Вёска Радастава месьціцца за пару кілямэтраў ад украінскай мяжы. Тут вырас старшыня КДБ Валер Вакульчык. Калісьці вёска была заможная, а цяпер тут можна зарабіць, толькі зьбіраючы ягады. Некалькі тыдняў таму старшынём мясцовага калгасу прызначылі Аляксандра Рымашэўскага, які раней узначальваў Салігорскі райвыканкам.
«Мы багнюкі. А за каналам жывуць літвакі»
Радастава — аграгарадок у Драгічынскім раёне на самым поўдні Берасьцейскай вобласьці.
Яго жыхароў у навакольлі называюць «багнюкамі».
«Мы багнюкі, бо жывем у багне. Сварынь, Гаравіца — усё гэта багнюкі, — кажа мясцовы жыхар Васіль. — А за каналам (Дняпроўска-Бускім — РС) ужо жывуць літвакі».
Радастава вырасла на высьпе сярод балотаў. Па паданьні, прыгонныя ўцякалі ў вёску, бо сюды мала хто мог дабрацца. Ад слова «радасьць» вёска і атрымала сваю назву.
Сёньня ў вёсцы жыве больш за тысячу чалавек. Але мясцовыя кажуць, што раней сем’і тут былі большыя і людзі менш зьяжджалі. Раней у школе ў некалькі зьменаў вучылася больш за 700 чалавек. Цяпер — у тры разы меней.
Уся вёска зарабляе, зьбіраючы ягады
Знайсьці летам людзей у вёсцы цяжка. Цяпер сэзон чарніцаў, і жыхары Радастава праводзяць у лесе ўсе дні. Многія вяскоўцы могуць зарабіць сабе на жыцьцё, толькі зьбіраючы ягады. За два дні ў лесе можна назьбіраць на месячны заробак даяркі — 200–300 рублёў. За месяц можна зарабіць і тысячу даляраў.
«У нас у калгасе працуе ня так шмат людзей, — кажа Тацяна, якая прымае ягады ў радастаўцаў. — Ёсьць сем’і, якія зарабляюць летам на малінах, на чарніцах. За гэтыя грошы жывуць цэлы год. У нас людзі прыходзяць пасьля працы і ідуць у лес. Толькі лянівыя сядзяць дома».
Таксама радастаўцы выяжджаюць на заробкі. Раней пагалоўна езьдзілі ў Расею. Цяпер часьцей выбіраюцца ў Менск ці Польшчу.
«За 200 рублёў токарам я працаваць не пайду ў калгас, — кажа 40-гадовы Валер. — У Менску ў мяне ў сярэднім выходзіць 800 рублёў на месяц. Тут такія грошы я не зараблю».
Найбольш прэстыжным месцам працы лічыцца лясгас у суседняй вёсцы Гаравіца. Там можна зарабіць да тысячы рублёў. Але іншых месцаў з заробкам больш за 200–400 рублёў у акрузе няма. У калгасе мэханізатарам добра плацяць толькі ў сэзон.
Малінавы бум у Радаставе пачаўся пасьля вайны ва Ўкраіне
Апошнія пяць год ці ня ўся вёска пачала вырошчваць садовыя маліны на продаж. Людзі высаджваюць кусты на сваіх гародах, бяруць соткі ў калгасе.
«У любым двары можна знайсьці, — кажа Сьвятлана. У выходны дзень яна абрабляе ягадныя кусты перад сваім домам.
Фэрмэр Анатоль разам з бацькам арандуюць 6 гектараў зямлі, дзе вырошчваюць клубніцы, ажыны, буякі і маліну.
«Я б пайшоў на працу ў калгас, але там плацяць 2–3 мільёны, — кажа Анатоль. — Як на гэтыя грошы пракарміць сям’ю, я ня ведаю. Нават калі людзі ўдваіх працуюць».
Мода на маліны прыйшла з суседніх вёсак. А сапраўдны бум пачаўся, калі Расея ўвяла эмбарга на тавары з Заходняй Эўропы. Гэта быў адказ на эканамічныя санкцыі, уведзеныя Захадам за агрэсію Расеі супраць Украіны.
«Раней Расеі не былі патрэбныя нашыя маліны, — кажа Анатоль. — Калі закрыць мяжу, усё бур’яном стане. Нашымі малінамі за два дні мы заб’ем усе маразільнікі ў Беларусі».
Радзіма старшыні КДБ
Радастава ў Драгічынскім раёне вядомае тым, што тут вырас Валер Вакульчык — старшыня КДБ. Ён часам прыяжджае ў вёску. Сёлета высаджваў туі каля дзіцячага садку. Зь яго дапамогай у мясцовай школе і ў садку зрабілі рамонт. Мясцовыя кажуць, што новага дырэктара калгасу прызначылі таксама дзякуючы Вакульчыку.
Папярэдні старшыня Леанід Кароль кіраваў сельскай гаспадаркай у Радаставе больш за 15 год. Летась ён зьвярнуўся да міністра сельскай гаспадаркі, каб дапамаглі збудаваць у Радаставе новую фэрму. Але пасьля таго, як у вёску прыехалі прадстаўнікі міністэрства, Караля звольнілі.
Цяпер новую фэрму ўжо абяцае збудаваць Аляксандар Рымашэўскі. Ён працуе ў Радаставе пару тыдняў. «Пісьменны чалавек вельмі, — кажа Сьвятлана, жыхарка Радастава. — Па ўсім відаць гэта. У гаражах ужо парадкі навёў. Ён патрабуе, каб была відаць праца кожнага».
Пра тое, што новы старшыня сядзеў у калёніі за хабар, ведаюць тут ня ўсе. Пакуль ён жыве ў суседняй вёсцы Гаравіцы — у гатэлі пры лясгасе. Прапаноўвалі «прэзыдэнцкі» дамок у Радаставе, але ён адмовіўся.
«Можа, будзе лепш пры ім, — кажа Людміла, пэнсіянэрка з Радастава. — З Каралём быў развал. А гэтага хваляць. Ён ужо запрашае новых рабочых, трактарыстаў, кіроўцаў».
Таксама ў вёсцы рады, што ў Радастава прыслалі немясцовага кіраўніка.
«Пакуль у гэтым раёне ня будзе ратацыі на 99%, толку ня будзе, — лічыць фэрмэр Анатоль. — Выдатна, што прыслалі новага чалавека. Зь Менску Дарашэнку (старшыню Драгічынскага райвыканаму з 2017 году. — РС) прыслалі, яго ўжо сталі ўсе баяцца».
З аднаго боку, усе ў вёсцы наракаюць, што тут бракуе працы, а таму было б добра, каб зьявілася новая фэрма ці іншыя вытворчасьці. Зь іншага, нават у дзейны калгас цяжка знайсьці людзей, гатовых працаваць за такія малыя грошы.
«Хто ніколі не рабіў у калгасе, хто робіць на сябе, ня пойдзе ў калгас адназначна, — лічыць Сьвятлана. — Толькі калі там дадуць вялікую зарплату. Але, думаю, як у Менску тут плаціць ня будуць».
Вярхоўны суд: вызваленьне Рымашэўскага — інфармацыя пра прыватнае жыцьцё
Былога старшыню Салігорскага райвыканкаму затрымалі 30 траўня 2017 году. Яго абвінавацілі ў тым, што ён атрымаў хабар у 16 900 даляраў ад прадстаўніка фірмы «Белрасаграсэрвіс».
4 сьнежня Рымашэўскага асудзілі на 8 год калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
Сам Рымашэўскі віны не прызнаў. Ягоны адвакат Дзьмітры Гарачка абвінаваціў сьледчых і супрацоўнікаў, якія затрымлівалі экс-чыноўніка, у фальшаваньні доказаў. У справе не фігуруе ніводнага відэа- ці аўдыёзапісу, дзе б кіраўнік салігорскай вэртыкалі размаўляў пра хабар.
Вызваленьне Рымашэўскага ў сярэдзіне чэрвеня было нечаканасьцю для самога адваката. Як Гарачка сказаў TUT.BY, раней вырак быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе, але быў пакінуты бязь зьменаў.
Пакуль невядома, якім чынам ён выйшаў на волю. Засьпець Аляксандра Рымашэўскага на месцы не ўдалося. Як паведамілі Свабодзе ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС і ў Вярхоўным судзе, інфармацыю пра вызваленьне Рымашэўскага прадставяць толькі пасьля разгляду пісьмовага звароту.
«Я ня маю права бяз згоды гэтага чалавека прадстаўляць інфармацыю пра ягонае прыватнае жыцьцё», — адказала Свабодзе Юлія Ляскова, прэс-сакратар Вярхоўнага суду.
У той жа час улады і суд не лічылі паведамленьні пра затрыманьне Рымашэўскага і суд над ім інфармацыяй пра ягонае прыватнае жыцьцё.
У кожным разе можна меркаваць, што ён быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам, пра што пісаў TUT. BY са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Калі Лукашэнка памілуе чыноўніка, зь яго здымаюць усе абвінавачаньні і абмежаваньні
Пра падрабязнасьці «штрафбату для карупцыянэраў» Свабодзе распавядаў Віктар Хадасевіч — былы дырэктар Аршанскага мясакамбінату. У 2015 годзе яго асудзілі на два гады калёніі за тое, што ён быццам бы даў загад вывезьці са свайго камбінату каўбасы на 175 даляраў. Ужо седзячы за кратамі, ён напісаў ліст з прашэньнем аб памілаваньні і адправіў яго ў адміністрацыю прэзыдэнта.
Менш чым праз год Аляксандар Лукашэнка памілаваў Хадасевіча. Зь яго зьнялі ўсе абвінавачаньні і забарону займаць кіраўнічыя пасады. Былога дырэктара мясакамбінату адправілі на край Беларусі — у вёску Ліпаўку Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці. Зь ім заключылі кантракт на 1 год працы. Роўна праз год ён зьехаў з калгасу, цяпер працуе ў прыватнай фірме ў Бабруйску.
«Мне прапанавалі адпрацаваць у тым рэгіёне краіны, у той сфэры, дзе загадае Радзіма. Гэта было адной з умоваў памілаваньня, — казаў Хадасевіч. — У мяне не было ніякіх абмежаваньняў. Я меў і маю права выяжджаць за межы Беларусі, куды заўгодна. Памілаваньне зьняло зь мяне дадатковае пакараньне, якое тычылася забароны займаць кіраўнічыя пасады».
Практыка памілаваньня чыноўнікаў, асуджаных за карупцыю, у Беларусі даўняя. Толькі ў 2016 годзе было вядома пра сямёх памілаваных. Былы намесьнік генэральнага пракурора Аляксандар Архіпаў узначальваў гаспадарку «Пятровічы» ў Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці. Былы старшыня Чашніцкага выканкаму Ўладзімер Булай — ААТ «Клянковічы» ў Крупскім раёне Менскай вобласьці. Былы гендырэктар «Магілёўдрэва» Аляксандар Вусаў працаваў на прадпрыемстве «Строммашына» ў Магілёве. Генэральны дырэктар холдынгу «Магілёўбуд» Яўген Зюзін працаваў у былым калгасе імя Дзяржынскага, які цяпер называецца ААТ «Міхалёўская Ніва». Намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Волкаў — у нафтаперапрацоўчай кампаніі «Інтэрсэрвіс».