Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх вайскоўцаў накіравалі на «бітву за ўраджай»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі далёка ня першы раз выкарыстоўваюць вайскоўцаў у сельскагаспадарчых работах.

Ва Ўзброеных сілах Беларусі сфармавалі тры зводныя аўтамабільныя падразьдзяленьні для «аказаньня дапамогі» сельскагаспадарчым арганізацыям ва ўборцы ўраджаю, паведамляе Міністэрства абароны.

Задзейнічана «больш за 100» вайскоўцаў і 60 адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Вайскоўцы ўжо пачалі працу ў Віцебскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях.

Аляксандар Лукашэнка ў сакавіку адзначаў, што цяпер пасяўная кампанія ня мусіць выклікаць «сумневаў ці цяжкасьцяў», як некалі, і што цяпер не патрэбна вялікая мабілізацыя людзей. Тым ня меней у тым жа месяцы ў беларускай міліцыі зьявіліся спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной.

Летась праз надвор’е ўборка збожжавых зацягнулася, а ўраджайнасьць скарацілася. Жніво стала практычна «бітвай за ўраджай». Лукашэнка зьмяніў прызначаную прэм’ерам дату завяршэньня ўборачнай на 7 лістапада, але дату «правалілі» — хоць зьбіраць ураджай накіравалі нават вайскоўцаў (але за прымусовую ўборку лёну ўрэшце звольнілі некалькі чыноўнікаў). Пасьля Лукашэнка абураўся, што міністры і «губэрнатары» давалі яму фальшывыя зьвесткі пра вынікі ўборачнай кампаніі. Праблемы былі і тэхнічныя: паводле Дзяржкантролю, у чвэрці гаспадарак камбайны былі не гатовыя да збору ўраджаю. Лукашэнка даручыў міліцыі і КДК дакладаць яму асабіста, калі ламаюцца гарантыйныя камбайны.

Мінабароны прызнае, што вайскоўцы ня першы раз кідаюцца на жніво. Але сельская гаспадарка не адзіная галіна, дзе адзначаецца «нямэтавае» выкарыстаньне сілавікоў. Так, напярэдадні адкрыцьця менскага стадыёну «Дынама» пасьля працяглай рэканструкцыі курсанты Акадэміі МУС у міліцэйскай форме падмяталі вуліцы і трыбуны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG