У Ташкенце на фасад дома № 88 па вуліцы Мустакілік (былая Пушкінская) вернута мэмарыяльная дошка з надпісам: «У гэтым доме ў 1941-1943 гадах жыў і працаваў клясык беларускай літаратуры, народны паэт БССР Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)».
Дошка была дэмантаваная ў сярэдзіне 1990-х, калі тагачасны прэзыдэнт Іслам Карымаў распачаў маштабную кампанію ліквідацыі матэрыяльных сьведчаньняў савецкага часу.
Як расказаў Свабодзе юрыст, экспэрт у справе прадухіленьня канфліктаў Шухрат Ганіеў, два дзясяткі гадоў таму ва Ўзбэкістане распачалося перайменаваньне вуліцаў і плошчаў, чые назвы асацыяваліся з савецкай эпохай. Іслам Карымаў мэтанакіравана пазбаўляўся ад мінулага, хоць дзякуючы менавіта партыйнай прыналежнасьці спачатку стаў сакратаром ЦК рэспублікі, а затым і прэзыдэнтам сувэрэннай краіны. Татальная дэсаветызацыя была ў рэчышчы палітыкі, якую ён акрэсьліў на пачатку сваёй кадэнцыі:
«Карымаву трэба было з коранем вырваць людзей са стану „гома саветыкуса“ і пачаць ідэнтыфікацыю нацыі — незалежнай, сувэрэннай, якая доўгія гады нібыта змагалася, ішла да незалежнасьці. І вось героі перамагаюць, мы абвяшчаем сувэрэнітэт. Уся гісторыя павінна працаваць на гэта. Прапагандысцкую машыну наладзілі такім чынам, каб паказаць: цёмнае мінулае, зь якога мы выскачылі, атрымала працяг у сьветлай будучыні пад кіраўніцтвам мудрага „стырнавога“. Маўляў, дзякуючы нашаму лідэру краіна вялікімі рыўкамі ідзе наперад», — гаворыць Шухрат Ганіеў.
Як падаюць узбэцкія актывісты, пры новым кіраўніку Ўзбэкістану Шаўкаце Мірзіёеве, які летась прыйшоў на зьмену памерламу Карымаву, грамадзтва адчула некаторыя «паслабленьні ад дыктатарскіх путаў». Хоць няма ніякай гарантыі, што адзін культ неўзабаве ня зьменіцца другім.
***
З пачаткам вайны Якуб Колас выяжджае зь сям’ёй у эвакуацыю — спачатку пад Маскву, а потым у Ташкент. Там хоць і тужыў па Радзіме, але знаходзіў паратунак у творчасьці. Актыўна працаваў, напісаў паэму «Суд у лесе» і 12 разьдзелаў паэмы «Адплата». Асобныя зь іх прагучалі ў эфіры Узбэцкага радыё, дзе тры разы на месяц вяліся перадачы на беларускай мове. Выйшлі зборнікі «Голас зямлі» па-расейску і «Выбранае» па-ўзбэцку.
Узбэкістану
У цяжкі час вайны суровай
Ты даў прытулак мне,
З узбэкам песьню адной мовай
Складалі аб вайне...
Таксама Якуб Колас пісаў публіцыстычныя артыкулы, якія публікавалі мясцовыя, цэнтральныя і падпольныя органы друку. Удзельнічаў у працы Саюзу пісьменьнікаў Узбэкістану, у літаратурных сустрэчах, якія праходзілі ў ВНУ, школах і сярод вайскоўцаў.
Пасьля вайны Колас зь цеплынёй згадваў Ташкент у лістах, літаратурных творах, артыкулах. Тады ж на доме, дзе ён жыў у эвакуацыі, была ўсталяваная мэмарыяльная дошка з надпісам на ўзбэцкай, беларускай і расейскай мовах.
Сярод экспанатаў Дзяржаўнага літаратурна-мэмарыяльнага музэю Якуба Коласа захоўваецца квіток, па якім ён на цягніку ехаў у эвакуацыю ў Ташкент: цягнік № 22, адыходзіць у 16.40, 7 жніўня 1941 году, вагон № 5.