Рэклямная агенцыя «МК Реклама» адмовілася разьмяшчаць лайтпостэры крамы symbal.by зь вершамі Ўладзімера Някляева. Аўтарства паэта на плякатах пазначана не было. 4 верасьня агенцыя «па званку» зьняла рэкляму з выявамі Ўладзімера Някляева і Юрыя Жыгамонта.
Што адбылося?
Пасьля таго як лайтпостэры Symbal.by зь Юрыем Жыгамонтам і Ўладзімерам Някляевым правіселі ў Менску «некалькі гадзін», крама зрабіла плякаты зь вершамі Някляева. Аўтарства паэта не падпісалі. У рэклямнай кампаніі выкарыстоўваць новыя плякаты на лайтпостэрах адмовіліся, сказаў Свабодзе дырэктар Symbal.by Павал Белавус.
Белавус кажа, што каб паказаць абсурднасьць сытуацыі, Symbal.by запусьціў флэшмоб #добрыясловы. Карыстальнікаў сацсетак заклікаюць дзяліцца беларускамоўнымі пажаданьнямі адзін аднаму.
Рэклямны шчыт належыць Белтэлекаму?
Дырэктарка «МК Реклама» Марыя Кавалеўская ад камэнтароў адмовілася.
Паводле Белавуса, рэклямная агенцыя арандуе месцы для лайтбоксаў у іншай кампаніі, якую не называюць. Рэклямныя шчыты мацуюцца за тэлефоннымі будкамі, таму Белавус мяркуе, што шчыты належаць Белтэлекаму.
Белтэлекам сапраўды прапануе паслугі разьмяшчэньня вонкавай рэклямы. У рэклямным аддзеле Белтэлекаму Свабодзе сказалі, што ім належаць толькі таксафонныя будкі, а рэклямныя шчыты — іншым кампаніям.
«Гэтым займаюцца рэклямныя агенцыі, на жаль, не падкажу якія», — сказала прадстаўніца Белтэлекаму.
Symbal.by шукае новае месца для банэраў
У партэрстве з «МК Реклама» крама Symbal.by разьмяшчае чатыры лайтпостэры і банэр на станцыі мэтро «Кастрычніцкая».
«Атрымліваецца, што рэклямная агенцыя ня хоча браць на сябе адказнасьць, каб не сапсаваць адносіны са сваім сталым партнэрам. І ім прасьцей адмовіць нам, чым страціць гэтыя месцы для іншых рэклямадаўцаў», — напісаў у фэйсбуку Белавус.
На арэнду 4 шчытоў для лайтпостэраў крама штомесяц выдаткоўвала 1500 рублёў.
Цяпер Symbal.by шукае кампаніі, якія займаюцца вонкавай рэклямай, каб разьмясьціць на білбордах гатовыя плякаты з Уладзімерам Някляевым, Меліцінай Станютай, Юрыем Жыгамонтам і Лявонам Вольскім.
На момант публікацыі Symbal.by прапанавалі разьмясьціць банэры на сайтах «Эўрарадыё», Myfin.by і Domovita.by.
Паводле дэкрэту № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» суб’екты гаспадараньня вызваленыя ад узгадненьня вонкавай рэклямы і рэклямы на транспарце. Да лютага 2018 году такую рэкляму трэба было ўзгадняць у Камітэтах архітэктуры і горадабудаўніцтва рай- і гарвыканкамаў.