Усяго некалькі гадзін правіселі ў цэнтры Менску ў раёне плошчы Перамогі выявы паэта Ўладзімера Някляева і актора Юрыя Жыгамонта, якія рэклямавалі краму Symbal.by. Свабода разьбіралася, хто і на якой падставе забараніў выявы вядомых людзей.
«Мы нікому нічога не забаранялі і ня можам забараняць, бо ня маем такіх паўнамоцтваў. Зь лютага ўзгадненьне вулічнай рэклямы ў нашай краіне адмененае», — гэтак сказалі ў аддзеле кантролю за рэклямай управы гандлю Менгарвыканкаму, куды карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да сытуацыі з двума лайтпостэрамі.
Да таго ў прэсавай службе Менгарвыканкаму адмовіліся камэнтаваць сытуацыю.
Свабода спрабавала высьветліць — хто ж загадаў прыбраць лайтпостэры з паэтам Уладзімерам Някляевым і журналістам Юрыем Жыгамонтам?
Лайтпостэры (гэтак дакладна завуцца невялікія рэклямныя шчыты на вуліцах) з выявамі беларускага паэта і палітыка Ўладзімера Някляева і журналіста, аўтара тэлеперадачы «Падарожжа дылетанта» Юрыя Жыгамонта зьявіліся 4 верасьня на праспэкце Незалежнасьці непадалёк ад плошчы Перамогі, але празь некалькі гадзін іх прыбралі.
«Вярнулі назад ранейшыя нашыя банэры, якія там былі. Нас не папярэдзілі. Пазваніў у рэклямную кампанію, зь якой у нас дамова — кажуць, што зьвярнуліся з высокіх органаў і загадалі зьняць.
Ня ведаем, ці зьявяцца заўтра іншыя банэры — зь Лявонам Вольскім і Меліцінай Станютай. Сытуацыя, канечне, непрыемная, будзем чакаць падрабязнасьцяў», — напісаў Павал Белавус у Фэйсбуку 4 верасьня.
Што зьмянілася празь дзень?
Сёньня ў першай палове дня Павал Белавус паведаміў карэспандэнту Свабоды, што сытуацыя не зьмянілася і лайтпостэры зь Лявонам Вольскім і Меліцінай Станютай ужо ня зьявяцца. Так і сталася. Ці варта чакаць лайтпостэраў пазьней і што дзеля гэтага трэба?
«Толькі што размаўляў з кіраўніцай рэклямнай кампаніі „МК“, якой мы замовілі гэтую прадукцыю. Яна мне не называе, хто менавіта ім загадаў зьняць, але прызнае, што па званку яны гэта зрабілі. Што „сур’ёзныя людзі“ былі. Я спытаў: што нам цяпер рабіць, каб рэкляма зьявілася? Яна кажа, што пакуль ніводнага з гэтых чатырох білбордаў не павесяць і што нам прыйдзецца ўзгадніць гэтыя макеты ў нейкім аддзеле архітэктуры».
Аднак празь яшчэ некалькі гадзін Павал Белавус паведаміў, што адрас узгадненьня — Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму.
«У рэклямным агенцтве нам сказалі занесьці макеты ў Камітэт архітэктуры на ўзгадненьне. Там па серадах засядае працоўная група па ўзгадненьні эскізаў рэклямы, вось туды і трэба зьвяртацца».
У прыёмнай Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму гэтыя зьвесткі пацьвердзілі. «Так, па серадах засядае працоўная група. З эскізамі — туды. Але сёньня ўжо позна. Праз тыдзень — калі ласка».
Чаго спужаліся рэклямшчыкі?
Дазваніцца да кіраўніцы рэклямнай кампаніі «МК» Марыі Кавалеўскай, якая размаўляла з Паўлам Белавусам, не ўдалося — яе мабільны тэлефон цягам некалькіх званкоў быў адключаны.
Супрацоўніца кампаніі Ала Лісавік на пытаньне карэспандэнта Свабоды, зь якой прычыны яны прыбралі лайтпостэры зь Някляевым і Жыгамонтам, адказала: «Нічога ніхто не забараняў. Там канфлікту насамрэч ніякага няма. Усё дазволена і ўсё дакладна».
Паводле яе, іншыя рэклямныя шчыты, якія кампанія Symbal.by замаўляла раней, стаяць на сваіх месцах.
«Разумею іх, яны непакояцца за свой бізнэс, вось і пасылаюць па зачараваным коле. Колькі яшчэ хадзіць, невядома», — пракамэнтаваў Павал Белавус дзеяньні рэклямнай кампаніі, зь якой супрацоўнічае Symbal.by.
Абураюць Паўла Белавуса і паводзіны чыноўнікаў, якія дыктуюць бізнэсоўцам, што рабіць.
«Не разумею, чаму мы мусім нешта ўзгадняць, калі дзейнічае дэкрэт, паводле якога ніякага ўзгадненьня на рэкляму ня трэба? Але прыйдзецца ісьці, хаця б дзеля таго, каб атрымаць пісьмовы адказ і разабрацца, чым жа іх так спужаў Някляеў з усьмешкай».
«Уся гэтая гісторыя — проста яскравы прыклад цэнзуры і абсурднасьці, у якой мы жывем», — таксама напісаў Павал Белавус у сваім Фэйсбуку і дадаў да посту цытату з Дэкрэту прэзыдэнта ад 23 лістапада 2017 г. № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», згодна зь якой рэклямным агенцтвам узгадняць нічога ня трэба:
«4.6 Суб’екты гаспадараньня пры ажыццяўленьні эканамічнай дзейнасьці ў сфэры рэклямнай дзейнасьці разьмяшчаюць вонкавую рэкляму і рэкляму на транспарце без узгадненьня яе зьместу зь мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, а таксама іншымі дзяржаўнымі органамі».
Юры Жыгамонт: «Іншая рэкляма стаіць, а беларускую прыбіраюць»
Актор Юрый Жыгамонт мяркуе, што загад зьняць лайтпостэры з фатаздымкамі яго і Някляева аддаў нейкі чыноўнік са сваёй уласнай ініцыятывы, але гэтая ініцыятыва адлюстроўвае сытуацыю ў краіне.
«Памятаю выпадак, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы ў кіёску ўбачыў магніцікі з Пагоняй, вырашыў на наступны дзень набыць, а ўжо кажуць, што няма. Нібыта была афіцыйная дэлегацыя, і адна асоба падышла ды загадала прыбраць. І прыбралі. Вось так і тут».
Юры Жыгамонт сказаў, што асабіста ён не шкадуе пра лёс лайтпостэра зь ягоным фатаздымкам, але за краіну — сорамна.
«Шкадую, што ў нас такое адбываецца, што такія ўчынкі ў нас магчымыя. Шкадую, што не адкрываюць беларускіх школ, што рэкляма беларускіх крамаў зьнішчаецца. Нейкая іншая стаіць, а гэтая прыбіраецца — вось гэта мяне хвалюе».