Калі не працуюць законы, уступаюць у сілу заканамернасьці. Забойства — заўсёды дрэннае, але трэба разумець ягоныя прычыны.
Выпадак у Бабровічах — гэта сыгнал новай рэальнасьці. Яна не стыхійная, а рукатворная. «Я справедливость ставлю выше любого закона» (А.Лукашэнка). Розьніца ў тым, што закон для ўсіх адзін, а справядлівасьць у кожнага свая. Ёсьць справядлівасьць Лукашэнкі, ягонай сьвіты і аховы і ёсьць справядлівасьць звычайнага чалавека. Суд фактычна не працуе, бо нязьменна ўстае на бок першых. Ёсьць маса прыкладаў, калі міліцыя «мае рацыю» ў самых абсурдных сытуацыях. Рана ці позна гэтая маса мусіла стаць крытычнай. Поўная беспакаранасьць сілавікоў і поўная бяспраўнасьць людзей — гэта заўсёды парахавая бочка пад грамадзтвам.
Яно, грамадзтва занадта доўга цярпела свавольства «дзядзяў Сьцёпаў», але ўсякаму цярпеньню калісьці прыходзіць канец. У сацыяльным разрэзе гэта выглядае так. З аднаго боку, жыльлёвыя крэдыты для міліцыі на сорак гадоў пад адзін працэнт гадавых плюс куча бэнэфітаў, зь іншага — прызнаньне маёй знаёмай, якая звольнілася з «органаў» пра тое, што яна ня можа знайсьці сабе працу: «Вы б ведалі, як нас усе ненавідзяць».
Нават пры адным зьяўленьні міліцыянта на вуліцы чалавек перажывае насьцярожанасьць. Да Лукашэнкі такога не было. Ведаеце, адкуль яна бярэцца? Мы счытваем яе зь міліцэйскіх вачэй, рухаў, інтанацыі. Міліцыя даўно перастала быць прафэсіяй, каб хацелася да яе зьвяртацца па дапамогу — як у якой-небудзь Чэхіі, дзе на паліцэйскіх машынах напісаны лёзунг: «Дапамагаць і ахоўваць». Прычым аб’ект дзеяньня не прэзыдэнт, а чалавек.
Некалі ў Лёндане я за дзень блуканьняў не сустрэў ніводнага паліцыянта. Мясцовы сябра мне патлумачыў: а ты паспрабуй зрабіць нешта супрацьпраўнае — зараз вырастуць як з-пад зямлі. Гэта прафэсіяналізм і кваліфікацыя, а не чароды аўтазакаў на канцэрце джазавай музыкі. Хоць, трэба прызнаць, дыскваліфікацыя міліцыі — гэта частка агульнай прафэсійнай дыскваліфікацыі па ўсёй краіне. Вынікі яе мы пабачым заўтра. На міліцыі яна віднейшая, хоць бы і таму, што надта шмат яе, міліцыі стала заўсёды і паўсюль. Колькасьцю «бяруць».
Злачыннасьць ёсьць у кожнай краіне. Але беспакаранасьць міліцыі — зусім ня спосаб зьмяншэньня гэтай самай злачыннасьці. Гэта часовая ілюзія, якая доўжыцца роўна столькі, колькі цярпіць сваю бяспраўнасьць другі бок — чалавек. Асабліва калі сама ўлада правакуе на дзеяньні ў адказ, кажучы, напрыклад, пра «надуманные права человека» (А.Лукашэнка), першым зь якіх ёсьць права на жыцьцё.
Выпадак у Бабровічах шырока дыскутуецца ў сацсетках. Нехта шкадуе забітага міліцыянта, нехта ўхваляе «стралка». Але трэба разумець, што гэты выпадак — прэцэдэнт новай рэальнасьці, якая, на вялікі жаль, можа стаць у Беларусі звычайнай практыкай.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.