Лінкі ўнівэрсальнага доступу

BBC: Ад авіяўдараў РФ у Сырыі за тры гады загінулі 8 тысячаў цывільных жыхароў


Плякаты з партрэтамі Ўладзіміра Пуціна і Башара Асада ў сырыйскім горадзе Растан, жнівень 2018
Плякаты з партрэтамі Ўладзіміра Пуціна і Башара Асада ў сырыйскім горадзе Растан, жнівень 2018

Ахвярамі расейскіх авіяўдараў ў Сырыі за тры гады сталі як найлепей 8 тысяч чалавек і прынамсі 10 тысяч чальцоў узброеных груповак. Пра гэта заявіў Сырыйскі цэнтар маніторынгу за выкананьнем правоў чалавека, на які спасылаецца BBC.

Брытанская тэлерадыёкампанія зьвярнула ўвагу, што міністэрства абароны Расеі напярэдадні прадставіла зводную інфармацыю аб маштабнай актыўнасьці Масквы ў Сырыі, аднак нічога не паведаміла пра загіблых расейскіх вайскоўцах і мясцовых жыхарах. На афіцыйным канале ведамства ў YouTube сказана, што з верасьня 2015 году праз сырыйскі канфлікт прайшлі больш за 63 тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Між тым, паводле афіцыйных дадзеных мінабароны Расіі, за час апэрацыі ў Сырыі загінулі больш за 80 расейскіх вайскоўцаў. У ходзе гэтага канфлікту Масква страціла не менш як 7 самалётаў і 6 верталётаў.

Кааліцыя пад кіраўніцтвам ЗША, якая ваюе супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», заявіла, што са жніўня 2014 году правяла каля 30 тысяч паветраных удараў па тэрыторыях Сырыі і суседняга Іраку. Яна прызнала, што, па яе падліках, выпадковымі ахвярамі гэтай місіі сталі больш за тысячу цывільных грамадзян. Незалежныя праваабаронцы лічаць, што гэтая лічба заніжаная як мінімум у 6 разоў.

Расея сьцьвярджае, што перакінула ў Сырыю войскі па запрашэньні прэзыдэнта Башара Асада. З пачатку ваеннай апэрацыі Масква афіцыйна заяўляла, што яе задача — барацьба з «Ісламскай дзяржавай».

Разьведкі заходніх краін, аднак, неаднаразова заяўлялі, што рэальная мэта Расеі — вайна супраць узброенай апазыцыі і выратаваньне ўраду Асада ад краху.

Прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і іншых краін выказвалі падазрэньні, што Масква грэбуе ў Сырыі жыцьцямі цывільнага насельніцтва і нават, верагодна, учыняе ваенныя злачынствы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG