Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Маскве адхіліў апэляцыю Радыё Свабода


У Маскве Цьвярскі суд сёньня адхіліў апэляцыйную скаргу мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на рашэньне міравога судзьдзі пра штраф памерам 100 тысяч рублёў (3 тысячы беларускіх рублёў у эквіваленце) паводле пазову Міністэрства юстыцыі Расеі.

На думку ведамства, карпарацыя не падала своечасова міністэрству справаздачу, «якая вынікае з абавязкаў няўрадавай арганізацыі, што выконвае функцыі замежнага агента».

Юрысты РСЭ/РС настойваюць на тым, што карпарацыя не магла падаць дакумэнты ў тэрмін, пазначаны Міністэрствам юстыцыі — да 15 красавіка 2018 году — паколькі міністэрства, нягледзячы на неаднаразовыя звароты, не падрыхтавала формы справаздачнасьці і не растлумачыла своечасова дакладны парадак яе падачы і запаўненьня. Парадак справаздачнасьці для замежных СМІ — «замежных агентаў» — уступіў у сілу ўжо пасьля заканчэньня гэтага тэрміну. Нягледзячы на гэтыя тлумачэньні, у ліпені міравы судзьдзя прыняў рашэньне пра штраф. Кіраўніцтва мэдыякарпарацыі абскардзіла гэтае рашэньне.

«Цяпер у нас ёсьць 10 дзён, каб заплаціць 100 тысяч рублёў, а потым або аспрэчваць рашэньне суду ў вышэйшай інстанцыі, або не рабіць гэтага», — заявіў юрыст Сяргей Колчын, які прадстаўляў сёньня ў судзе інтарэсы карпарацыі. Паводле яго, Міністэрства юстыцыі толькі 20 ліпеня растлумачыла карпарацыі парадак запаўненьня справаздачнасьці, аднак нават цяпер загрузіць неабходныя дакумэнты з сайту ведамства немагчыма з тэхнічных прычынаў.

Як заявіў раней прэзыдэнт РСЭ/РС Том Кент, судовы разгляд супраць РСЭ/РС стаў новым зьвяном у сэрыі спробаў расейскіх уладаў перашкодзіць працы мэдыякарпарацыі і распачаць кампанію падазронасьці супраць яе журналістаў. На думку Кента, закон «аб СМІ — замежных агентах», які ўступіў у сілу ў сьнежні летась, з самага пачатку ставіў перад сабой палітычныя мэты: «З усіх замежных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць у Расеі, толькі СМІ, фінансаваньне якіх ажыцьцяўляецца на падставе грантаў Кангрэсу ЗША, надзеленыя статусам „замежных агентаў“. Толькі гэтыя СМІ сталі абʼектам заблытаных і няўцямных патрабаваньняў расейскага закону. Мы разглядаем гэты закон як накіраваны выключна супраць нас. Законы ЗША гарантуюць рэдакцыйную незалежнасьць нашай карпарацыі. Любыя здагадкі аб тым, што РСЭ/РС зьяўляецца агентам якога-небудзь ураду, зьяўляюцца ілжывымі», — сказаў прэзыдэнт мэдыякарпарацыі.

Том Кент на 25-годзьдзі маскоўскага бюро расейскай службы Радыё Свабода
Том Кент на 25-годзьдзі маскоўскага бюро расейскай службы Радыё Свабода

Расейскія афіцыйныя асобы шматкроць сьцьвярджалі, што «закон аб СМІ — замежных агентах» зьяўляецца «люстэркавай рэакцыяй» на патрабаваньні амэрыканскага заканадаўства аб рэгістрацыі тэлеканалу RT у якасьці «замежнага агента». Пры гэтым, РСЭ/РС была пазбаўленая магчымасьцяў эфірнага вяшчаньня пасьля зьменаў, унесеных у закон «Аб СМІ» яшчэ ў 2012 годзе. У ЗША «замежнымі агентамі» могуць быць прызнаныя толькі нацыянальныя кампаніі, а ў выпадку з РСЭ/РС «замежным агентам» прызнаная замежная кампанія.

Кіраўніцтва РСЭ/РС вітала б такую сытуацыю, пры якой мэдыякарпарацыя дзейнічала б у Расеі на тых самых умовах, на якіх тэлеканал RT працуе ў ЗША. RT ажыцьцяўляе кругласутачнае тэлевяшчаньне ў кабэльных сетках па ўсёй тэрыторыі ЗША, тым часам як доступ да кабэльных сетак і эфірнага тэле- і радыёвяшчаньня для замежных СМІ ў Расіі значна абмежаваны.

У апублікаваны Міністэрствам юстыцыі сьпіс сродкаў масавай інфармацыі, якім прысвоены статус «замежнага агента», унесеныя «Голас Амэрыкі», Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, мэдыяпраекты Расейскай службы Радыё Свабода «Фактограф» і «Сибирь. Реалии», тэлеканал «Настоящее время», татара-башкірская служба Радыё Свабода, мэдыяпраекты «Idel. Реалии», «Кавказ. Реалии», «Крым. Реалии».

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — некамэрцыйная мэдыякарпарацыя, фундаваная за кошт грантаў, якія даюцца Кангрэсам ЗША, і якая распаўсюджвае інфармацыю на розных плятформах (Інтэрнэт, радыё, тэлебачаньне) для аўдыторыі ў 23 краінах Усходняй і Паўднёва-Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу на 25 мовах. Расейская служба Радыё Свабода пачала сваю працу ў 1953 годзе. Амэрыканскім чыноўнікам забаронена ўмешвацца ў пытаньні рэдакцыйнай палітыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG