Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы як каханкі больш далікатныя, больш дбаюць пра партнэра»


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Ці трэба вучыцца сэксу? Як нашыя продкі гаварылі пра сэкс? Нацыянальныя сэксуальныя традыцыі і сучасныя ўяўленьні абмяркоўваюць Анастасія Зелянкова, аўтарка кнігі «У ложку зь беларусам: з гісторыі нацыянальнага сэксу», паэтка, літаратарка, вядучая праграмы «Прыват» на тэлеканале «Белсат» Валярына Кустава, этнакультуроляг Тацяна Валодзіна і сэкс-трэнерка Марына Каханоўская.

Як беларусы сэксам займаюцца:

  • Анастасія Зелянкова: Гісторыкі-мэмуарысты пісалі, якія беларусы сэксуальна разьняволеныя, а польскія гісторыкі ўвогуле пісалі пра тутэйшых жанчын як пра распусьніц.
  • Валярына Кустава: Перавага беларусаў у тым, што яны больш далікатныя, больш дбаюць і клапоцяцца пра партнэра.
  • Марына Каханоўская: Цяпер для большасьці адносіны ў сэксе — сузалежныя. Гэта маніпуляцыі сэксам, сэкс будуецца па герархіі, таму што ў грамадзтве патрыярхальная сыстэма, жанчына павінна быць зручнай.
  • Тацяна Валодзіна: Вельмі часта вясковыя жанчыны расказваюць, што яны ішлі на шлюбную ноч, ня ведаючы дакладна, як і што там будзе.

«Фальклярысты 20-х адзначалі надзвычайную эратычнасьць беларускіх традыцый, а нам падносіцца нейкі араты ў лапцях з тужлівай песьняй»

Ганна Соўсь: Шмат гадоў таму я трапіла на дыскусію ў Менскі сэксалягічны цэнтар, у якім даволі сур’ёзна абмяркоўвалі вельмі старую і крыху вырваную з кантэксту фразу Зянона Пазьняка пра тое, што ў беларусаў не было сэксу, прынамсі на вёсцы, дзе былі цяжкія ўмовы працы і мала магчымасьцей для прыватнасьці. Як на маё меркаваньне, сэкс ва ўсіх народаў аднолькавы, але рознымі могуць быць уяўленьні пра яго. Ці вы згодныя? Ці адрозьніваюцца і чым адметныя жыхары Беларусы ў сэксуальным пляне?

Анастасія Зелянкова.
Анастасія Зелянкова.

Анастасія Зелянкова: Калі мець на ўвазе тэхнічны бок сэксу, то беларусы тут нічога асаблівага не прыдумалі. Але пагадзіцеся, што няма ў беларусаў такой славы, як у палкіх італьянцаў ці французаў зь іх майстэрствам каханьня. Шчыра кажучы, я сама не лічыла беларусаў асабліва сэксуальнай нацыяй. У юнацтве мне падавалася, што ўся наша эратычнасьць — гэта ледзь не нейкае сучаснае заваяваньне. Гэта былі «ліхія 90-я». Мне думалася, што гэта мы такія прасунутыя ў пытаньнях сэксу, а нашы продкі займаліся ім хіба што ноччу пад коўдрай у місіянэрскай позе.

А нам падаецца ў лепшым выпадку вобраз нейкага ваяра, змагара за радзіму ці ідэал жанчыны-маці!

Але калі пачала бліжэй знаёміцца з фальклёрам (з Тацянай Валодзінай рабіла інтэрвію пасьля выхаду яе кнігі «Беларускі эратычны фальклёр»), я інакш паглядзела на нашых продкаў. Мне стала цікава, як займаліся сэксам нашы шляхетныя продкі, бо не магло ж так адбыцца, што сяляне з народнымі традыцыямі давалі фору. Потым я глянула на іншыя пэрыяды жыцьця нашай краіны, і зразумела, наколькі скажоным мы сёньня маем вобраз беларуса.

Фальклярысты 20-х адзначалі надзвычайную эратычнасьць беларускіх традыцый. А нам падносіцца нейкі араты ў лапцях з тужлівай песьняй. Ці гісторыкі-мэмуарысты пісалі, якія беларусы былі сэксуальна разьняволеныя, а польскія гісторыкі ўвогуле пісалі пра тутэйшых жанчын як пра распусьніц. А нам падаецца ў лепшым выпадку вобраз нейкага ваяра, змагара за радзіму ці ідэал жанчыны-маці!

Што тычыцца ўяўленьняў грамадзтва пра сэкс, то вельмі моцна ўплываюць розныя чыньнікі, у тым ліку і рэлігійны. У розныя пэрыяды разьвіцьця цывілізацыі да гэтага ставіліся па-рознаму. Уплывае нават дзяржаўны лад — аўтарытарызм ці дэмакратыя, бо таталітарны рэжым ня любіць некантраляваных сфэр жыцьця. Дастаткова паглядзець, як у царскай Расеі, калі Беларусь была ў яе складзе, сталі са зборнікаў прыбіраць беларускі эратычны фальклёр. Ды і тое, што зараз робіцца ў пляне сэксуальных свабодаў, таксама шмат пра што кажа.

«Перавага беларусаў у тым, што яны больш далікатныя, больш шляхетныя, больш дбаюць і клапоцяцца пра партнэра»

Ганна Соўсь: Валярына, як вы мяркуеце, ці гэта праўда, што беларусам не параўняцца з палкімі італьянцамі?

Тэлевядучая і паэтка Валярына Кустава.
Тэлевядучая і паэтка Валярына Кустава.

Валярына Кустава: Перадусім як паэтка я пагадзілася б са спадаром Зянонам, што не было самога тэрміну «сэкс» як такога. Але былі «мілошчы», «лашчыцца», «шкадаваць» і г. д. Я не пагаджуся з Анастасіяй. Італьянцы — палкія, гарачыя, і, можа быць, іхні тэмпэрамэнт і паланьне вельмі накіраванае і вельмі хуткае. А перавага беларусаў можа быць у тым, што яны больш далікатныя, больш шляхетныя, больш дбаюць і клапоцяцца пра партнэра. І калі разважаць з гэтага боку, то вынік і эфэкт больш станоўчы якраз на баку беларусаў.

Палешукі ня горш яны за італьянцаў, бо зь іх ідзе жывое, прыроднае, інтуітыўнае.

Калі казаць пра гісторыю, чытаючы пра той час, то мы разумеем, што проста не называлі беларусы гэта сэксам, але яны замянялі гэта рознымі мэтафарычнымі словамі ці аналёгіямі. Напрыклад, як пісаў Барадулін, «вы — лямпада, у якую добры кнот уставіць варта». Ніхто не казаў наўпрост, але ў побыту беларусы ўмелі сказаць іншымі словамі пра свае жаданьні, пра сваю прыязнасьць. Таксама ведаю, што ў іх былі стравы, якія павышалі патэнцыю, рэцэптамі якіх яны па сакрэце дзяліліся. Аўсяны жур, аўсяны кісель, стравы зь якога выкарыстоўвалі і беларускія князі ў тым ліку. Так што я думаю, што неадназначнае гэтае сьцьверджаньне. Заўсёды зьвяртаю ўвагу на такі наш рэгіён як Палесьсе. Мне здаецца, што палешукі — гэта ўвогуле адмысловая міні-нацыя, і іхнія мужчыны таксама адрозьніваюцца па падачы сваіх эмоцый, свайго жаданьня. І ня горш яны за італьянцаў, бо зь іх ідзе жывое, прыроднае, інтуітыўнае.

«Гэтая сфэра выходзіць за межы фізіялёгіі»

Ганна Соўсь: Тацяна, у свой час слухачы Свабоды заслухвалася вашымі перадачамі з Вячаславам Ракіцкім у цыклі «Беларуская Атлянтыда», дзе вы пра традыцыйную культуру беларусаў распавядалі, у тым ліку і пра сэкс...

Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі.
Тацяна Валодзіна ў экспэдыцыі.

Тацяна Валодзіна: У экспэдыцыях кажаш бабулі пра «сэксуальнасьць», а яна: «Ой, а што гэта за «сэкс»? У нас існавала і існуе да гэтага часу столькі прыгожых найменьняў. Напрыклад, жанчына кажа: «Муж мяне пажалее». Вось уяўляеце, «пажалее»! Але ўсё калі казаць пра тое, якое месца займаў сэкс і плоцевыя адносіны ў жыцьці Беларусі, трэба мець на ўвазе, што беларусы, як ніводзін з народаў, асабліва з навакольных, трымаюцца за свае традыцыі, а там гэтым адносінам надаецца сакралізаваны сэнс. І таму гэтая сфэра выходзіць за межы чыста фізіялёгіі, побыту, дачыненьняў паміж мужчынам і жанчынай, набывае столькі дадатковых адценьняў, таму што гэта ня толькі такая патрэба ці задавальненьне.

Калі ў Беларусі ў фальклёрнай творчасьці гавораць пра гэтую сфэру жыцьця, то абавязкова ў супольнай сыстэме, што гэтая тая сфэра, якая можа ўплываць на ўрадлівасьць глебы, на дабрабыт жанчыны, на яе здароўе. Ці, скажам, калі малады бацька такі неахайны ў сваіх дачыненьнях і можа пайсьці налева, як зараз кажуць, то ў яго будуць нараджацца нездаровыя дзеці...

«У нас сэкс дакладна такі ж насычаны і пяшчотны, як і ў іншых краінах. Проста ён больш схаваны»

Марына Каханоўская.
Марына Каханоўская.

Марына Каханоўская: Пра што б мы ні гаварылі, трэба разумець адно: якое інфармацыйнае асяродзьдзе ў нас было альбо будзе, такія і ёсьць уяўленьні пра сэкс, такія ў нас будуць і формы сэксуальных адносінаў. Калі гаварыць пра сёньняшнюю Беларусь, то для большасьці адносіны ў сэксе — сузалежныя. Гэта маніпуляцыі сэксам, сэкс будуецца па герархіі, таму што ў грамадзтве патрыярхальная сыстэма, жанчына павінна быць зручнай... Гэта мінусы, тое, што нам трэба выправіць. Але дзякуючы пэўным рухам і плыням сёньня гэта мяняецца.

Кажуць, што італьянцы больш шустрыя ў пляне сэксу. Гэта зьвязана з тым, што на нашай тэрыторыі палавая канстытуцыі крыху іншая, чым у італьянцаў. Яны маюць больш моцную палавую канстытуцыю. Гэта залежыць ад сонца, ад надвор’я, прыроды. У нас больш сярэдняя і слабая палавая канстытуцыя. Але гэта не значыць, што ў нас няма сэксу. Ён ёсьць, ён іншы, ён больш закрыты, ён дакладна такі ж насычаны, такі ж пяшчотны, як і ў іншых краінах. Проста ён не такі выразны, ён схаваны.

Ганна Соўсь: Ці пра яго менш гавораць?

Марына Каханоўская: Так, менш гавораць, менш паказваюць, больш гэта ў сабе, эмоцыі менш праяўленыя.

«Пра жанчын-беларусак варта напісаць асобную кнігу, бо нашы суайчыньніцы былі значна больш свабодныя, чым у Польшчы і Расеі»

Ганна Соўсь: Наста, цяпер ідзе збор сродкаў на выданьне вашай кнігі праз плятформу «Вулей». А чаму вы назвалі кнігу «У ложку зь беларусам», а не «У ложку зь беларускай». Ці інакш бы была напісаная гэтая кніга, каб яна была з такой назвай?

Журналістка Анастасія Зелянкова. Аўтарка кнігі "У ложку з беларусам: з гісторыі нацыянальнага сэксу". Фота Сямён Печанко.
Журналістка Анастасія Зелянкова. Аўтарка кнігі "У ложку з беларусам: з гісторыі нацыянальнага сэксу". Фота Сямён Печанко.

Анастасія Зелянкова: Называючы кнігу, я ўсё ж мела на ўвазе ўсіх беларусаў, ня толькі мужчын. Калі на вокладцы было б пазначана: Анастасія Зелянкова «У ложку з беларусамі», ці Анастасія Зелянкова «У ложку з беларускай», гэта было б, канешне, вельмі пікантна. Калі сур’ёзна, пра жанчын-беларусак, відаць, варта напісаць асобную кнігу, бо нашы суайчыньніцы ў гэтым сэнсе былі даволі свабодныя, значна больш, чым у той жа суседняй Польшчы ці нават Расеі. Нездарма ж польская шляхта, адгаворваючы караля Жыгімонта ад шлюбу з Барбарай, упірала на тое, што яна ліцьвінка, а ліцьвінкі, маўляў, усе распусныя. І прыклалі сьпіс палюбоўнікаў Барбары.

У асяродзьдзі сьмяяліся, што Марыся кіруе Янам, а ўжо Ян дзяржавай.

Жанчыны актыўна ўплывалі і на палітычныя справы, часам праз ложак. Можна ўспомніць палюбоўніцу караля Аўгуста Панятоўскага Чартарыйскую. Кароль Прусіі Фрыдрых ІІ пасьля сустрэчы зь ёй сказаў, што ў Рэчы Паспалітай усімі справамі кіруюць жанчыны, а мужчыны толькі рассыпаюцца ў камплімэнтах. Узяць караля Яна Сабескага і ягоную жонку Марыю Казіміру. У асяродзьдзі сьмяяліся, што Марыся кіруе Янам, а ўжо Ян дзяржавай. А пра тое, як кіруе, можна зразумець празь іх перапіску, дзе Сабескі і Марыся абмяркоўвалі позы, каб паспрабаваць іх у ложку.

Ды і сёньня. Няхай мяне прабачаць мужчыны, але многія жанчыны больш актыўныя, больш свабодныя ў гэтым сэнсе. Я ўжо нават бачу па тым, якую цікавасьць яны праяўляюць да маёй кнігі. Гэта найбольш жанчыны, а сярод мужчын можна нават сустрэць камэнтары кшталту — яшчэ адна заклапочаная, ці ў каго што баліць, той пра тое і кажа. Калі я ўзгадвала італьянцаў, французаў, я казала пра тое, што раней думала, што беларусы не такія сэксуальныя, але ж напісаўшы гэтую кнігу, даведаўшыся, што адбывалася ў нас на працягу гісторыі, я якраз хачу сказаць, што ўсё ў нас тут крута. Хацелася б гэта данесьці да астатніх.

«Самае галоўнае — гаварыце і практыкуйце»

Ганна Соўсь: Валярына, вашая перадача «Прыват» — адна з самых папулярных і незвычайных на Белсаце. З вашага досьведу, наколькі адкрытыя беларусы, жыхары Беларусі ў абмеркаваньні інтымнага жыцьця, і ад чаго залежаць розныя табу — узросту, адукацыі, выхаваньня, сьветапогляду, і ці перашкаджаюць яны паўнавартаснаму сэксуальнаму жыцьцю?

Валярына Кустава.
Валярына Кустава.

Валярына Кустава: Я б адказала ў некалькіх ракурсах на ваша пытаньне. Справа ў тым, што калі мы гаворым пра публічнасьць, то бок пра гасьцей праграмы «Прыват», увогуле пра нейкія публічныя інтэрвію, то натуральна, што беларусы досыць закрытыя. Выключэньне хіба што Марына Каханоўская, якая была госьцяй «Прывату» і праграма называлася «Кахай мяне па-беларуску, альбо Навучы мяне кахацца». У выніку мне было вельмі цікава паглядзець на рэакцыю гледачоў і глядачак. Мужчыны звычайна пісалі ў прыват: я паглядзеў. Ставілі перад фактам. Вось гэтае маўчаньне, але факт, што ён ведае.

Ва ўсёй беларускай прасторы (мэдыйнай, публічнай, палітычнай) прыватныя пытаньні не прынята абмяркоўваць.

Жанчыны ж пісалі публічна, яны хацелі абмяркоўваць, яны хацелі высьвятляць, пыталіся кантакты Марыны, каб запісацца да яе на майстар-клясы і г. д. Мне здаецца, што гэта і ёсьць адлюстраваньне ўспрыняцьця беларусамі дадзенай тэмы. Мужчыны закрытыя, гэта факт, ім не да абмеркаваньня, але яны цікавяцца, і гэта іх аб’ядноўвае зь беларускімі жанчынамі. А жанчыны ініцыююць, яны хочуць гаварыць, абмяркоўваць, высьвятляць. Але гэты факт супольнай цікавасьці — вельмі аптымістычны.

Пакуль ва ўсёй беларускай прасторы (мэдыйнай, публічнай, палітычнай) прыватныя пытаньні не прынята абмяркоўваць, яны і ня будуць абмяркоўвацца. Але вялікая цікаўнасьць да гэтага ёсьць. Думаю, што і наша гутарка будзе мець шмат прачытаньняў і праглядаў, і спадзяюся, зь яе таксам вынесуць беларусы штосьці карыснае. Самае галоўнае — гаварыце і практыкуйце.

«Навучацца сэксу трэба абавязкова»

Ганна Соўсь: Марына, а ці можна навучыць сэксу? Ці трэба вучыць? І як трэба вучыць? Як адрозьніваецца тое, чым займаецеся вы, ад нашумелых сэкс-трэнінгаў Алекса Лексы, скандальнага настаўніка Насьці Рыбкі?

Марына Каханоўская.
Марына Каханоўская.

Марына Каханоўская: Навучацца сэксу трэба абавязкова. Іншы момант, як гэтаму навучыць. Можна навучыць, як з дапамогай сэксу можна маніпуляваць, а можна навучыць ня бачыць чалавека як аб’ект, а бачыць яго як асобу, палюбіць яго, падараваць яму прыемнасьць, паклапаціцца пра яго.

Я хачу данесьці людзям на майстар-клясах, што сэкс — гэта адносіны. Сэкс блытаюць з задавальненьнем, з эўфарыяй, з каханьнем. Гэтыя ўсе кампанэнты прысутнічаюць, але сэкс гэта ня тое самае што каханьне, ня тое самае, што задавальненьне. Гэта ўсё прысутнічае ў сэксе, але гэта ня тое самае. Вельмі шмат у сэксе ёсьць і гвалту, і ўсялякіх такіх ня вельмі добрых момантаў, і таму нельга сказаць, што сэкс роўны каханьню.

Таму асноўная мая задача данесьці, што сэкс — гэта адносіны. І самае важнае — выбудаваць іх партнэрскімі, шчырымі і здаровымі. Не будаваць іх сузалежнымі... Многія лічаць, што толькі ў сэксе можна атрымаць задавальненьне. А насамрэч жыцьцё такое шматграннае, можна атрымліваць задавальненьне, корпаючыся на градах, саджаючы кветкі...

«У адносінах беларускіх сялян мужчына не дамінуе, але шкадуе»

Ганна Соўсь: Тацяна Валодзіна, калі гаварыць пра традыцыйную культуру, то як вучылі сэксу?

Тацяна Валодзіна.
Тацяна Валодзіна.

Тацяна Валодзіна: Як ва ўсёй традыцыйнай культуры тут не заўсёды рэчы называлі сваімі імёнамі. У традыцыі маладых людзей вучылі напачатку менавіта адносінам, як правільна знаёміцца, як клапаціцца адзін пра аднаго. І гэты выраз «ён мяне пажалее» адразу выключае мужчынскае дамінаваньне. А гэта вельмі істотна ў сэксуальных адносінах беларускіх сялян, што мужычына не дамінуе, але шкадуе. Праз сыстэму гульняў, карагоду і абрадавых момантаў моладзь вучылася менавіта адносінам. А ўжо пра канкрэтна тэхналягічныя штучкі даведваліся з прыватных размоваў, а не з інтэрнэту, як цяпер. І падказвала сяброўка, цёця, але толькі не маці! Вельмі часта вясковыя жанчыны расказваюць, што яны ішлі на шлюбную ноч, ня ведаючы дакладна, як і што там будзе.

«Беларусы займаліся сэксам з задавальненьнем. Як і мы зараз»

Ганна Соўсь: На Свабодзе шмат гадоў таму выйшла нашумелае эсэ Рыгора Барадуліна «Як беларусы сэксам займаюцца», фрывольнае, эратычнае і паэтычнае. Яно было вельмі папулярнае ў свой час і як літаратурны твор, і як культурны зрэз ізноў жа з народнага жыцьця, якое добра ведаў і адчуваў дзядзька Рыгор... А як бы вы адказалі, як беларусы сэксам займаліся?

Рыгор Барадулін. Як беларусы сэксам займаюцца

Анастасія Зелянкова: Канешне, гэтае эсэ актуальнае і сёньня. Я думаю, што займаліся яны сэксам з задавальненьнем. Як і мы зараз. У любым выпадку ні пра якую забітасьць і скаванасьць гаварыць тут не даводзіцца. Нашы продкі ведалі і шматлікія позы, і шмат пра што маглі згадаць нават у песьні. Я прыводзіла ў прыклад перапіску Яна Сабескага з жонкай, якія разважаюць пра розныя позы, пра тое, як ім адзін аднаго можна любіць.

У Беларусі заўсёды любілі жыцьцё, і сэкс быў жыцьцядзейнай сілай. Мы ўмелі атрымліваць асалоду жыцьця нават у самых няпростых умовах, у самыя цяжкія пэрыяды нашай гісторыі. Пра гэта і кніга. Я хачу прымусіць беларусаў па-іншаму зірнуць на сябе, на нашу гісторыю, і зрабіць свой унёсак у гэтую гісторыю.

«Пачакай, я вазьму шмаравідла, бэйба». Што беларусы кажуць падчас сэксу і абмяркоўваючы яго

«Калі дзяўчына выходзіць замуж ня "чэснай", то гэта паўплывае на яе будучае жыцьцё»

Ганна Соўсь: Тацяна, а якія былі табу ў сэксе ў беларусаў? Што было забаронена, што лічылася непрыстойным?

Тацяна Валодзіна: Найперш гэта пазашлюбныя і дашлюбныя адносіны. Лічылася, што калі дзяўчына выходзіць замуж ня «чэснай», не дзяўчынкай, то гэта паўплывае на яе будучае жыцьцё, на лёс яе дзяцей, на здароўе яе дзяцей, і, як гэта ня дзіўна гучыць, на ўрадлівасьць нівы. Але гэтае расчытаньне жаночае плоднасьці ў тэрмінах вэгетацыі, у тэрмінах аграрнай культуры — вельмі архаічная рэч. Разам з гэтым былі ўсё роўна выключэньні.

Пытаюся ў бабуль, ці грэх гэта, адна зь іх ня так даўно ўсьміхнулася і сказала: «Ці ж мора пагана, калі ў ім сабака паласкаўся»? Ці кажа яшчэ: «Гэта ня грэх, па чым ён мужык». Але ўсё ж акрамя гэтага існавалі вельмі строгія інцэстуальныя табу. Гэта выключалася ў многіх пакаленьнях катэгарычна. Таксама не было пажадана выносіць абмеркаваньне гэтага на вонкі. Гаварыць пра гэта можна толькі ў паэтычнай форме, мовай сымбаляў, мэтафар, прыгожых мэтафар. Калі пачаць расчытваць традыцыйную паэзію, то падтэксты ўбачыш, на першы погляд, у абсалютна бязьвінных песеньках. Але яны там ёсьць. У начыньні, у адзеньні, у абутку, дзе заўгодна, але ёсьць. Але вось так як мы ў нашай перадачы называем гэта, у традыцыі ўсё ж не дазвалялася.

«Вельмі здорава, што здымаецца гэтая герархія, у якой жанчына павінна заўсёды хацець сэксу»

Ганна Соўсь: Марына, вы казалі пра тое, што беларускае грамадзтва яшчэ патрыярхальнае, што ў сэксуальных адносінах ёсьць элемэнты падпарадкаванасьці, элемэнты маніпуляцыі. Тым ня менш грамадзтва мяняецца — цяпер эпоха сацсетак, кампаній кшталту #metoo і большай гендэрнай роўнасьці, калі «сэкс не прадае» ў рэкляме, калі сэксуальныя жарты ў публічнай прасторы могуць быць па-рознаму інтэрпрэтаваныя, калі жанчына ўсё менш разглядаецца як абʼект, якога трэба дамагацца, і гэтак далей. Ці гэтыя зьмены ў грамадзтве неяк уплываюць на сэкс? Ці сэкс насамрэч не залежыць ад зьмены стэрэатыпаў і ўяўленьняў?

Марына Каханоўская: Канешне, гэта тое, што зараз адбываецца. Гэта вельмі добрыя зьмены. Тыя рухі, якія зараз існуюць у сацыяльных сетках ва ўсім сьвеце, гэта вялікая хваля, і гэта ідзе толькі на плюс у сэксе. Якое інфармацыйнае асяродзьдзе, такія ў нас і ўяўленьні пра сэкс, так мы сябе і паводзім у сэксе. Таму сёньня вельмі здорава, што здымаецца гэтая герархія, што жанчына павінна заўсёды хацець сэксу, што яна павінна выконваць свой сужэнскі абавязак, і зь іншага боку, што мужчына заўсёды павінен задаволіць жанчыну, што ён проста абавязаны гэта зрабіць.

Жанчына перастане баяцца мужчын.

Зараз больш аналітычны парадак мысьленьня, калі больш глядзіш на тое, што можа зрабіць жанчына, што можа зрабіць мужчына, што пара можа зрабіць для сваіх сэксуальных адносін. І праз гэтыя зрухі я бачу грамадзтва больш здаровым у будучым. Гэта адназначна будзе больш бясьпечнае асяродзьдзе для будовы адносінаў. Жанчына перастане баяцца мужчын. На сёньняшні дзень гэта існуе, і на маіх майстар-клясах жанчыны так і кажуць: «Я разьвялася, але ня ведаю, як будаваць адносіны зь іншым мужчынам, раптам ён штосьці са мной зробіць». Адразу ўяўляецца карцінка, што ён можа яе і ўдарыць па галаве, і вывезьці, і нешта зрабіць. Гэта зараз яшчэ бытуе такое меркаваньне! Дзякуючы хвалям, якія разгойдваюць такія гісторыі, мы выйдзем на нейкі больш высокі ўзровень у зносінах, у камунікацыі, у пабудове сэксуальных адносін.

Рыбка і прыгажуні ля Лукашэнкі. Курс, Лісіцкая і Лунёва пра «Рыбкагейт» з гледзішча літаратуры і гендэру

Ганна Соўсь: Валярына, ці вы згодная з Марынай? Вы самі бралі ўдзел у кампаніі #янебаюсясказаць, якая некалькі гадоў таму вельмі актыўна прайшла ў Беларусі. Ці згодная вы, што новыя ўяўленьні ў грамадзтве пра тое, якія мусяць быць адносіны паміж мужчынам і жанчынай, станоўчым чынам паўплываюць на сэкс, на эратычныя адносіны, на якасьць гэтых адносінаў?

Некаторыя рэчы жанчыны замоўчвалі, не прынята было гаварыць пра ўсё гэта жанчыне, бо гэтыя правілы былі прынятыя мужчынамі.

Валярына Кустава: Натуральна, гэта больш спрыяльныя ўмовы для камунікацыі, для сэксуальных дачыненьняў, для паразуменьня паміж мужчынам і жанчынай. Папросту гэта адкрытасьць. А як правіла, чым больш партнэр ведае пра цябе, чым больш ты шчыры перад ім, тым больш глыбокія духоўныя і інтымныя дачыненьні паміж вамі могуць быць. Мне здаецца, што тая кампанія палепшыла мае дачыненьні і з самым блізкім асяродкам, і з маімі сябрамі-мужчынамі. Бо проста некаторыя рэчы жанчыны замоўчвалі, не прынята было гаварыць пра ўсё гэта жанчыне, бо гэтыя правілы былі прынятыя мужчынамі. Чым больш тлумачыцца мужчынам, беларусам пра павагу адзін да аднаго, пра адкрытасьць адзін да аднаго, тым больш станоўча гэта ўплывае агулам на гендэрныя дачыненьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG