Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна праз суд патрабуе ад Расеі вызваліць выкрадзенага ў Беларусі Паўла Грыба і яшчэ 70 палітвязьняў


Украінец Паўло Грыб, які год таму зьнік у Беларусі і быў перавезены ў Краснадар у СІЗА. Расейскія ўлады абвінавачваюць грамадзяніна Ўкраіны ў «спрыяньні тэрарызму»
Украінец Паўло Грыб, які год таму зьнік у Беларусі і быў перавезены ў Краснадар у СІЗА. Расейскія ўлады абвінавачваюць грамадзяніна Ўкраіны ў «спрыяньні тэрарызму»

Украіна зьвярнулася зь міждзяржаўнай заявай у Эўрапейскі суд па правах чалавека аб сыстэматычным парушэньні правоў чалавека ў справах 71 грамадзяніна Ўкраіны, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах і сьледчых ізалятарах і перасьледуюцца з палітычных матываў.

Паўло Пятрэнка
Паўло Пятрэнка

«Гаворка ідзе пра масавы і сыстэмны перасьлед украінскіх грамадзян, якія трапляюць на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, і тых грамадзян, якія выкрадзеныя расейскімі спэцслужбамі з тэрыторыі іншых краін, і такія факты ў нас ёсьць — гэта ўкраінскі грамадзянін Грыб, які быў выкрадзены з тэрыторыі Беларусі і незаконна перавезены на тэрыторыю Расеі», — заявіў міністар юстыцыі Ўкраіны Паўло Пятрэнка.

Паводле яго, заява сфармаваная на падставе матэрыялаў крымінальных спраў, адкрытых у Расеі супраць украінцаў:

«Наша мэта — атрымаць рашэньне, якое канстатуе парушэньне нормаў канвэнцыі аб правах чалавека і абавязвае Расейскую Фэдэрацыю вызваліць украінцаў і вярнуць іх на тэрыторыю Ўкраіны».

Украінцаў у Расеі перасьледуюць, як у СССР у 1930-я гады

У сваю чаргу, намесьнік міністра юстыцыі — упаўнаважаны ў справах Эўрапейскага суду Іван Лішчына дадаў: адметнасьць заявы ў тым, што па ўсіх уключаных у яе справах ёсьць сыстэматычныя парушэньні правоў чалавека — на свабоду ад катаваньняў, асабістую недатыкальнасьць, на справядлівы суд, на прыватнае жыцьцё і на свабоду выказваньня поглядаў.

Іван Лішчына
Іван Лішчына

«У Расейскай Фэдэрацыі толькі на падставе палітычных перакананьняў ці рэлігійных прыкмет украінцы перасьледуюцца сыстэматычна. І гэта, уласна, мы і даводзім. Гэта не адзінкавыя выпадкі, ва ўсіх 71 справе ёсьць сыстэматычнасьць — то бок знаходзяць адну асобу, выбіваюць у яе паказаньні, яна паказвае на кагосьці іншага, з таго зноў выбіваюць паказаньні, а потым ідуць далей па такім самым ланцужку. Калі мы рыхтавалі гэтую заяву, у нас было адчуваньне, што мы працуем над апісаньнем маскоўскіх працэсаў 1930-х гадоў, калі ўсё было пабудавана на самаагаворах або на сьведчаньнях сябра, якога катавалі ў турме», — кажа Іван Лішчына.

Экспэрт: Справа Грыба для Беларусі — палітычная

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны просіць Эўрапейскі суд разгледзець заяву Ўкраіны ў прыярытэтным парадку. На падставе выніковага рашэньня гэтай судовай інстанцыі Ўкраіна плянуе зьвярнуцца да міжнародных партнэраў з прапановай сфармаваць асобны санкцыйны сьпіс па аналёгіі са «сьпісам Магніцкага» зь пералікам асоб, якія маюць дачыненьне да выкраданьня, катаваньня і пазбаўленьня ўкраінцаў волі на тэрыторыі Расеі.

Праваабаронца Дар’я Сьвірыдава, юрыст Украінскай Гэльсынскай групы па правах чалавека, якая брала ўдзел у падрыхтоўцы заявы Ўкраіны ў Эўрапейскі суд, мяркуе, што прававых наступстваў для Беларусі ў сувязі з узгадваньнем справы Паўла Грыба ў пазове ня будзе.

Дар'я Сьвірыдава
Дар'я Сьвірыдава

«Хутчэй можна весьці размову пра палітычныя наступствы, калі будзе даказана, што на тэрыторыі Беларусі спэцслужбы іншай краіны выкралі чалавека і незаконна яго вывезьлі на тэрыторыю Расеі. У прававым аспэкце мае адказваць Расея, бо менавіта супраць яе падае пазоў Украіна і менавіта Расея мае быць адказчыкам па гэтай справе», — кажа Дар’я Сьвірыдава.

Тым часам расейская адвакатка Марына Дубровіна, якая прадстаўляе ў судзе інтарэсы Паўла Грыба, паведамляла, што ў справе няма матэрыялаў пра тое, што ўкраінец быў выкрадзены ў Беларусі.

«Афіцыйная вэрсія — ён самастойна перайшоў мяжу і трапіў у Смаленскую вобласьць, горад Ярцава, а там быў ужо затрыманы», — адзначыла адвакатка.

23 ліпеня Паўночнакаўкаскі акруговы вайсковы суд Расеі накіраваў справу Паўла Грыба на дапрацоўку. Расейскія ўлады абвінавачваюць грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба ў «спрыяньні тэрарызму».

Расейскі суд адправіў на дапрацоўку справу выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба

Украінскія вязьні Расеі

​У заяве ў Эўрапейскі суд выкарыстаныя матэрыялы спраў 71 украінца, хто быў затрыманы і асуджаны на тэрыторыі Расеі або анэксаванага Крыму. Але і цяпер гэтая лічба ня лічыцца дакладнай. Адвакаты працягваюць шукаць усіх, хто падпаў пад крымінальны перасьлед з палітычных матываў. Паводле інфармацыі юрыстаў, па стане на 1 сьнежня 2017 году ў Расеі без уліку Крыму колькасьць зьняволеных грамадзян Украіны складала больш за 2200 чалавек.

Крымскія татары і ўкраінцы, якія засталіся пражываць на акупаваным паўвостраве Крым, сталі найпершай і найлягчэйшай ахвярай расейскіх сілавікоў. Найчасьцей Расея абвінавачвае крымскіх татар у прыналежнасьці да экстрэмісцкіх арганізацый, якія забароненыя ў Расеі, а ўкраінцаў, якія адмовіліся ад расейскага грамадзянства, — у дывэрсійнай і антырасейскай дзейнасьці.

Найбольш рэзананснымі сталі выпадкі рэжысэра Алега Сянцова, фэрмэра Ўладзімера Балуха і географа-археоляга Аляксандра Кольчанкі, затрыманых і асуджаных на вялікія тэрміны зьняволеньня. Усе яны на знак пратэсту супраць несправядлівага суду і фальсыфікацыі спраў трымаюць у турмах галадоўку пратэсту. Але, нягледзячы на істотнае пагаршэньне стану іх здароўя і звароты міжнародных арганізацый і кіраўнікоў заходніх дзяржаў, Расея адмаўляецца іх вызваліць.

Украінскія вязьні Крамля: закладнікі гібрыднай вайны Расеі супраць Украіны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG