпрамнагляд») прызнаны судом Менскага раёну вінаватым у атрыманьні хабару і службовай падробцы (ч.1 арт. 427, ч.1, 2 і 3 арт. 430 КК РБ).
Чыноўніка (яго не называюць па імені — толькі «абвінавачаны З.») пакаралі пазбаўленьнем волі на 8 год у калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ён таксама мусіць выплаціць кампэнсацыю дзяржаве ў памеры 12 тысяч рублёў.
Другі фігурант справы, дырэктар кампаніі «БелПрамГазСпэцМантаж», прызнаны ў дачы хабару, махлярстве і падбухторваньні да злачынства (ч.2 арт. 431, ч.1 і 2 арт. 209, ч.5 арт. 16 КК РБ) і пакараны абмежаваньнем волі на 3,5 гады ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Абодва прысуды могуць быць абскарджаныя.
Паводле сьледзтва, супрацоўнік Дзяржпрамнагляду цягам сямі год прымаў хабар ад службовых асобаў і іх прадстаўнікоў — як грашыма, так і «газавым абсталяваньнем з сыстэмай ацяпленьня», дапамагаў знаёмым атрымаць пратаколы аб праходжаньні праверкі ў галіне прамысловай бясьпекі.
У канцы мінулага лета за хабар асудзілі былога кіраўніка магілёўскага Дзяржпрамнагляду — узяў 2000 даляраў, атрымаў 2,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.