Беларусі варта адмовіцца ад практыкі адміністрацыйнага рэгуляваньня цэнаў. Такую параду дае Сусьветны банк у «Комплексным дыягнастычным дасьледаваньні эканомікі Рэспублікі Беларусі».
«Адміністрацыйны кантроль цэнаўна сацыяльна значныя тавары і іншыя абмежаваньні, такія як патрабаваньні да арганізацыяў раздробнага гандлю што да рэалізацыі прадукцыі мясцовай вытворчасьці, трэба зьліквідаваць, каб забясьпечыць фармаваньне цэнаў на рынкавых прынцыпах», — лічыць Сусьветны банк.
На гэтыя крокі, на думку экспэртаў банку, варта пайсьці, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця прыватнага сэктару.
Паводле ацэнак Сусьветнага банку, рынкі ў Беларусі рэгулююцца шматлікімі нарматыўнымі актамі, якія павялічваюць выдаткі ўваходу на рынак і вядзеньня бізнэсу.
«Некаторыя галіновыя нарматыўныя праўныя акты ёсьць цяжкімі — напрыклад, у авіяцыйных зносінах, сэктарах тэлекамунікацыяў, прыватных мэдычных паслуг, вышэйшай адукацыі і будаўніцтва, што не спрыяе прыходу на рынак або пашырэньню бізнэсу многіх кампаніяў», — канстатуюць экспэрты Сусьветнага банку.
На думку банку, разьвіцьцю прыватнага сэктару ў краіне многія гады не надавалася належнай увагі, таму ўзровень занятасьці ў недзяржаўным сэктары адзін з найніжэйшых у рэгіёне, паведамляе БелаПАН.
«Пасьля распаду Савецкага Саюзу Беларусь пайшла шляхам паэтапнай трансфармацыі, які характарызаваўся павольнымі тэмпамі разьвіцьця прыватнага сэктару і абмежаванымі рэформамі сыстэмы кіраваньня дзяржаўнымі прадпрыемствамі», — адзначаюць экспэрты Сусьветнага банку.
Адным з наступстваў такой палітыкі сталі даволі нізкія тэмпы росту прыватнага сэктару, гаворыцца ў дасьледаваньні.
Паводле ацэнкі Сусьветнага банку, праз чвэрць стагодзьдзя пасьля абвяшчэньня незалежнасьці доля дзяржаўнага сэктару ў ВУП Беларусі застаецца значнай (42,8%), на дзяржаўных прадпрыемствах працуе амаль палова занятага насельніцтва, дзяржаўны сэктар выпускае больш за 75% прамысловай прадукцыі.