Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута: Беларуская ўлада вельмі гістэрычная


Аляксандар Фядута, архіўнае фота
Аляксандар Фядута, архіўнае фота

Госьць «Інтэрвію тыдня» — былы палітвязень, доктар філялёгіі Аляксандар Фядута. Ён адказвае на пытаньне, чаму ўлада распачала справу журналістаў, тлумачыць, чаму па гэтай справе нікога не пасадзяць, і заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму жорстка кантралюе тое, што лічыць мэтазгодным кантраляваць.

Улада за нешта вельмі пакрыўдзілася на беларускіх журналістаў

— Справа БелТА працягваецца, але на гэтым этапе ўжо можна рабіць пэўныя высновы, спрабаваць даць аналіз, вылучаць свае вэрсіі. Да вас вельмі простае пытаньне — што гэта было?

— З майго гледзішча, улада за нешта вельмі пакрыўдзілася на беларускіх журналістаў. Хутчэй за ўсё, гэта не камэнтары да палітычных падзеяў, бо на палітычныя камэнтары ўлада амаль не зьвяртае ўвагі. Хутчэй за ўсё, нешта асабістае — магчыма, пытаньне здароўя кіраўніка дзяржавы. Тыя, хто даў магчымасьць людзям даведацца, што здароўе не найлепшае, — яны і атрымалі. Зроблена гэта было па-дурному, недальнабачна. Наш МЗС зараз будзе вельмі доўга працаваць, каб зьмікшаваць наступствы — але ў іх такая праца.

Трэба было прадэманстраваць журналістам, што ўлада незадаволеная. Прадэманстравалі.

— Варта зьвярнуць увагу, што ўдар быў нанесены не па самых радыкальных, «апазыцыйных» СМІ, а па больш памяркоўных. Можа, галоўная мэта была ў тым, каб у журналістаў гэтых даволі памяркоўных мэдыя зьявілася самацэнзура?

— Калі ў беларускіх журналістаў не існуе самацэнзуры, гэта ня значыць, што ў іх не існуе разуменьня таго, што яны працуюць у стрэсавай сытуацыі асабістай небясьпекі. З майго пункту гледжаньня, самацэнзура існуе. Тыя СМІ, якія закранулі ў справе БеЛТА, гэта ня столькі палітычныя, камэнтатарскія, колькі менавіта інфармацыйныя СМІ. Гэта значыць, што тая крыўда была зьвязаная менавіта з распаўсюдам інфармацыі.

Пад крымінальную адказнасьць падпадаюць ня толькі тыя, хто карыстаўся паролем, але і тыя, хто яго даў

— Як сказаў Юры Зісер, справа, магчыма, будзе цягнуцца тыдні і месяцы. Магчыма, улады хочуць, каб над незалежнымі журналістамі вісеў такі дамоклаў меч, каб яны былі больш баязьлівымі і асьцярожнымі ў сваёй працы?

— Калі вы бачылі прафэсійныя камэнтары юрыстаў да ўсёй гэтай справы, — насамрэч падставаў для крымінальнай справы там няма. І я з гэтым згодны. Бо ў такім выпадку пад крымінальную адказнасьць падпадаюць ня толькі тыя, хто карыстаўся паролем, але і тыя, хто яго даў. Яны што — будуць прысутнічаць толькі ў якасьці сьведак на працэсе, калі той адбудзецца? Напэўна, не. І тады прысуд павінны атрымаць ня толькі спадарыня Золатава, але і спадар Жук, былы кіраўнік БелТА, Бо ён, напэўна, ведаў што існуюць несанкцыянаваныя заходы, і не прыняў мераў, — значыць, таксама павінен быць пакараны за халатнасьць.

Тое, што нікога ня будуць саджаць на нейкі тэрмін, — з майго пункту гледжаньня, відавочна

— Таму можна лічыць, што не пакараюць ані тых, ані тых?

— Я думаю, можа быць нейкі штраф. Магчыма, спадарыня Золатава атрымае прысуд, які перашкодзіць ёй далей працаваць на кіроўных пасадах у інфармацыйнай сфэры. Але тое, што нікога ня будуць саджаць на нейкі тэрмін, — з майго пункту гледжаньня, відавочна.

— ІТ-прадпрымальнік Віктар Пракапеня зьвярнуўся да ўмоўнага працаўніка сілавых структураў «Алега Пятровіча», які заводзіць, паводле Пракапені, такія справы. Яму ўжо адказалі, што гэта не Алег Пятровіч, а Аляксандар Рыгоравіч. Ваша думка — ці істотная роля такіх «Алегаў Пятровічаў», ці ўсё кіруецца зьверху?

— Ня можа ісьці размова толькі пра шараговых выканаўцаў. Яны могуць зрабіць горш ці лепш сваю працу, але дазвол на тое, каб заводзіць скандалы такога ўзроўню, — гэта ня справа шарагоўцаў, гэта справа кіраўніка той ці іншай галіны ўлады.

Тое, што Лукашэнку трэба кантраляваць, і тое, што ён лічыць мэтазгодным кантраляваць, — ён кантралюе.

— А як вы ставіцеся да размоваў, што Аляксандар Лукашэнка ўжо не настолькі малады і актыўны, як раней, не за ўсім можа ўсачыць? Таму, маўляў, самастойнасьць розных чыноўнікаў павялічваецца, і яны цягнуць коўдру на сябе.

— Да гэтага я стаўлюся ў фармулёўцы, якую я выказаў у адным са сваіх тэкстаў, — «Не дачакаемся». Тое, што яму трэба кантраляваць, і тое, што ён лічыць мэтазгодным кантраляваць, — ён кантралюе.

— Ці можна зьвязваць справу БелТА з набліжэньнем важных палітычных кампаніяў — парлямэнцкімі і прэзыдэнцкімі выбарамі? З аднаго боку, у такія пэрыяды вага сілавікоў павялічваецца, зь іншага — падчас выбарчых кампаніяў улада імкнецца дэманстраваць пэўны «лібэралізм». Ці будуць такія справы ўзьнікаць у бліжэйшыя месяцы?

— Беларуская ўлада ўвогуле даволі гістэрычная. Час ад часу яна ўпадае ў стан гістэрыкі і пачынае рабіць памылкі. І гэтая гістэрыка часта ўмацоўваецца акурат падчас электаральных кампаніяў. Таму — усё можа быць.

— Наколькі паўплывала на стан «справы журналістаў» даволі хуткая (хоць і ня вельмі рэзкая) рэакцыя Захаду? Афіцыйны Менск цяпер моцна турбуе думка Захаду? Ці яны спачатку робяць, ня думаючы пра наступствы, і толькі потым пачынаюць тлумачыць Захаду, што гэта азначала?

— Беларуская ўлада — гэта хто? Калі гэта Аляксандар Лукашэнка, то ён робіць, што хоча і што лічыць мэтазгодным. А тое, што пасьля робіць і тлумачыць МЗС, — дык гэта справа МЗС. Міністар Макей за гэта грошы атрымлівае.

— Ці можна сказаць, што пасьля «справы журналістаў» ужо неяк няёмка будзе казаць пра «лібэралізацыю»? Ці ёсьць падставы меркаваць, што ўлада аслабляе свой ціск на грамадзянскую супольнасьць апошнія гады, ці ніякага такога аслабленьня няма?

— Ніякага аслабленьня няма, беларуская ўлада што рабіла, тое і робіць. Гэта залежыць ад палітычнага сэзону. Калі набліжаецца электаральны сэзон, то будуць дэманстраваць большую «лібэралізацыю», але адначасова будзе большы ціск на прэсу.

Ці лічыцца беларуская ўлада з Захадам? Яна наагул зь ім ніколі не лічылася. Яна прымусіла Захад лічыцца з сабой. Цяпер заходнія палітыкі дэманструюць, што яны прыхільнікі свабоды слова і дэмакратыі, і зь іншага боку — вядуць дыялёг з гэтай уладай, якая свабоду слова і дэмакратыю ня любіць. Таму — нічога новага.

Прадстаўляліся суседзямі, адключалі тэлефоны. Як сьледчыя затрымлівалі журналістаў Tut.by

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG