У расейскай дыпляматыі новае аблічча. Спэцпасланьнікам МЗС па расейска-амэрыканскім гуманітарным сувязям прызначаны галівудзкі актор, майстар баявых мастацтваў Стывен Сыгал.
Такіх «новых расейцаў» у апошнія гады зьявілася нямала.
Некаторыя зь іх па дарозе ў Расею ці з Расеі наведваюць і кіраўніка Беларусі.
У жніўні 2016 году Стывэн Сыгал сустракаўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам Мікалаем, якія пачаставалі яго морквай і двума кавунамі з градкі. Беларускія СМІ паведамлялі тады, што Сыгал «забраніраваў» сабе цэлы паверх у доме «Пікаса» жылога комплексу «Маяк Менску», што будуецца на паўночным усходзе беларускай сталіцы. Сыгал таксама нібыта сказаў, што мае карані ў Беларусі, хаця раней сьцьвярджаў, што ягоныя карані ў Расеі ці Ўкраіне.
У 2015 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з францускім акторам і рэстаратарам Жэрарам Дэпардзьё. Лукашэнка правёў для Дэпардзьё экскурсію па сваёй рэзыдэнцыі «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку, паказаў сельскагаспадарчыя прылады і павучыў француза касіць ручной касой.