Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канчатковая «рэабілітацыя»: у Ташкенце зьявіцца вуліца імя Якуба Коласа


Якуб Колас, 1950-я гады
Якуб Колас, 1950-я гады

24 жніўня ў Ташкенце адбудзецца цырымонія адкрыцьця бюсту і вуліцы імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, які жыў там у эвакуацыі з 1941 па 1943 гады, паведамляе амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане.

Бюст беларускаму песьняру адкрыюць у цэнтры гораду за Дзяржаўным музэем мастацтваў. Імя Якуба Коласа атрымае прылеглая вуліца Яккачынор, якая за савецкім часам ужо была названая ў гонар беларускага клясыка, але ў 1990-я падпала пад дэсаветызацыю.

Падзею мае наведаць намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.

Летась у Ташкенце на фасад дома № 88 на вуліцы Мустакілік (у савецкі час Пушкінская) вярнулі мэмарыяльную дошку з надпісам: «У гэтым доме ў 1941–1943 гадах жыў і працаваў клясык беларускай літаратуры, народны паэт БССР Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)». Яе дэмантавалі ў сярэдзіне 1990-х, калі тагачасны прэзыдэнт Іслам Карымаў распачаў маштабную кампанію ліквідацыі матэрыяльных сьведчаньняў савецкага часу.

З пачаткам вайны Якуб Колас выехаў зь сям’ёй у эвакуацыю — спачатку пад Маскву, а потым у Ташкент. Там актыўна працаваў, напісаў паэму «Суд у лесе» і 12 разьдзелаў паэмы «Адплата». Асобныя зь іх прагучалі ў эфіры Ўзбэцкага радыё, дзе тройчы на месяц вяліся перадачы на беларускай мове. Выйшлі зборнікі «Голас зямлі» па-расейску і «Выбранае» па-ўзбэцку.

Пасьля вайны Колас зь цеплынёй згадваў Ташкент у лістах, літаратурных творах, артыкулах. Тады ж на доме, дзе ён жыў у эвакуацыі, была ўсталяваная мэмарыяльная дошка з надпісам на ўзбэцкай, беларускай і расейскай мовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG