Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр сьпявак і палітык Ёсіф Кабзон 


Ёсіф Кабзон
Ёсіф Кабзон

Як паведамляюць расейскія мэдыя, пасьля анкалягічнай хваробы ў 80-гадовым узросьце памёр сьпявак, грамадзкі і палітычны дзяяч Ёсіф Кабзон.

Кабзон вядомы як выканаўца патрыятычных савецкіх і расейскіх песень, зь якімі ён быў частым госьцем Менску, віцебскага «Славянскага базару», магілёўскага «Залатога шлягеру».

Апошнія гады ён быў неўязным ў ЗША праз падозраньні ў сувязі з расейскай мафіяй, а таксама ва Ўкраіну — за тое, што падтрымліваў расейскую анэксію Крыму і разьвязаньне Крамлём вайны на Данбасе.

Унукі — «напалову беларусы»

Папярэдні юбілей — сваё 75-годзьдзе — народны артыст СССР адзначыў у Менску праграмай «Я люблю цябе, жыцьцё». Тады ён расказаў журналістам, што мае да Беларусі асаблівы піетэт, бо ягоныя ўнукі — напалову беларусы.

«Зяць у мяне зь Беларусі, жанаты на маёй дачцэ. Хоць яго у 6-гадовым узросьце бацькі перавезьлі ў Аўстралію, ашчасьлівілі нас чатырма ўнукамі, напалову беларусамі», — прызнаўся Кабзон.

Як і іншыя расейцы, Кабзон прызнаваўся ў любові да «найчысьцейшага ў сьвеце» Менску ды іншых гарадоў Беларусі. А таксама казаў, што амаль у кожны прыезд наведваў Усходнія могілкі, каб пакланіцца памяці Пятра Машэрава і Ўладзімера Мулявіна.

«Менск заўсёды захапляў мяне сваёй чысьцінёй, арганізаванасьцю, тым, што фасады будынкаў заўсёды ў дагледжаным выглядзе. Мне вельмі падабаюцца шырокія вуліцы, хоць архітэктура яшчэ сталінскага пэрыяду. Маладыя людзі спакойна па начах шпацыруюць, не баючыся. Маці з дзецьмі гуляюць».

Падтрымліваў расейскую акупацыю Крыму

Яшчэ за савецкім часам Ёсіф Кабзон стаў дэпутатам Вярхоўнага савету СССР, а потым працягнуў дэпутацкую кадэнцыю ў Дзяржаўнай думе Расеі.

У сакавіку 2014 году разам зь іншымі дзеячамі культуры падпісаў зварот у падтрымку палітыкі прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна адносна Крыму. Пасьля пачатку ваеннай кампаніі на Данбасе неаднаразова прыяжджаў у самаабвешчаныя Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі, публічна выказваўся ў падтрымку сэпаратыстаў.

Эўразьвяз, ЗША, Канада і Ўкраіна ўключылі Кабзона ў санкцыйныя сьпісы, забараніўшы яму ўезд у гэтыя краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG