У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.
У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.
Замовіць кнігу можна ТУТ
ІМЯ ПА МАЦІ
Пётра Сергіевіч, Стаўрова, 1900
Пётра Сергіевіч ад першага знаёмства зь ягонымі творамі не зрабіў на мяне ўражаньня афіцыёзнага мастака. Я ведаў, што ён узначальваў Саюз мастакоў Літоўскай ССР, я бачыў ягоны «буржуазны» асабняк на Антокалі ў Вільні, я разумеў, што за ўсё гэта заплачана правільнымі карцінамі — як «У партызанскай кузьні» ці «Гусьляр». Але перад усім гэтым я пазнаёміўся зь Сергіевічам — партрэтыстам, зьбіральнікам беларускіх тыпажоў. Ягоныя графічныя партрэты міжваеннага часу гавораць пра эпоху ня менш за кінахроніку. Аловак майстра схоплівае самае галоўнае — вочы, характар, сацыяльнасьць. Такое адчуваньне, што праз хвіліну зможаш дакладна ўявіць голас чалавека. Ня кажучы пра ягоную мову. Таму, апынуўшыся аднойчы на Браслаўшчыне, я ня мог абмінуць Стаўрова, родную вёску мастака.
Аглядаючы захопленым вокам тутэйшае велічнае Богінскае возера, я зусім ня цешыў сябе надзеяй, што знайду ў вёсцы нейкія палотны знакамітага партрэтыста. Але ў першай жа хаце, куды я пагрукаўся, усьмешлівая гаспадыня ў акулярах паказала мне на сьцяну, дзе вісела карціна Сергіевіча.
— Гэта я маленькая са сваёй бабуляй. Да вайны яшчэ. Я з 1937 году, а памятаю, як мяне малявалі. Дадуць яйка, якраз на Пасху.
Рэгіна Віршута, так клічуць маю суразмоўніцу, паведаміла цікавую акалічнасьць біяграфіі мастака. Аказваецца, ягонае імя па бацьку — Аляксандравіч — насамрэч імя па маці.
— Ён нейкім сватам даводзіўся маім бацькам. І яго маці звалася Аляксаша. Аляксандра. У нас тут быў маёнтак Чарніца. Калісьці там жыў нейкі пан. І гэты пан езьдзіў да гэтай Аляксашы. Ну і зрабіў гэтага Пецьку Сергіевіча. Пасьля шчэ адзін сынок нарадзіўся. І трэцяя дачка была, Гэля. І тады ўжо ня стала яна яго прымаць. Трох нажыла і болей зь ім спраў ня мела. Пан быў жанаты. Езьдзіў «набок» туды. З Чарніцы ў Плетарова. Сергіевіч нарадзіўся па-за шлюбам. Непадобна, што гэта былі адносіны пана і бядачкі. Трое дзяцей без каханьня не нараджаюцца. Пагатоў усе атрымалі адукацыю. Няйначай, бацька дапамагаў. А яны ўсе выбіліся. Усе тры былі граматныя. Дачка стала доктарам…
Зірніце на рэпрадукцыі карцін, на графічныя партрэты людзей і на сюжэтныя палотны алеем. Параўнайце «Весельчака» і Кастуся Каліноўскага сярод паўстанцаў. Ці «Старавера» і «Гусьляра». Такое адчуваньне, што працавалі два розныя мастакі. Але гэта адна рука. Прычым нельга назваць графіку раньнім пэрыядам. Сур’ёзны Каліноўскі напісаны 36-гадовым чалавекам. А вясёлы «Старавер» 60-гадовым майстрам. І, гледзячы на выявы гістарычных постацяў «алеем» і рэальных людзей «алоўкам», адразу бачыш, дзе рукой мастака кіруе сапраўдная жарсьць. Я зусім не зьдзівіўся, калі дазнаўся, што Сергіевіч складаў жартаўлівыя прыпеўкі пра сваіх землякоў.
РАСКОШНЫ АСАБНЯК СА ЛЬВАМІ
— Да нас як прыяжджаў, — згадвае спадарыня Рэгіна, — ходзіць па вёсцы, разглядаецца. Як у нас кажуць, веплаваты. Ну няхітры. Ідзе, разглядаецца. Усё яму цікава. Ён жа ж тут пражыўшы, песьні складаў. Мама мая ўсё пяяла. Ён прыходзіў заўжды, як прыедзе. І мы да яго езьдзілі. У Вільню. Я помню гэты дом. На Антокалі. Ляжалі такія львы. Жонка была, Стася. Яна чыста па-польску размаўляла. А ён чыста па-беларуску. Кватэра — там тры стэляжы. Карціны ў рамачках. Адна да адной складзеныя. І вось ён дастае карціну і расказвае — гэта жанчыны брусьніцы ў лесе зьбіралі. Іншую дастаў — гэта Федзя-партызан. А ці ёсьць гэты дом, гэтыя львы — невядома.
Дом на Антокалі, раскошны асабняк са львамі, і цяпер стаіць на сваім месцы. Вось толькі глядзець на яго абазнанаму чалавеку бяз болю не выпадае. У ідэале там мусіў быць беларускі культурны цэнтар. Пра каштоўнасьць Сергіевічавай спадчыны гаварыць лішне. Але пасьля сьмерці жонкі мастака беларускія чыноўнікі ніяк не парупіліся ні аб выкупе гэтага дому, ні аб лёсе карцін. Частку карцін сястра жонкі Стасі вывезла ў Польшчу, частка пыліцца ў запасьніках Літоўскай нацыянальнай галерэі, частка проста зьнікла. Толькі памятная шыльда нагадвае, чым мог быць гэты будынак для беларусаў Вільні.
Партрэт маленькай Рэгіны і яе бабулі Галены таксама, дарэчы, мог зьнікнуць.
— Вайной усіх спалілі. Тут жа ўсё бамбілі. А ў нас былі фікусы вялікія. А мы сядзелі ў акопе. Хата загарэлася. А я малая плакала, што фікусы згараць. А гэтая карціна была стаптаная. Мы прыехалі праз чатыры гады. Нашлі яе. Узялі, мама вымыла. Ён прыехаў пасьля вайны, падкрасіў. Ён яшчэ многа партрэтаў пісаў, але не захаваўшыся. Майго мужыка бацькі быў партрэт.
Насамрэч Сергіевіч быў Пётрам Альфонсавічам. Згадаў імя бацькі стары стаўровец Яўген Драбовіч. Не забыліся і прыпеўкі, складзеныя мастаком.
— Альфонс. Ён пан такі… Крыху багацейшы за мужыка. А Сергіевіч яшчэ ж і пісьменьнік быў. Меў круглае, гладкае слова. Пісаў частушкі. Па-сёньняшняму кажучы, прыколы. «Ці ня з тога сьвету чорт жыда пад’юдзіў залажыць смалярню для стаўроўскіх людзі? Стаўроўскія людзі работы ня маюць, ходзяць па лесе, карчы сабіраюць». Пад музыку падыходзіла. Старэйшыя людзі памяталі цэлыя куплеты гэтых прыпевак. На матыў «Абэрак». Танец такі польскі быў… Партрэты пісаў. Ён жа па вёсцы хадзіў, маляваў, хто толькі быў. За кавалак мяса, сала. Ён ня быў багаты чалавек. Бацькі ж не было. Матка і цётка. Маленькая хатка была. Безьзямельныя.
СЬВЯТЫМ АНТОНАМ ЗРАБІЎ АНТАНЕВІЧА
Увішная і гаваркая Данута Касач, у дзявоцтве Сергіевіч, сваёй непаўторнай віленскай гаворкай распавяла яшчэ адну гісторыю пра мастака. Аказваецца, у адным з храмаў Горадні — як я зразумеў, у брыгіцкім касьцёле — вернікі моляцца на стаўроўскі абраз.
— Ён такі чалавек быў разьвіты — ідзець, штосьці ўбачыць і нарысуець. Штосьці яму не спадабалася, возьмець штосьці складзець пра яго. Тата мой служыў у Горадні. А Сергіевіч маляваў там. У чырвоным касьцёле. Тата мне кажа: «Схадзі да краснага касьцёлу». — «А што я там буду рабіць?» — «Схадзі паглядзі на нашага чалавека стаўроўскага». Сергіевічу сказалі там партрэт намаляваць сьвятога, абраз. А хто ведаець, які той сьвяты быў? А ў нас тут быў такі Антаневіч. Мастак яго і намаляваў. Ён там і цяпер ёсьць. Сьвятым Антонам зрабіў Антаневіча. І людзі на яго моляцца. А хто там знаець, якія сьвятыя былі? Ужо мільён гадоў прайшоўшы. Каго намалявалі, таму і моляцца.
У Стаўрове я заўважыў адну цікавую дэталь. Дровы тут складаюць не ў дварах, а проста на вуліцы, перад хатай. Усе свае. А берагі вялікага возера, якія калісьці служылі для навакольных пляжам, даўно зарасьлі.
— Было сорак дзевак. А цяпер старыя, ніякія. Было возера харошае. Падысьці можна было, пяскі былі. Прыяжджалі і дачнікі, і яўрэі, як былі, прыяжджалі. А цяпер хто тут паедзець?
Старая Рэгіна на разьвітаньне прыгадала даўняе прароцтва Пятра Сергіевіча.
— Казаў: «Гэлька, помні. Уся Віленская губэрня зарасьцець лесам». Дык так і ёсьць. Стаўрова было во якое! А цяпер адны кусты. Бачыце, напрарочыў! Дык яно так і стала. Усё пазарастала лесам.
2014, ліпень
P. S. Маладыя, поўныя жыцьця, прыгожыя людзі з партрэтаў Сергіевіча — яны назаўжды засталіся ў сваім часе. Такіх тыпажоў ужо не сустрэнеш. Вёска Стаўрова зьнікне, але застанецца Богінскае возера. З маляўнічым востравам, на якім я апынуўся празь некалькі гадоў у кампаніі сталічных мастакоў, археолягаў і паэтаў. Людзей, якім ня трэба тлумачыць, хто такі Сергіевіч. Бязьлюднае навакольле напоўнілася беларускімі песьнямі і байкамі. Думаю, мастаку было б прыемна далучыцца да гэтай кампаніі.
Працяг будзе
Папярэднія публікацыі
«А графаманаў трэба расстрэльваць»
Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу
Сынтэз паганства і хрысьціянства