Падчас сьвяткаваньня Купальля ў Александрыі 8 чэрвеня, дзе Мікалай Лукашэнка граў на раялі, ягоны бацька прасьпяваў некалькі радкоў на ўкраінскай мове.
Украінская сьпявачка Таісія Павалій у час свайго выступу выйшла да слухачоў, падышла да Аляксандра Лукашэнкі. Той працягнуў яе песьню – радкі «А верба над грай-водой, наша пісня, наша доля. Хай завжди мене верба та й додому поверта». Кадры пазьней паказалі па дзяржаўным ТБ.
На наступны дзень засьпяваў яшчэ адзін вядомы чалавек: францускі актор Жэрар Дэпардзьё выступіў на «Славянскім базары» зь песьняй на францускай мове падчас канцэрту расейскай сьпявачкі Зары.
Лукашэнку і Дэпардзьё аб’ядноўвае ня толькі любоў да сьпеваў. У 2015 годзе яны разам касілі траву, француз нават абяцаў пераехаць у Беларусь, хваліў «падатак на дармаедаў».