Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МГИМО заблякаваў скандальную манаграфію, дзе Лукашэнку абвінавацілі ў насаджэньні літвінскага нацыяналізму


Скандальная публікацыя Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў МЗС Расіі зьнятая з сайту Цэнтру. Як даведалася Свабода, прычынай блякаваньня стала частка публікацыі, прысьвечаная Беларусі.

Размова ідзе пра манаграфію «Сьвет у ХХІ стагодзьдзі: прагноз разьвіцьця міжнароднага становішча па краінах і рэгіёнах». Беларусі ў манаграфіі былі прысьвечаныя літаральна пару старонак з 768-мі. Але менавіта яны выклікалі скандал. У фрагмэнце, прысьвечаным Беларусі, быў выкладзены сцэнар анэксіі суседняй з Расеяй краіны.

Вось толькі некаторыя цытаты з публікацыі, доступ да якой заблякаваны:

«Імкнучыся захаваць неабмежаваную ўладу, прэзыдэнт Лукашэнка будзе тармазіць аб’ектыўныя працэсы інтэграцыі з Расеяй...ён працягне насаджаць у краіне літвінскі нацыяналізм як процівагу агульнарускаму адзінству... паступова ў Беларусі будзе фармавацца падпольная сетка баявікоў-нацыяналістаў, гатовых выступіць са зброяй у руках супраць уладаў».

У публікацыі гаворыцца, што момант перадачы ўлады ў Беларусі, які, хутчэй за ўсё, наступіць да 2025 году, на думку аўтараў, не выключана, што Аляксандар Лукашэнка будзе скінуты ў выніку масавых акцый пратэсту.

«Вынікам гэтых масавых акцый пратэсту можа стаць спроба сілавога захопу ўлады празаходнімі коламі. Расея павінна быць гатовая да такога разьвіцьця падзеяў і мець адпаведны плян дзеяньняў па прыкладзе таго, што было зроблена ў Крыме ў 2014 годзе » — рэкамэндуюць аўтары дасьледаваньня.

У выпадку ж калі Масква забясьпечыць перадачу ўлады ў Беларусі прарасейскаму кандыдату (што пажадана зрабіць як мага раней), да 2050 году «інтэграцыйныя працэсы зойдуць настолькі далёка, што паўстане пытаньне аб далучэньні Беларусі да Расеі» — прагназуюць аўтары.

Як паведамілі Свабодзе на ўмовах канфідэнцыйнасьці крыніцы ў Маскве, кніга зьнятая з сайту Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў МГИМО менавіта з-за гэтых двух старонак пра Беларусь, іх аўтар не зьяўляецца сталым супрацоўнікам МГИМО і супрацоўніцтва Інстытуту зь ім будзе спыненае. У сваю чаргу кіраўніцтва МГИМО, у сувязі са скандалам, паведаміла беларускім уладам, што пункт гледжаньня Інстытуту — абсалютна адрозны ад пазыцыі аўтара публікацыі.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Цэнтар вайскова-палітычных дасьледаваньняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў. На дадзены момант адказу пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG