Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пару з Мазыра асудзілі на «хатнюю хімію» за «напад на міліцыянта». Пракуратура пераканала сьледчых угледзець злачынства


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Набыў сілу прысуд двум жыхарам Мазыра, якіх прызналі вінаватымі ў гвалце над міліцыянтам. Паводле арт. 364 КК Беларусі мужчына С. і жанчына К. атрымалі адпаведна 3 і 4 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, піша Генэральная пракуратура.

Як сьцьвярджае пракуратура, участковы інспэктар прыбыў да месца жыхарства К., у якой мусіў узяць абавязаньне аб яўцы на суд для паказаньняў. Дзьверы яму адчыніў нецьвярозы С., які адмовіўся запрасіць К. Міліцыянт пабачыў у памяшканьні жанчыну, якую шукаў, паўторна запатрабаваў пусьціць яго, але С. «нанёс яму некалькі ўдараў». Жанчына «таксама ўдарыла яго, пагражала фізычнай расправай, замахвалася на яго нажом».

Але «ў сілу розных падыходаў» сьледчы, які вёў справу, неаднаразова прымаў рашэньні спыніць яе праз адсутнасьць складу злачынства. Органы пракуратуры і начальнікі сьледчых падразьдзяленьняў скасоўвалі пастановы сьледчага, затым справу забрала пракуратура Мазырскага раёну.

За «добрасумленнае і адказнае стаўленьне да даручанай справы» пракурор Гомельскай вобласьці ўзнагародзіў (як — не паведамляецца) пракурора Гомельскай вобласьці Сяргея Сініцкага і ягоную старшую памочніцу Вікторыю Новік.

Нядаўна за «напад на міліцыянта» (без нажа) на 4 гады абмежаваньня волі, толькі ня дома, а з накіраваньнем у папраўчую ўстанову, быў асуджаны журналіст Дзьмітры Галко. Ён падаў апэляцыйную скаргу на прысуд, але калі будзе разгляд скаргі, яшчэ невядома.

Сам Галко назваў прысуд палітычна матываваным, не прызнаў віны і заявіў, што ня біў міліцыянта, а толькі спрабаваў вывесьці яго з кватэры, у якую міліцыянт трапіў незаконна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG