Расея спрабавала перахапіць зашыфраваныя дадзеныя з вайсковага спадарожніка, які выкарыстоўвалі арміі Францыі і Італіі для бясьпечнай сувязі, заявіла міністар абароны Францыі Фляранс Парлі.
Паводле дадзеных міністра, інцыдэнт адбыўся ў 2017 годзе. Тады на вышыні 36 тысяч кілямэтраў расейскі спадарожнік радыёэлектроннай сувязі «Прамень-Алімп» падышоў да спадарожніка Athena-Fidus занадта блізка, паведаміла кіраўнік абарончага ведамства Францыі.
Паводле словаў Фляранс Парлі, «спроба падслухаць суседзяў ня толькі недружалюбная, але і зьяўляецца актам шпіянажу».
Француска-італьянскі тэлекамунікацыйны спадарожнік Athena-Fidus запусьцілі ў сакавіку 2014 году для бясьпечнай сувязі францускіх і італьянскіх узброеных сіл і службаў экстранай дапамогі.
Дзеяньні расейскага спадарожніка «Прамень» абмяркоўваліся на сакрэтных нарадах прадстаўнікоў арганізацыі спадарожнікавай сувязі Intelsat і Пэнтагону, паведамляла ў 2015 годзе выданьне SpaceNews.
Апараты такога тыпу здольныя манэўраваць на арбіце, каб збліжацца зь іншымі спадарожнікамі і атрымліваць інфармацыю пра іх. Пра гэта казала памочнік дзяржсакратара ЗША па кантролі над узбраеньнямі Ілэм Поблэт.