Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў у Telegram пра арышт старшыні Браслаўскага райвыканкаму Ўладзімера Дранеўскага. Затрыманая таксама ягоная жонка, начальніца аддзелу эканомікі выканкаму.
Уладзімер Дранеўскі і ягоная жонка затрыманыя ў справах паводле ч. 3 арт. 430 КК — за хабар у асабліва буйным памеры «за вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у іх кампэтэнцыю». Дзеяньні Дранеўскага таксама кваліфікавалі паводле ч. 3 арт. 426 — перавышэньне службовых паўнамоцтваў, дзеяньні жонкі — як дапамаганьне, паводле арт. 16 КК.
Днём раней чуткі пра затрыманьне Дранеўскага, ягонай жонкі і яшчэ шэрагу работнікаў выканкаму зьявіліся ў сацсетках. Пра затрыманьне кагосьці, акрамя Дранеўскага і ягонай жонкі, СК не паведамляе. Калі адбылося затрыманьне, не ўдакладняецца.
Паводле неафіцыйных зьвестак, затрыманьне адбылося яшчэ 27 чэрвеня, і падобна, што яно пэўны час было таямніцай нават для дзяржаўных СМІ: апошняе інтэрвію з Дранеўскім пра пэрспэктывы разьвіцьця рэгіёну выйшла на АНТ 29 чэрвеня — ужо пасьля затрыманьня. На афіцыйным сайце Браслаўскага райвыканкаму дагэтуль няма зьвестак пра затрыманьне кіраўніка раёну, няма такой навіны і на сайце мясцовай дзяржаўнай газэтые «Браслаўская звязда».
«Умоўна» асуджаныя. Рымашэўскі і яшчэ 5 скарумпаваных чыноўнікаў, памілаваных Лукашэнкам
Кіраўніком Браслаўскага раёну Ўладзімер Дранеўскі быў прызначаны тры з паловай гады таму, у Браслаў быў пераведзены з Чашнікаў. Дранеўскі — ураджэнец гэтага райцэнтру, у розны час працаваў участковым мэханікам мясцовага будаўніча-эксплюатацыйнага прадпрыемства мэліяратыўных і водагаспадарчых сыстэмаў, майстрам філіі «Лукомльрайгаз», начальнікам станцыі дыягностыкі ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №9», дырэктарам ЖКГ у Чашніках. У 2011 годзе быў названы «Чалавекам году Віцебшчыны».
Пра вынікі першага году працы на пасадзе старшыні Браслаўскага райвыканкаму Уладзімер Дранеўскі здолеў распавесьці, не назваўшы ніводнай лічбы і ніводнага канкрэтнага факту. Жыхарам Браслава кіраўніцтва Дрынеўскага найперш прыгадваецца арганізацыяй надзвычай вялікай колькасьці «суботнікаў», сродкі ад якіх мусяць ісьці на добраўпарадкаваньне Браслава і Браслаўскага раёну.