У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
«МУТНАЕ ВОКА»
Неяк слотнай восеньскай ноччу я сьпяшаўся на станцыю мэтро «Кастрычніцкая». Я бег праз Цэнтральны сквэр у надзеі пасьпець на апошні цягнік. Горад ужо сьцішыўся, каб заснуць. Ніводнага чалавека ў цёмным сквэры, рэдкія машыны на праспэкце, суворая грамада Дому афіцэраў і… я нават спыніўся ў нерашучасьці… слабое, ледзь заўважнае сьвятло з вокнаў даўно закінутага былога Дому мастацтваў. Разумеючы, што яшчэ хвіліна, і мне прыйдзецца дабірацца пешкі, я без ваганьняў збочыў у цёмныя задворкі. На тое прывіднае сьвятло зь нежывых закратаваных вокнаў.
Я ведаў, што ў гэтых, нейкім цудам не разбураных вайною і саветамі, мурах некалі быў царкоўны музэй, пасьля тут гучалі галасы ўрадоўцаў БНР. Але й па сёньня сярод менскай багемы гэты адрас дзякуючы кавярні для творцаў застаецца вядомы як «Мутнае вока». Хоць ужо колькі гадоў дзьверы былога Дому мастацтваў не адчыняліся для ягоных заўсёднікаў. І раптам гэтае нерэальнае сьвячэньне сярод восеньскай ночы…
Сакрэт жоўтага сьвятла быў да крыўднага простым. Скрозь пыльную шыбу я ўбачыў голыя абадраныя сьцены вялікага пустога пакою, асьветленага наскрозь люмінэсцэнтным сьвятлом вулічнага ліхтара праз вокны фасаду. Два казённыя фатэлі каля супрацьлеглай сьцяны, пакінутыя ці забытыя тут невядома калі, толькі падкрэсьлівалі халодную няўтульную пустату некалі вельмі шумнага месца. Як мог я напружваў фантазію, намагаючыся ажывіць мёртвы дом гукамі нястройнага фартэпіяна, гучнымі тостамі, звонам посуду ды тлумам цыгарэтнага дыму. Нічога не атрымлівалася. Станавілася яшчэ больш халодна і няўтульна. Я зразумеў, што спазьніўся незваротна…
«РАДУЙСЯ Й ТЫ, ВЕРАБЕЙ ЦУДАТВОРЦА-А-А!»
Вясною 1999-га я меў гонар у кампанii лiтаратараў, чые iмёны й творы вывучаюцца ў школе, зьезьдзiць на Полаччыну. З прапагандаю, так бы мовiць, сярод беларусаў роднага слова. У сьцюдзёным гатэлi засьнежанага Наваполацку, у кампанii з Рыгорам Барадулiным, я не ўстрымаўся, каб не запытацца ў маэстра, а цi ня ён прыдумаў легендарную назву на нефармальнай мапе яшчэ савецкага Менску «Мутнае вока».
— Можа я, можа ня я, — засьмяяўся Барадулін. — Праз «Мутнае вока» прайшла цэлая армiя актораў, паэтаў, празаiкаў, фiлёзафаў, прафэсараў, так сказаць. Усiх не зьбярэш. Бо гэта было адзiнае месца, дзе пахла нейкай незалежнасьцю. Ну, нефармальна, таму што мiкрафоны стаялi пад кожным столiкам. Але можна было нешта гаварыць, i ўзьнiкала ўражаньне вольнай багемы. Што ў нас ледзь не Манмартар.
Будынак царкоўна-археалягічнага музэю быў пабудаваны ў 1913 годзе да 300-х угодкаў Дому Раманавых. Між іншым, гэты дом — адзіны ўзор псэўдарускага стылю ў Менску. Усім сваім выглядам ён прызначаўся для царкоўных пяяньняў і строгіх абразоў. Ніяк не для багемных папоек. Зрэшты, пяяньні тут адбываліся. Частым госьцем «Мутнага вока» быў галоўны бас тагачаснай менскай Опэры Віктар Чарнабаеў.
— А ў наш час было: «Актёры первые едят, в меню мечтательно глядят. О, бедный архирейский дом. Я узнаю тебя с трудом»… — працягваў свае згадкі Рыгор Барадулін. — Зразумела, «Мутнае вока» не магло быць без Караткевiча. Я памятаю, быў нейкi вечар, мы прынесьлi з сабою нешта выпiць i ў буфэце яшчэ бралi. I Чарнабаеў Вiктар Максiмавiч нешта засьпяваў. I тут, вядома, Караткевiч не ўцярпеў. Як гэта яго нехта пераб’е! Наагул, Уладзiмер не цярпеў канкурэнцыi нi ў чым. Нi ў мастацтве, нi ў выпiўцы. I вось Валодзя тут экспромтам сваiм магутным голасам пачаў сьпяваць: «Багаты чалавек каня запражэ дый выедзе-е-е. А бедны чалавек жонку пакладзе дый выебе-е-е. Радуйся, сарока, радуйся, варона. Радуйся й ты, верабей цудатворца-а-а!» Чарнабаеў ашалеў. Там усе ашалелi. Бо ў архiярэйскiм так званым доме — i такi царкоўны хваласьпеў, i з такiм тэкстам!..
Як добра, што некаторыя творцы для мяне застануцца знаёмымі толькі сваімі вершамі. А не асабіста.
НАВАКСАВАНЫЯ МЕЛЕЖАВЫ ТУФЛI
— Я памятаю яшчэ, як у «Мутным воку» быў нейкi чарговы бэнэфiс Мележа, самага самазакаханага пiсьменьнiка Беларусi. I вось калi ён выходзiў, на шляху яму сустрэўся Мiхась Стральцоў пад добрай мухай. I Мiшу дужа не спадабалiся надта наваксаваныя Мележавы туфлi. Свае адносiны да клясыка Стральцоў выказаў тым, што, ня кажучы нi слова, стаў сваiмi нячышчанымi ботамi зацiраць нашмараваныя туфлi героя дня. Быў страшны скандал. Стральцоў, якi невядома дзе начаваў, i Iван Паўлавiч — кадравы работнiк ЦК i…
Пра тое, што Мележ быў сакратаром праўленьня СП, дэпутатам Вярхоўнага савету БССР, чальцом Усясьветнай рады міру і старшынём Беларускага камітэту абароны міру, цяпер можна даведацца толькі зь вікіпэдыі. Бо для ўсіх Мележ — аўтар «Людзей на балоце». А вось хто з маіх аднагодкаў памятае вершы Анатоля Вялюгіна? Сорамна, але пасьля барадулінскага аповеду для мяне гэтае паэтычнае імя назаўжды прапісалася ў «Мутным воку».
— Самым сталым клiентам «Мутнага вока» быў Вялюгiн. У Вялюгiна былi два апорныя рэстараны. Гэта рэстаран «Беларусь», дзе ў яго быў знаёмы афiцыянт — разьведчык былы, канечне кагэбiст, само сабой. А калi ўжо яму не хапала, ён тады iшоў у «Мутнае вока». А ён жыў насупраць цырку, у доме, якi звалi «залаты фонд гаркаму партыi». У «Мутным воку» ён даходзiў да кандыцыі і мог заснуць. Тады званiлi жонцы. Жонка забiрала, вяла. Ну а пасьля ўжо ранiцай назаўтра цi жонка, цi хто, цi мне было даручэньне занесьцi п’яныя даўгi.
З ТРЫБУНЫ ЧЫТАЎ ГОЛАСАМ ГІТЛЕРА
Актора Рамана Філіпава нельга назваць знакамітым. Хутчэй запамінальным. Хоць у ягонай кінакар’еры былі такія заўважныя ролі, як пан Дубатоўк зь «Дзікага паляваньня» і Ляпіс-Трубяцкой з «12 крэслаў», масавы глядач наўрад ці памятае ягонае імя. Ягонае грознае аблічча згадваецца найперш па фразе «Будете у нас на Колыме, милости просим» з кінакамэдыі «Брыльянтавая рука». Тое, што Філіпаў быў вядучым акторам Купалаўскага тэатру на працягу ўсіх 1960-х, для мяне было сюрпрызам.
— З «Мутнага вока» аднойчы выйшаў ноччу Раман Фiлiпаў. Выдатнейшы актор, расеец сам, зь Нiжняга Ноўгараду, але ён так вывучыў беларускую мову, што гаварыў лепш, чым многiя нашы… I вось Раман Фiлiпаў, гэтая махiна, узьлез на трыбуну, зь якой урад тады вiтаў на сваiх сьвятах шэсьцi. Стаў на гэтай трыбуне i сваiм магутнейшым голасам… цi кавалак з «Майн кампфу» прачытаў, цi ўрывак зь нейкай прамовы Гiтлера. Прычым голасам фюрэра. Ну гэта быў скандал страшны. I гэты выступ быў адной з прычынаў ягонага вяртаньня ў Маскву. Шмат чаго было там вясёлага. У «Мутным воку». Цяпер усё i не згадаеш.
Тады толькі выйшаў на экраны фільм «Звычайны фашызм», у якім рэжысэр Міхаіл Ром паказаў падабенства сталінскага і гітлераўскага рэжымаў. У тыя ж часы Гітлера гратэскна граў Уладзімер Высоцкі ў таганкаўскім спэктаклі «Палеглыя і жывыя». Таму «гітлераўская» прамова на савецкай трыбуне мяне не зьдзіўляе. Думаю, у выкананьні Філіпава гэта выглядала вельмі сьмешна. Шкада, што праз гэты выбрык Купалаўскі пазбавіўся добрага актора. Праўда, пасьпеўшы даць яму званьне заслужанага артыста БССР.
Я ішоў дадому начным праспэктам і думаў наконт праўдзівасьці адной высновы. «Усё адбылося так, як павінна было адбыцца. Таму ўсё, што намі страчана ўчора, сёньня ня мела шанцаў на жыцьцё». Выходзіць, ня варта плакаць па Менску зь Нямігай і Замкавай. А пагатоў сумаваць па замкнёных дзьвярах «Мутнага вока», якія ніколі ўжо не адчыняцца для вясёлых блюзьнераў. Будынак аддалі праваслаўнай япархіі… Шмат чаго яшчэ пасьпее забыцца, зьнікнуць і адрадзіцца наноў. Але, здаецца мне, жыцьцё гэтай вясёлай назвы ня скончылася з закрыцьцём Дому мастацтваў.
P. S. «Мутнае вока» ня зьнікла. Для новага пакаленьня гэта ўжо не забыты адрас, а назва рок-гурту. А «дамоў мастацтваў» у сталіцы, дзе адбываюцца канцэрты, чытаньні, прэзэнтацыі і лекцыі, цяпер столькі, што няма сэнсу сумаваць аб тым, што аддалі царкве.
1999, лістапад
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства
Дом творчасьці часоў Вялікага тэрору
Выкінуты «за непатрэбнасьцю» рай
«Быў час, быў век, была эпоха…»
Стары Новы год у Каралішчавічах