Начальніца ўпраўленьня лекавых сродкаў Цэнтру экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя Тацяна Шамсутдзінава паведаміла Свабодзе, што вакцына «Эўпэнта» не занесеная ў Рэестар лекавых сродкаў Беларусі.
РУП «Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя» падпарадкаванае Міністэрству аховы здароўя.
Пасьля публікацыі другой часткі расьсьледаваньня інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: дзеці грашам не перашкода», у якім сьцьвярджаецца, што вакцына «Эўпэнта» ў Беларусі не была зарэгістраваная, само Міністэрства аховы здароўя надалей маўчыць.
У панядзелак кіраўніцтва і прэсавая служба міністэрства сустракалі эўракамісара, у аўторак — міністра аховы здароўя Астраханскай вобласьці Расеі.
Свабодзе ўдалося задаць пытаньне пра вакцыну начальніцы ўпраўленьня лекавых сродкаў РУП «Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя» Тацяне Шамсутдзінавай. Яна пацьвердзіла, што вакцына «Эўпэнта» ў Беларусі не зарэгістраваная.
«Гэты лек не зарэгістраваны, яго ў Рэестры лекавых сродкаў няма. На сайтах і Цэнтру экспэртызаў і выпрабаваньняў, і Міністэрства аховы здароўя ёсьць рэестар лекавых сродкаў, які працуе ў рэжыме онлайн, можна спраўдзіць. Сродак не зарэгістраваны».
На пытаньне Свабоды, а як вакцына магла закупляцца ў вялікіх аб’ёмах, калі яна не зарэгістраваная, не прайшла выпрабаваньні, Тацяна Шамсутдзінава адказала, што гэта пытаньне не да яе.
«Наконт выпрабаваньняў — гэта наагул не маё пытаньне. Гэта не адносіцца да маёй кампэтэнцыі. Усе пытаньні — да Міністэрства аховы здароўя».
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
- 13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі. Пазьней стала вядома, што ў траўні пасьля прышчэпкі «Эўпэнты» памерла чатырохмесячная дзяўчынка.
- Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
- Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
- На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Карэйскую вакцыну «Эўпэнта» Мінздароўя закупіла замест расейскай АКДС у 2017 годзе.
- Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
- З нагоды публікацыяў «Ежедневника» Мінздароўя зьвярнулася ў пракуратуру. Сьледчы камітэт тым часам правярае парадак закупкі, якасьць і сэртыфікацыю вакцыны, як таго ў пэтыцыі патрабавалі дзьве тысячы беларусаў.
- 10% лекавых сродкаў трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
- Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях. 29 жніўня Мінздароўя патлумачыла выкарыстаньне вакцыны «надзвычайнай сытуацыяй».
- Пасьля трагедыі ў Ганцавіцкім раёне і скандал з вакцынай сям’я зь Менску расказала пра сьмерць дачкі, якой таксама ўвялі карэйскую вакцыну «Эўпэнта».
- Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў», у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.