Старшыня Мэджлісу крымскататарскага народу, народны дэпутат Украіны Рэфат Чубараў заяўляе аб ціску беларускіх спэцслужб на татараў, якія пражываюць у Беларусі і маюць сваякоў у Адэскай і Херсонскай абласьцях, а таксама ў Кіеве.
Паводле яго, Мэджліс атрымаў інфармацыю аб правядзеньні супрацоўнікамі спэцслужбаў і міграцыйных органаў Беларусі актыўнага апытаньня татараў Беларусі і прадстаўнікоў іншых этнічных супольнасьцяў, якія вызнаюць іслам.
«Афіцыйным тлумачэньнем такой цікавасьці называецца «вывучэньне міграцыйных патокаў, роднасных сувязяў, узроўню рэлігійных і нацыянальных суадносін у індывідуальнай і калектыўнай мэнтальнасьці мусульманскіх дыяспар», — напісаў Рэфат Чубараў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле інфармацыі Мэджлісу, супрацоўнікі просяць адказаць татараў на наступныя пытаньні: «Ці паедзеце ў Кіеў на Дзень незалежнасьці Ўкраіны?», «Ці наведваеце Ўкраіну наагул ў сьвяты?», «Наколькі часта вы сьвяткуеце ўкраінскія сьвяты і ці не супярэчыць гэта тлумачэньням Карана?», «Ці падтрымліваеце вы абвяшчэньне Новааляксееўкі (Херсонская вобласьць) сталіцай крымскататарскай аўтаноміі ва Ўкраіне?».
Рэфат Чубараў не выключае, што такая «зацікаўленасьць» беларускіх спэцслужбаў можа быць абумоўлена заданьнем з Расеі: «актывізацыя выведвальна-дывэрсійнай дзейнасьці Расеі праз трэцюю краіну з мэтай абвастрэньня міжэтнічнай і міжрэлігійнай сытуацыі ва Ўкраіне». Паводле яго, гэта можа стаць падставай, каб абвінаваціць Украіну ў «перасьледзе» ня толькі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, але і мусульманскіх арганізацый.
Кіраўнік Мэджлісу таксама зьвярнуўся да ўкраінскіх грамадзян, якія маюць сваякоў і сяброў у Беларусі, дапамагчы высьветліць дадатковую інфармацыю наконт такіх дзеяньняў беларускіх спэцслужб.
Раней Рэфат Чубараў неаднаразова заяўляў аб неабходнасьці адмовы Ўкраіны ад менскай пляцоўкі перамоў у пытаньні ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Сваю пазыцыю ён тлумачыў тым, што Беларусь сыстэмна не падтрымлівае дакумэнты, што ўхваляюць у межах ААН, аб забесьпячэньні правоў чалавека на тэрыторыі анэксаванага Расеяй Крыму.