Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль і Сырыя «абмяняліся» ракетнымі ўдарамі, падазраюць удзел Ірану


Паводле сырыйскіх урадавых СМІ, на фота — ізраільская ракета
Паводле сырыйскіх урадавых СМІ, на фота — ізраільская ракета

Незвычайная вайсковая актыўнасьць пачалася пасьля таго, як ЗША разарвалі «ядзернае пагадненьне» з Іранам.

У ноч на 9 траўня сырыйскія дзяржаўныя СМІ паведамлялі аб ракетным удары па вайсковай базе ўрадавых сілаў на поўдзень ад Дамаску, гэта пацьвярджалі незалежныя крыніцы. Ва ўдары вінавацілі сілы Ізраілю, яго прадстаўнікі адмовіліся ад камэнтароў.

Сырыйскі ўрад сьцьвярджаў, што ракеты былі зьбітыя і што абышлося без ахвяраў (пазьней зьявіліся паведамленьні аб двух забітых цывільных). Але незалежныя назіральнікі заяўлялі, што ў выніку ўдару была зьнішчаная іранская вайсковая тэхніка і забіта некалькі чалавек (да 15, паводле некаторых крыніцаў) — ці то іранскіх вайскоўцаў, ці то байцоў праіранскіх фармаваньняў.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў пасьля сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, што Расея наўрад ці будзе абмяжоўваць ізраільскія апэрацыі ў Сырыі. Ён дадаў, што неабходна каардынаваць дзеяньні расейскіх і ізраільскіх вайскоўцаў, каб пазьбегнуць выпадковых сутыкненьняў.

Ужо ў ноч на 10 траўня нехта нанёс ракетны ўдар па вайсковых базах Ізраілю на Галянскіх вышынях. Ізраіль абвінаваціў ва ўдары іранскія сілы ў Сырыі. Зьвестак аб разбурэньнях ці ахвярах пакуль няма, Ізраіль заяўляе аб 20 зьбітых ракетах з установак «Град». Прадстаўнік ізраільскага войска заявіў, што на ўдар нейкім чынам адказалі, але не раскрыў падрабязнасьцей. Паводле зьвестак сырыйскай апазыцыі, ізраільскія бамбавальнікі атакавалі горад Эль-Баас, кантраляваны сіламі ўраду. Сырыйскія дзяржазўныя СМІ паведамілі, што празь некалькі гадзінаў Ізраіль нанёс ракетныя ўдары па сырыйскіх сыстэмах проціпаветранай абароны ў раёне Дамаска.

Галянскія вышыні, што некалі належалі Сырыі, былі захопленыя Ізраілем у Шасьцідзённай вайне 1967 году, пазьней абвясьцілі тэрыторыю часткай Ізраілю. Рада Бясьпекі ААН у 1981 годзе прызнала гэта анэксіяй, Сырыя працягвае лічыць землі сваёй тэрыторыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG