Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьця Рыбка кажа, што дамовілася з алігархам маўчаць пра ўмяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША


Анастасія Вашукевіч у паліцэйскім аўтамабілі напярэдадні суду ў Тайляндзе, 20 жніўня
Анастасія Вашукевіч у паліцэйскім аўтамабілі напярэдадні суду ў Тайляндзе, 20 жніўня

Дзяўчына па-ранейшаму адрынае абвінавачваньні ў арганізацыі паслугаў сэксуальнага характару ў Тайляндзе.

Затрыманая ў Тайляндзе беларуская грамадзянка Анастасія Вашукевіч, вядомая таксама як «Насьця Рыбка», заявіла, што больш ня мае відэа- і аўдыёзапісаў размоваў расейскага алігарха Алега Дзерыпаскі, зьвязаных зь меркаваным умяшаньнем Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе, піша Associated Press.

Вашукевіч заявіла, што перадала запісы Дзерыпаску, паабяцала яму больш нічога не расказваць у гэтай справе, а таксама сказала, што ён паабяцаў ёй «нешта невялікае» за гэта.

«Калі ён гэта зробіць, праблемаў ня будзе, а калі не…», — сказала яна, паціснула плячыма і ўсьміхнулася. Той жа ўсьмешкай і пацісканьнем плячыма яна адказала на пытаньне, ці рабіла копіі запісаў для сябе.

Вашукевіч прызнае, што аказвала «эскорт-паслугі» Дзерыпаску, але на судзе зноў адрынула абвінавачваньні ў арганізацыі паслугаў сэксуальнага характару, выстаўленыя ёй (а таксама выхадцу зь Беларусі Аляксандру Кірылаву, вядомаму як «Алекс Лесьлі», і яшчэ шасьці грамадзянам Расеі і Беларусі) у Тайляндзе. Паводле Вашукевіч, яе затрымалі за «трэнінгі ў спакушэньні».

Раней суд тайскага курортнага гораду Патая часткова апраўдаў Вашукевіч, Кірылава і яшчэ шасьцёх расейцаў і беларусаў у справе аб незаконнай прадпрымальніцкай і працоўнай дзейнасьці на тэрыторыі Тайлянду. У Расеі ж Дзерыпаска выйграў суд у «Рыбкі» і «Лесьлі»: суд прызнаў Вашукевіч і Кірылава вінаватымі ў пашырэньні інфармацыі аб прыватным жыцьці Дзерыпаскі безь яго ведама і спагнаў зь іх па 500 тысяч рублёў.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе.

Насьця Рыбка​ стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага аб магчымых карупцыйных сувязях мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі. Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней яна расказала, што адбывалася на Дзерыпаскавай яхце, у сваёй кнізе і сацыяльных сетках.

Пасьля затрыманьня ў Тайляндзе Вашукевіч зьвярнулася па дапамогу да амэрыканскіх спэцслужбаў. Яна заявіла пра гатоўнасьць расказаць нейкія падрабязнасьці аб умяшаньні Крамля ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, сьцьвярджаючы, у прыватнасьці, што мае запіс некалькіх гадзін перамоваў Дзерыпаскі, які ў свой час супрацоўнічаў з Полам Манафортам — былым начальнікам штабу кампаніі Дональда Трампа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG