Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ля помніка маршалу Коневу адкрылі тлумачальныя таблічкі


Тлумачальныя таблічкі ля помніка Коневу ў Празе
Тлумачальныя таблічкі ля помніка Коневу ў Празе

У Празе ў аўторак, 21 жніўня, у 50-ю гадавіну ўварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну, пасьля рамонту быў зноў адкрыты помнік савецкаму маршалу Івану Коневу.

З ініцыятывы рады гарадзкога раёну Прага-6, дзе разьмешчаны помнік Коневу, побач зь ім усталяваныя таблічкі на чэскай, расейскай і ангельскай мовах, мэта якіх — растлумачыць гістарычны кантэкст, зьвязаны з асобай маршала.

Конеў камандаваў савецкімі войскамі, якія 9 траўня 1945 году ўвайшлі ў Прагу. Горад да таго часу ўжо быў практычна вызвалены, паводле дамовы з кіраўнікамі Праскага паўстаньня немцы адышлі на захад. У сацыялістычнай Чэхаславаччыне, аднак, Конева доўгія гады праслаўлялі як вызваліцеля. На новых таблічках акрамя згадкі пра Другую сусьветную вайну сказана і пра ролю маршала ў здушэньні Вугорскага паўстаньня ў 1956 годзе, у Бэрлінскім крызісе 1961 году, а таксама ў падрыхтоўцы ўварваньня войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.

Расейскае пасольства ў Чэхіі пратэставала супраць усталяваньня таблічак, сьцьвярджаючы, што іх мэта — «перапісаць гісторыю» і азмрочыць расейска-чэскія адносіны. МЗС Чэхіі, аднак, стаў на бок мясцовых уладаў.

Супраць усталяваньня таблічак 21 жніўня таксама пратэставалі чэскія камуністы. Акцыю пратэсту зладзілі і прыхільнікі зносу помніка.

Супраць таблічак — шматлікія мясцовыя жыхары. Яны лічаць, што помнік Коневу мусіць быць зьнесены. Сёньня яны прыйшлі сюды з плякатамі «На руках Конева — кроў», «Конеў — савецкая хлусьня»

Прыхільнікі захаваньня помніка лічаць, што ён мусіць быць захаваны ў першапачатковым выглядзе. Іх апанэнты праводзяць паралелі паміж падзеямі 1968 году і ўварваньнем расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Новую таблічку адкрылі прадстаўнікі мэрыі і муніцыпальных уладаў раёну Прага-6. Незадоўга да гэтага праціўнікі захаваньня помніка сьвісталі ў сьвісткі на знак пратэсту.

Помнік Коневу ў Празе раней некалькі разоў аблівалі ружовай фарбай, на яго наносілі надпісы, закліканыя нагадаць пра ролю маршала ў здушэньні Вугорскага паўстаньня і «Праскай вясны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG