Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць чыноўнікаў Менгарвыканкаму, якія нажываліся на школьных сталоўках


У Менскім абласным судзе пачалі дапытваць абвінавачаных у справе аб карупцыі ў Менгарвыканкаме. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала прадстаўніца суду.

Па справе праходзяць былы начальнік галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Сяргей Барысевіч і яшчэ 12 службовых асобаў.

Пяцёра зь іх падчас працэсу сядзяць у клетцы.

Сяргею Барысевічу прад’яўленыя абвінавачаньні па чч. 1, 2 і 3 арт. 430 (атрыманьне хабару), арт. 210 (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 16 (саўдзел у злачынстве) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Чыноўніка затрымалі ў красавіку.

Абвінавачаньне Барысевічу зачытвалі больш за дзьве з паловай гадзіны, паведамляе Tut.by. У ім дзясяткі эпізодаў хабару ад дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня розных раёнаў Менску:

  • Цэнтральнага (агульная сума хабару — каля 91 тысячы рублёў),
  • Першамайскага (30 тысяч),
  • Партызанскага (17 тысяч),
  • Заводзкага (32,6 тысячы).

Грошы кіраўнікі камбінатаў школьнага харчаваньня зьбіралі з загадчыкаў вытворчасьці сталовак школ і каледжаў. У абмен на рэгулярныя выплаты Барысевіч абяцаў меншую колькасьць праверак і «непрыняцьце мераў рэагаваньня на выяўленыя парушэньні».

На лаве падсудных апынуліся таксама дырэктары камбінатаў школьнага харчаваньня Фрунзенскага, Партызанскага, Заводзкага раёнаў, загадчыкі вытворчасьці камбінату школьнага харчаваньня Ленінскага раёну.

Барысевіч прызнаў сябе вінаватым часткова. Ён заявіў, што падарункі і частку грошай перадорваў вышэйшаму начальству. Грошы, паводле ягоных слоў, ішлі Андрэю Дамарацкаму, які тады займаў пасаду намесьніка старшыні Менгарвыканкаму і курыраваў гандаль. Дамарацкага затрымалі ў траўні 2018 году.

На былога намесьніка старшыні Менгарвыканкаму завялі крымінальную справу

На допыце абвінавачаных у судзе Сяргей Барысевіч адмовіўся даваць паказаньні. Падчас сьледзтва ён адмаўляў атрыманьне хабару ад усіх дырэктараў камбінатаў школьнага харчаваньня. Аднак сёньня ў судзе ён часткова гэта пацьвердзіў.

Таксама Барысевіч ня змог згадаць абставіны набыцьця браняванага Mercedes-Benz 600. На пытаньне, за якія грошы ён набыў два аўтамабілі (Mitsubishi Pajero і Mercedes-Benz ML 350), кватэру на праспэкце Пераможцаў і матацыкл Harley Davidson, Барысевіч патлумачыў, што кватэра набытая ў крэдыт, адну машыну купіў цесьць, на другую ён назьбіраў сам, а матацыкл належыць жонцы сябра.

Сталоўкі ў менскіх школах возьмуць пад відэакантроль

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG