Свабода даведалася першыя падрабязнасьці пра Сяргея Д. зь вёскі Бабровічы Івацэвіцкага раёну на Берасьцейшчыне. Сёньня ён застрэліў аднаго міліцыянта, а другога параніў у жывот. Міліцыянты прыйшлі да яго спраўдзіць, як захоўваецца паляўнічая зброя.
Сяргею Д. 57 год. Родам ён зь вёскі Бабровічы. Доўгі час тут ня жыў, бо меў бізнэс у іншых месцах. Пару год таму вярнуўся ў Бабровічы, але нідзе не працаваў.
Як распавялі Свабодзе аднавяскоўцы, Сяргей мае вышэйшую адукацыю. Не ўжывае алькаголю і ня курыць. Жыве адзін. Маці жыве ў іншым месцы. Яна прыехала ў Бабровічы, калі праходзіла затрыманьне.
Аднавяскоўцы па-рознаму адгукаюцца пра яго. Адны кажуць, што звычайны чалавек, вітаўся ўвесь час. Іншыя называюць дзіўнаватым і нелюдзімым.
Вядома, што ў яго быў канфлікт зь міліцыяй. Але ня з тымі ўчастковымі, якія прыйшлі да яго сёньня.
Сяргей паляўнічы, дома трымаў прынамсі адну дубальтоўку. Сёньня з плянавай праверкай да яго прыйшлі тры міліцыянты. Зь якойсьці прычыны яны хацелі забраць зброю. Адбыўся канфлікт.
З двух стрэлаў Сяргей трапіў у двух міліцыянтаў. Аднаму — у галаву, ён памёр на месцы. Другога параніў у жывот — яго адвезьлі ў шпіталь у Івацэвічы, ягонаму жыцьцю нічога не пагражае.
Прыехала некалькі дзясяткаў машын сілавікоў
Пасьля стрэлаў у Бабровічы прыехала некалькі дзясяткаў машын міліцыі і Сьледчага камітэту з Івацэвічаў, Берасьця і Менску. Зь Пінску прыехаў АМАП. Калі праходзіла апэрацыя, жыхароў суседніх хатаў папрасілі не выходзіць на вуліцу.
Пры захопе прагучала шэсьць стрэлаў. Магчыма, яны былі папераджальныя. Ніхто зь міліцыянтаў не пацярпеў. Сяргей таксама ня меў ніякіх пашкоджаньняў.
Большасьць машын міліцыі ўжо зьехала з Бабровічаў. Але хата Сяргея ачэпленая, тут праходзяць сьледчыя дзеяньні.
Свабода працягвае сачыць за здарэньнем у Івацэвіцкім раёне.