Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: забойствы мусульман-рагінг’я ў М'янме «па прыродзе падобныя на генацыд»


Экспэрты ААН рэкамэндуюць перасьледаваць вайскоўваў Мʼянмы ў Міжнародным крымінальным судзе або аддаць іх пад трыбунал, забараніць пастаўкі ў Мʼянму зброі і накласьці санкцыі на кіраўнікоў гэтай краіны.

Расьсьледавальная група экспэртаў ААН, якая займаецца вывучэньнем канфлікту ў Мʼянме восеньню 2017 году, заявіла, што ў ваеннага камандаваньня Мʼянмы былі намеры зладзіць «генацыд» мусульман-рагінг’я. Групу ААН узначальваў прадстаўнік Інданэзіі Марзукі Дарусман.

Пачынаючы з канца жніўня 2017 году на захадзе Мʼянмы паліцыя і армія ў рамках ваеннай «акцыі помсты» за напады на паліцэйскіх забілі некалькі сотняў прадстаўнікоў этнічнай меншасьці рагінг’я, якія ў асноўным вызнаюць іслам. Каля 700 тысяч рагінг’я за гэты ж час уцяклі ў суседні мусульманскі Банглядэш або на незаселеныя выспы ў Бэнгальскім заліве. Яны да гэтага часу жывуць у лягерах уцекачоў у антысанітарных умовах.

Улады Мʼянмы таксама арыштавалі па падазрэньні ў «тэрарызме» сотні прадстаўнікоў рагінг’я. Тыя, хто ўцяклі, распавядалі пра тысячы забітых аднавяскоўцаў, зьнішчэньні і падпалах іх вёсак, зьверствы, катаваньні і групавыя згвалтаваньні, якія салдаты і паліцэйскія масава зьдзяйсьнялі ў іх родных краях.

У красавіку 2018 году сямёра вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў перасьледзе рагінг’я, атрымалі па 10 гадоў турмы, але працэс не закрануў нікога з ваеннага кіраўніцтва. У сувязі з гэтым экспэрты ААН лічаць, што галоўнакамандуючы арміі Мʼянмы Мін Аунг Хлаін (Min Aung Hlaing) і яшчэ чацьвёра высокапастаўленых генэралаў павінны пайсьці пад суд за перасьлед рагінг’я, і абвінавачваньні павінны ім быць выстаўленыя па самым цяжкім артыкулах, у тым ліку ў генацыдзе. Перасьледаваць высокапастаўленых вайскоўцаў прапануецца ў Міжнародным крымінальным судзе (International Criminal Court, ICC) або ў спэцыяльна створаным для гэтага трыбунале, прапануюць аўтары справаздачы.

Справаздача ААН па сутнасьці пацьвярджае апавяданьні ўцекачоў-рагінг’я і ўскладае віну ў канфлікце менавіта на ўлады Мʼянмы. У прыватнасьці спальваньне вёсак рагінг’я ў справаздачы названа «ваеннымі дзеяньнямі, вельмі непрапарцыйнымі фактычным пагрозам бясьпекі».

ААН вызначае генацыд як акт зьнішчэньня прадстаўнікоў пэўнай нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы. Такое вызначэньне рэдка сустракаецца ў дакумэнтах у рамках міжнароднага права. Апошнія разы яно было выкарыстана пры апісаньні канфліктаў у Босьніі і для вызначэньня сытуацыі з «Ісламскай дзяржавай».

«Злачынствы ў штаце Ракхайн маюць падобную з генацыдам прыроду і сфэру прымяненьня», – сказана ў справаздачы ААН.

Таксама сьледчыя адзначаюць, што грамадзянскі ўрад Мʼянмы, які зь вясны 2016 году ўзначальвае ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы, заахвочваў заявы, якія распальваюць нянавісьць да рагінг’я, зьнішчаў дакумэнты, зьвязаныя з канфліктам, а таксама не абараняў рагінг’я ад ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці. А сама Аун Сан Су «не выкарыстоўвала сваё становішча кіраўніцы ўраду і свой маральны аўтарытэт» для таго, каб прадухіліць перасьлед рагінг’я або абараніць грамадзянскае насельніцтва, лічаць экспэрты ААН.

Урад Мʼянмы, які атрымаў копію 20-старонкавай справаздачы ААН да яго публікацыі, ніяк яго не пракамэнтаваў.

Акрамя крымінальнага перасьледу ваенных Мʼянмы экспэрты ААН рэкамэндуюць Радзе бясьпекі ААН накласьці санкцыі на ўлады Мʼянмы, уключаючы забарону на ўезд кіраўнікоў гэтай краіны ў іншыя краіны і замарожваньне іх актываў за мяжой. Таксама прапануецца накласьці забарону на пастаўкі ў Мʼянму зброі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG