Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінт вушамі. Як у Міністэрстве аховы здароўя зьбіраюцца перамагчы карупцыю


Для барацьбы з карупцыяй патрэбен кантроль грамадзтва, а не стварэньне новых бюракратычных структур.

11 верасьня Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб праблемных пытаньнях у сыстэме аховы здароўя чарговым разам узгадаў тэму карупцыі ў ведамстве. «Карупцыя здараецца ўсюды, але ў ахове здароўя праблема стала ня кропкавай, а скразной, сыстэмнай. Яна закранула не асобных службовых асоб, а закранула практычна ўсю вэртыкаль», — сказаў кіраўнік дзяржавы. І запытаў міністра аховы здароўя Валерыя Малашко: «Вы мне так вось шчыра скажыце — вы здольны кіраваць міністэрствам?»

Але, гледзячы па ўсім, пасьля скандальных затрыманьняў у чэрвені, у сыстэме аховы здароўя мала што памянялася. Пра гэта сьведчыць скандальная гісторыя з закупам не зарэгістраванай у Беларусі карэйскай вакцыны «Эўпэнта». Пасьля яе прымяненьня памерлі двое дзяцей. Два аўкцыёны дзеля закупу вакцыны чамусьці не адбыліся, у выніку міністэрства купіла прэпарат, прычым не зарэгістраваны ў Беларусі, бяз конкурсу ў адной карэйскай фірмы.

Адразу ж пасьля нарады міністар Малашко, камэнтуючы дзяржаўным тэлеканалам захады, якія зьбіраецца рабіць дзеля барацьбы з карупцыяй, заявіў:

«Сёньня мы павінны ўводзіць сыстэму і ўнутранай бясьпекі. Гэта ня столькі міліцэйскія функцыі, так скажам, колькі ў першую чаргу дасьведчаныя эканамісты, якія будуць кантраляваць сярэдняўзважаныя цэны на тую тэхніку, якая набываецца, лекавыя прэпараты, кантраляваць парадак правядзеньня тых ці іншых працэдур».

Гэта проста клясыка бюракратычнага фінту вушамі. Што трэба рабіць, калі ўзьнікла нейкая праблема? Адказ бюракрата, як правіла, заўсёды аднолькавы: трэба стварыць камісію. У дадзеным выпадку плянуецца арганізаваць у ведамстве новую структуру, якая павінна змагацца з карупцыяй. А калі яна ня ўправіцца з гэтай задачай — то стварыць новую структуру, якая будзе сачыць за першай? Гэта на дадатак да КДБ і іншых шматлікіх праваахоўных і кантрольных органаў. У рамках існай сыстэмы чыноўнік па-іншаму мысьліць проста ня можа.

Між тым мэтады барацьбы з карупцыяй у сьвеце добра вядомыя. Зьвярнуў бы ўвагу толькі на такія рэчы, як празрыстасьць, галоснасьць у дзейнасьці дзяржаўных органаў, а таксама кантроль з боку грамадзтва з дапамогай незалежных мэдыяў.

Але вось якраз гэта для беларускіх ведамстваў, у прыватнасьці для Міністэрства аховы здароўя, абсалютна непрымальна. Узгадайма тую ж гісторыю з карэйскай вакцынай. Як толькі часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне аб прычынах сьмерці дзіцяці ў Ганцавіцкім раёне пасьля прышчэпкі, то Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру з патрабаваньнем пакараць журналістаў. Маўляў, «фармат падачы і грубае выкладаньне фактаў у артыкулах, апублікаваных на адным з інтэрнэт-рэсурсаў і перадрукаваных іншымі СМІ, могуць нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь у сфэры аховы здароўя». То бок ня дзеяньні сыстэмы аховы здароўя, у выніку якіх паміраюць дзеці, наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы краіны, а тое, што пра гэта пішуць СМІ! Фэнамэнальная лёгіка.

Праз два дні пасьля публікацыяў пра гэты скандал з карэйскай вакцынай высокія чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя запрасілі журналістаў, каб выказаць сваю пазыцыю. На брыфінг сабралася вялікая колькасьць журналістаў, яны мелі шмат пытаньняў. Аднак чыноўнікі міністэрства зачыталі па чарзе свае заявы і ўцяклі, адмовіўшыся адказваць на пытаньні прадстаўнікоў мэдыяў. Мусіць, ёсьць што хаваць?

Вось якраз непадкантрольнасьць грамадзтву, адсутнасьць зваротнай сувязі з насельніцтвам, закрытасьць і непразрыстасьць, незразумелая сакрэтнасьць і ствараюць глебу для карупцыі. І ніякая новая бюракратычная структура ў рамках ведамства па барацьбе з карупцыяй праблему ня вырашыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG