Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў (PDF) чарговы «партрэт укладчыка» беларускіх банкаў.
Паводле Нацбанку, каля паловы ўкладчыкаў у пэнсійным веку або набліжаюцца да яго, толькі 22,9% робяць тэрміновыя ўклады ў беларускіх рублях. Прыблізна пароўну беларусы карыстаюцца адклікальнымі дэпазытамі (іх 48,2%) і безадклікальнымі (51,8%), але ў беларускіх рублях значна большую папулярнасьць маюць другія.
За II квартал 2018 году дэпазыты ў беларускіх рублях павялічыліся ў грашовым выражэньні на 5,8%, у замежных валютах — зьменшыліся на 2,3%. Колькасьць адкрытых рахункаў пастаянна крыху зьніжаецца (каля 3–5% на квартал), але ў ІІ квартале нечакана зьмяніліся гендэрныя суадносіны: колькасьць рахункаў жанчын павялічылася аж на 14,7% за квартал, мужчын — упала аж на 28,9%.
На аднаго ўкладчыка прыпадае ў сярэднім каля 8000 рублёў (год таму было 7300) ва ўсіх валютах. Але нерэзыдэнты Беларусі кладуць больш грошай. У сярэднім у замежніка 16 тысяч даляраў, калі дэпазыт у замежнай валюце, і 13,4 тысячы рублёў, калі ў беларускіх рублях. У беларуса ж — 6300 даляраў на дэпазытах у замежнай валюце і 3500 рублёў на дэпазытах у нацыянальнай.