Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барбарства беларускае і расейскае


Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Гомель, 10 жніўня 2018 году.
Аляксандар Лукашэнка падчас паездкі ў Гомель, 10 жніўня 2018 году.

Агенцтва Reuters паведаміла, што Расея мае намер істотна скараціць падтрымку Беларусі, размова ідзе як пра адмову ў раней абяцаных крэдытах, гэтак і пра скарачэньне энэргетычных паставак. Расейскае міністэрства фінансаў паведамленьне агенцтва абвергла, прынамсі, часткова. Але выглядае, што тут той выпадак, калі дыму без агню не бывае.

Два траншы крэдыту па лініі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця па 200 мільёнаў даляраў Беларусь так пакуль і не атрымала. У абвяржэньні расейскага мінфіну пра скарачэньні паставак нафты і газу не гаворыцца нічога, гэтая інфармацыя не абвяргаецца.

Але хіба ня большае значэньне мае кантэкст. Сёньня ж, падчас наведваньня Гомеля, Аляксандар Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на Расею. Напал крытыкі быў прыкладна такім жа, як у 2016 годзе, у разгар тагачаснай нафтагазавай «вайны».

Відавочна, што «справа БелТА» узмацняе пазыцыі Масквы ў канфлікце з Менскам. Нават калі Масква да той справы — ні сном ні духам.

«Расейцы паводзяць сябе па-барбарску ў адносінах да нас, публічна пра гэта кажу. Яны ад нас патрабуюць чагосьці, як быццам мы васалы ў іх, а ў рамках ЭАЭС, куды яны нас запрасілі, яны выконваць свае абавязацельствы не жадаюць... мы заціснутыя, на жаль, з Усходу нашым старэйшым братам, які паводзіць сябе ў канкурэнцыі нядобрасумленна» — заявіў Лукашэнка падчас наведваньня «Гомсельмашу».

Папрокі ў тым, што Расея не выконвае абавязацельствы ў межах Эўразійскага саюзу, гучалі і раней, але не ў такім тоне: «Па-барбарску», «як быццам мы васалы» (а хіба не?), «у ЭАЭС, куды яны нас запрасілі» (а хіба Менск ствараў той саюз не разам з Масквой?).

Словам, тон канфрантацыі, канфлікту. Ня выключана, што заява ў Гомелі — своеасаблівы камэнтар празь фігуру змаўчаньня да плянаў, агучаных Reuters. Лукашэнку нязручна папракаць Маскву за скарачэньне прамой падтрымкі (яна яе аказваць не абавязаная), таму ён абрынаецца на яе больш жорстка, чым раней, за парушэньне правілаў саюзу (якія хаця б з меркаваньняў прэстыжу мусіла б выконваць).

Пэўны час таму незадавальненьне выказвалася ў форме больш мэтафарычнай, калі кіраўнік дзяржавы казаў пра небясьпеку ўваходжаньня ў склад іншай дзяржавы. Зараз — наўпрост.

Гомельскія заявы варта разглядаць у спалучэньні і з абмеркаваньнем вельмі спрэчнай кандыдатуры новага расейскага пасла ў Беларусі, і з «інсультным» скандалам.

Відавочна, што двухбаковыя адносіны рэзка абвастраюцца. Кожны элемэнт мазаікі дапускае іншую інтэрпрэтацыю, тлумачэньне ad hoc: ну пусьцілі чутку пра інсульт — дык абверглася даволі хутка, ну ёсьць у кандыдата ў паслы своеасаблівы бэкграунд — ня факт, што ён стане новым Мураўёвым, бывалі розныя паслы, Reuters можа фэйк запусьціў ці быў уведзены ў зман, Лукашэнка ў Гомлі можа проста не ў гуморы быў. Усё можа быць. Але куды больш імаверным уяўляецца, што кожны з эпізодаў ёсьць праява адной тэндэнцыі — новага жорсткага сутыкненьня Масквы і Менску.

Прычыны гэтага абвастрэньня — тэма асобнага абмеркаваньня. Варта назваць толькі адну — узмацненьне санкцыйнага ціску на Расею з боку ЗША. Санкцыі можа і не абрынаюць расейскую эканоміку, але рэсурсаў робіцца менш і больш шкада траціць іх на Беларусь. А псыхалягічна санкцыі ствараюць у Расеі, у расейскай палітычнай эліты, сындром аточанай крэпасьці. А калі такі сындром ёсьць, то хто ня з намі — той супраць нас. Ну а з тымі, хто супраць нас, мова строгая.

Але плённа паглядзець з гледзішча гэтага канфлікту, які разгараецца, на «справу БелТА». Не аматар кансьпіралягічных тэорыяў, ня схільны ва ўсім бачыць «руку Масквы», але відавочна, што «справа БелТА» узмацняе пазыцыі Масквы ў канфлікце з Менскам. Нават калі Масква да той справы — ні сном ні духам.

Пагром вядучых недзяржаўных СМІ Беларусі пагоршыць, ужо пагоршыў адносіны Беларусі з Захадам, з Эўразьвязам. Магчыма, не да ўзроўню новай «халоднай вайны», не да вяртаньня ў 2011 год. Але істотна. Дапамагаць Беларусі Захад і раней ня надта імкнуўся, ну а зараз няма жаданьня тым больш. У Гомелі Лукашэнка скардзіўся на расейскае «барбарства». Ну а «справа БелТА» — не барбарства? Дык з барбарамі і паводзяць сябе па-барбарску — а што ў гэтым ня так?

Калі твой вораг (ну супернік) робіць вялікае глупства, галоўнае — яму не перашкаджаць.

Ну а другі бонус для Масквы ад пагрому мэдыя тое, што зачыстка інфармацыйнага поля Беларусі ад няўгодных СМІ — гэта расчыстка гэтага поля для прыходу расейскіх інфармацыйных «сродкаў масавага паражэньня». Яны на ім і так не апошнія (калі не галоўныя) гульцы, але калі беларускія ўлады сваімі рукамі зьнішчаюць рэальных канкурэнтаў у Беларусі расейскім мэдыя — сьледчым у «справе БелТА» варта выдаць ордэны «Герояў Расеі». Паслуга тым больш карысная і каштоўная, што аказваецца напачатку вялікай бойкі. Інфармацыйнай у тым ліку.

Калі твой вораг (ну супернік) робіць вялікае глупства, галоўнае — яму не перашкаджаць.

Гэта здрада, «рука Масквы»? Хутчэй за ўсё не. Проста глупства. Дакладней, скрыўленая аўтарытарная лёгіка. Як казаў расейскі палітык Аляксандар Лебедзь, дурань — гэта не адсутнасьць розуму, гэта такі розум.

Вось пусьцілі ў Расеі чутку пра інсульт. А што БелаПАН і TUT.BY? А падхапілі, панесьлі далей, сотням тысяч беларусаў, пачалі абмяркоўваць — было ці не было, а якія наступствы, а што будзе. У межах скрыўленай кансьпіралягічнай лёгікі — уключыліся ў спэцапэрацыю, сталі яе часткай, спрацавалі на дэстабілізацыю. У межах нармальнай лёгікі — не маглі праігнараваць такую навіну, зусім не скакалі ад радасьці, чутку трактавалі менавіта як чутку, а не як бясспрэчны факт. Ну не маглі незалежныя СМІ рэагаваць на «гарачую» навіну як тая ж БелТА зь яе зьвышкаштоўнай платнай стужкай падпіскі, проста набраўшы ў рот вады.

Не маглі, значыць, ворагі, значыць, і ў наступны раз убудуюцца ў расейскую інфармацыйную атаку. Ну а не было б, уявім сабе, БелаПАНа і TUT.BY, дык і не абмяркоўвалі б беларусы «навіну» пра інсульт? Ну можа і абмяркоўвалі б. Але гэтыя — гады, здраднікі. На сьвятое замахнуліся. Пакрыўдзілі. Зрабілі здабыткам публічнасьці. Атрымайце.

Там, у залюстроўі аўтарытарызму, усё выглядае лягічна і абгрунтавана. А што расейцы рагочуць ад задавальненьня — хай рагочуць. У нас на іх БелТА ды вытанчаны Крят ёсьць.

Там, у залюстроўі аўтарытарызму, усё выглядае лягічна і абгрунтавана.

Калі паўстае новы фронт, тыл павінен быць забясьпечаны. І тое, што сілы, якія здаюцца дэстабілізуючымі, насамрэч умацоўваюць беларускі бок, ня мае значэньне. Гэта, як у старым анекдоце, «надта складана для нашага цырку». Умацоўвае беларускі бок тое, што пад кантролем беларускай улады — вось і уся навука.

Слушна на гэты конт заўважыла Сьвятлана Алексіевіч, што ў пэўным сэнсе беларускай уладзе і непатрэбная грамадзкая падтрымка. Ёсьць правадыр і ягоны верны маўклівы народ. Адабʼёмся, ня ў першы раз. А грамадзтва... А што такое грамадзтва? Балбатня і здрада і нічога больш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG