Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Леўшына: Пра прэс-службы, каналізацыю і «справу БелТА»


Ірына Леўшына.
Ірына Леўшына.

Я даўно хацела напісаць пра гэта. Пра тое, як нам, недзяржаўным СМИ (небелтаўцам, несавецкабеларусаўцам, незвяздоўцам, нерэспубліканцам, небэтэшнікам і іншым не...), працуецца з дзяржструктурамі. І кожны раз я стрымлівалася, разумеючы, што магу толькі пагоршыць сытуацыю, ускладніць працу сваіх журналістаў.

А вось цяпер, бадай, не стрымаюся — балюча няпросты выдаўся тыдзень. Ператрусы, канфіскацыя тэхнікі, затрыманьні, трывога за калегаў, за сваіх блізкіх, адчуваньне ўласнай бездапаможнасьці і, нарэшце, злосьць на тых, хто зрэжысаваў гэты брудны спэктакль пад назвай «Справа БелТА».

Ірына Леўшына: «Склалася ўражаньне, што яны адчуваюць усю абсурднасьць таго, што адбываецца»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00

Не было б ніякай справы. Чуеце, грамадзяне сьледчыя? Ня спусьцілі б вам «зьверху» гэтую разнарадку, і трыста гадоў нікому не патрэбна была б інфармацыя БелТА, калі б журналісты недзяржаўных СМІ працавалі ў роўных умовах з «дзяржаўнікамі» — уваходзілі ў прэзыдэнцкі і ўрадавы пулы, былі акрэдытаваныя пры міністэрствах і мясцовых органах улады. БелаПАН адмовілі нават у сталай акрэдытацыі пры Менгарсавеце — органе ўлады, праца якога павінна быць абсалютная адкрытая для грамадзкасьці, бо дэпутаты гарсавету нібыта абіраюцца.

Колькі разоў, зьвяртаючыся па камэнтары да чыноўнікаў, карэспандэнты БелаПАН (упэўненая, што і іншых недзяржаўных СМІ) чулі фразы: «мы ўжо пракамэнтавалі БелТА», «можаце ўзяць зь БелТА», «на БелТА ўжо ёсьць»...

Натальля Эйсмант на рэпетыцыі параду да 100-годьдзя беларускай міліцыі ў Менску. 2017 год.
Натальля Эйсмант на рэпетыцыі параду да 100-годьдзя беларускай міліцыі ў Менску. 2017 год.

А ці часта каму-небудзь з вас, калегі зь недзяржаўных СМІ, удавалася датэлефанавацца да прэс-сакратаркі прэзыдэнта спадарыні Эйсмант? Асабіста мне — пару разоў за ўвесь амаль 4-гадовы пэрыяд яе знаходжаньня на гэтай пасадзе. Мы неяк нават задаліся мэтай: падлічыць, каму колькі разоў выпала такое шчасьце — заслужыць гонар пачуць па тэлефоне чароўны голас Натальлі Мікалаеўны. Прапаную ўнесьці прэс-сакратарку прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у Кнігу рэкордаў Гінэса — наўрад ці дзе-небудзь яшчэ існуе гэтак недаступная для журналістаў прэс-сакратарка.

А яе непасрэдны начальнік публічна даваў наступныя ўказаньні: «Я ня ведаю, як гэта вы будзеце рабіць, але калі я пачую або ў інтэрнэце прачытаю, што чыноўнік не размаўляе з журналістам і не падае тую інфармацыю, якую павінен, і НАЙПЕРШ АСНОЎНЫМ НАШЫМ ЖУРНАЛІСТАМ і сродкам масавай інфармацыі, унасіце неадкладна прапановы аб яго замене. Таму што другім разам будзе вельмі балюча для яго».

Аляксандр Рыгоравіч, праўда, не ўдакладніў публічна, каго адносіць да «нашых журналістаў», але мы ж памятаем, што менавіта ён у свой час падзяліў мэдыя-супольнасьць на «чэсных» і «нячэсных».

У маім канфіскаваным працоўным кампутары (увага, сьледчая група!) ёсьць куча файлаў з заяўкамі на акрэдытацыю, просьбамі аб інтэрвію да розных службоўцаў. Пераважная большасьць зь іх не задаволеныя. Чамусьці ўзяць камэнтар у высокіх прадстаўнікоў ЭЗ, АБСЭ, Рады Эўропы, у замежных дыпляматаў у разы прасьцей, чым у якога-небудзь «замзавначальника» аддзелу ўпраўленьня беларускага ведамства.

2016 год. Лілія Ананіч на адкрыцьці выставы "СМІ Беларусі".
2016 год. Лілія Ананіч на адкрыцьці выставы "СМІ Беларусі".

Згадваецца сустрэча былой міністаркі інфармацыі, незабыўнай спадарыні Ананіч, зь кіраўнікамі недзяржаўных СМІ ў сьнежні 2014 году. У выходны дзень чыноўніца экстранна склікала ў Мінінфарм зь дзясятак прафэсійных журналістаў, каб павучыць нас (яна — нас!) слушнаму падыходу ў асьвятленьні валютнага крызісу. У прыклад ставілася праца... Адгадайце чыя? Слушна — усё таго ж БелТА. А цяпер пашукайце, як апісвала дзяржаўнае інфармагенцтва сытуацыю на валютным рынку ў тыя дні. Наколькі я памятаю, слова «крызіс» адсутнічала ў іх публікацыях як такое. Аказваецца, былі ў нас толькі ваганьні курсаў, ніякіх чэргаў у абменьнікі, ніякай панікі — НЕ БЫЛО, вам сказалі!

На той сустрэчы мы з калегамі спрабавалі растлумачыць міністру інфармацыі (мы — міністру), як важны кантакт чыноўнікаў з журналістамі, наяўнасьць апэратыўных афіцыйных камэнтароў і тлумачэньняў. Каб нас жа потым не папракалі ў «скажэньні і нагнятаньні».

Я, памятаецца, пацікавілася ў Ананіч, чаму БелаПАН — афіцыйна зарэгістраванае з 1991 году (уяўляеце? Яшчэ ў далукашэнкаўскую эпоху!) інфармагенцтва — ня мае сталай акрэдытацыі пры дзяржструктурах, як БелТА. У адказ мне была зачытаная вытрымка зь якога-то цыркуляру аб тым, што кожнае ведамства мае права само прымаць рашэньне, зь кім са СМІ ім супрацоўнічаць. Зручная пазыцыя, так? Гэтаму — дала, гэтаму — не дала. Як сарака-варона (якая кашу варыла-дзетак карміла). Ці як на панэлі.

А ці можна ўявіць у нармальнай краіне сытуацыю, калі прэс-сакратары перад брыфінгу-сустрэчамі-падыходамі міністраў раздаюць журналістам цыдулкі з пытаньнямі, якія ТРЭБА ЗАДАЦЬ? Большага прафэсійнага прыніжэньня, здаецца, не бывае. І бо бяруць жа, зайчыкі, і паслухмяна зачытваюць. «Зручныя ў побыце», як звыш дасканала выказаўся спадар Крат.

Для мяне відавочна, што адна з мэтаў дзейства, сьведкамі і фігурантамі якога мы сёньня зьяўляемся, — зрабіць з журналістаў ручных трусоў. Тых, хто па ўказцы зачытвае чужыя пытаньні, кляпае ідэалягічна патрэбныя пасквілі і здымае на камэру ператрусы ў калегаў. У парушэньне ўсіх працэсуальных і маральных нормаў.

Вось толькі я не магу ўявіць сабе ў такой ролі ані Таню Каравянкову, ані Марыну Золатаву, ані Аню Калтыгіну і нікога зь іншых сваіх «змоўшчыкаў» па «справе БелТА». Што тычыцца мяне асабіста, адкажу так: калі ў гэтай краіне не застанецца ніводнага недзяржаўнага мэдыя, я лепш пайду мыць падлогі ў грамадзкай прыбіральні, чым працаваць побач з такімі, як Крат, Акуловіч і іншыя. Таму што гэта нават не ніжэй за плінтус — гэта наогул дзесьці на ўзроўні каналізацыі.

Галоўная рэдактарка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына

Арыгінал публікацыі на сайце NAVINY.BY.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG