Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка кітайскага дантыста. Паэт і вэтэран НКВД


Гіём Апалінэр, партрэт
Гіём Апалінэр, партрэт

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць новая кніга Зьмітра Бартосіка «Клініка кітайскага дантыста», напісаная на матэрыялах праграм «Вострая Брама» і «Падарожжы Свабоды» на Радыё Свабода. Папярэдняя кніга падарожжаў «Быў у пана верабейка гаварушчы…» (Бібліятэка Свабоды, 2016) прынесла аўтару прэміі Аляксандра і Марыі Стагановічаў (за непрыдуманую літаратуру), Алеся Адамовіча (Беларускага ПЭН-цэнтру) і Ежы Гедройця. Паводле кнігі быў пастаўлены спэктакль беларускага Свабоднага тэатру.

У жніўні мы публікуем фрагмэнты новай кнігі на сайце.

Замовіць кнігу можна ТУТ

НАРОДЖАНЫ ПАЭТАМ «З МАТЭРЫЯЛУ ДЗЯДОЎ»

Гіём Апалінэр, Дарожкавічы, 1863

Пра тое, што продкі францускага паэта Гіёма Апалінэра паходзяць зь Беларусі, я даведаўся ад Ула­дзімера Караткевіча, зь ягонай «Зямлі пад белымі крыламі»: «Вальтэр як Вальтэр, Мальер як Мальер, тут я нічога не скажу, а вось вялікі францускі паэт Гіём Апалінэр быў… беларусам па крыві».

Крыніцай для Караткевіча магла служыць кніжка Апалінэра па-беларуску ў перакладах Э­дзі Агняцьвет, якая выйшла ў 1973 го­дзе. У прадмове перакладніца пісала: «Цікавая радаслоўная паэта. Яго продкі — Кастравіцкія па лініі маці — пахо­дзілі зь Беларусі. Жылі яны ў маёнтку Дарашковічы пад Наваградкам і сябравалі зь сям’ёй вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча. Прабабцы Апалінэра — Людвісі Кастравіцкай — Міцкевіч прысьвяціў верш «Матрос», дзе ёсьць радкі: «Загінуць ня можа краіна, дзе жонкі і дзевы такія!».

Гіём Апалінэр, 1902
Гіём Апалінэр, 1902

Яшчэ раней, у 1969-м, артыкул Э­дзі Агняцьвет пра беларускія карані францускага авангардыста зьявіўся ў зборніку «Дзень паэзіі». І ў тым самым го­дзе пра парадненьне з Апалінэрам афіцыйна заявіла салідная Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, якая ў першым жа сваім томе ў артыкуле «Апалінэр» паведамляла, што сапраўднае імя паэта — Гіём Альбэр Апалінары Кастравіцкі і што «Кастравіцкія пахо­дзілі зь Беларусі. Іх маёнтак Дарашковічы (пад Наваградкам) канфіскаваны пасьля паўстаньня 1863 году. Дзед Апалінэра эміграваў у Італію, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва паэта». Гэтыя ж зьвесткі мы можам пабачыць і ў першым томе Беларускай энцыкляпэдыі, які выйшаў у 1996 го­дзе.

Але ніякіх Дарашковічаў пад Наваградкам няма. Стары польскі «Слоўнік геаграфічны», які апісвае ўсе паселішчы Беларусі ў ХІХ ста­го­дзь­­­дзі, падае іншы адрас: Дарожкавічы пад Дзісной.

Туды мы і паехалі разам з полацкім паэтам Алесем Аркушам. Што праўда, вялікіх спа­дзяваньняў на падарожжа не ўскладалі. Ну сапраўды, што магло застацца ад шляхоцкай ся­дзібы на колішняй савецка-польскай мяжы пасьля віхураў ХХ стаго­дзь­дзя?

Здымак Сяргея Плыткевіча
Здымак Сяргея Плыткевіча

Але адкрыцьці пачаліся ўжо на ўезь­дзе ў Дзісну. Першы ж сустрэты намі дзісенец ахвотна распавёў пра родны горад, Магдэбурскае права, Стэфана Баторага і Вялікае Княства. На маё пытаньне, ці ўсе тут у Дзісьне такія краязнаўцы, мужчына пагля­дзеў на мяне зь­дзіўлена. Маўляў, як можна ня ведаць месца, дзе жывеш. Мы з Алесем пераглянуліся. Але пра Гіёма Апалінэра наш дзісенец нічога ня чуў.

ПАЭТ І ВЭТЭРАН НКВД

Ёсьць такія гарады, у гісторыі якіх нібы ў кроплі вады адбілася ўся гісторыя вялікай краіны. Дзісна — гэта той рэдкі выпадак, дзе стаго­дзь­дзі пакінулі па сабе шматлікія матэрыяльныя сьведчаньні. Некалі вялікі павятовы горад той літоўскай Дзісеншчыны, дзе Глыбокае і Мёры былі адно мястэчкамі, — сёньня нават не райцэнтар. Абый­дзеная чыгункамі і вялікімі аўтатрасамі, Дзісна схавалася да лепшых часоў. Нават помнік Леніну, гэты абавязковы атрыбут ле­дзь ня кожнага калгасу, тут зьнесьлі самі ўлады. Затое на замкавай высьпе можна ўбачыць і памацаць валы фартэцыі Сьцяпана Батуры. У зьнявечаных мурах францішканскага касьцёлу захрасьлі савецкія снарады, выпушча­ныя па цэлі ў верасьні 1939-га. А ва Ўваскрасенскай царкве, пабудаванай у часы Мураўёва-вешальніка, знахо­дзіцца ўнікальны абраз Смаленскай Божай маці. Непадалёк школа, дзе вучыўся Язэп Драздовіч. Праз дарогу былы купецкі клюб, дзе гастралявала трупа Ігната Буйніцкага. А яшчэ музэй з унікальнай дзісенскай керамікай. І старой забудовы захавалася тут пасьля ўсіх войнаў болей, чым у сталіцы. Якую будучыню прыхавала гэтаму гораду заўтрашняя гісторыя? Калі ўлічыць яшчэ адно імя — Гіём Апалінэр…

Вёска Дарожкавічы пачынаецца адразу за горадам. За старымі каталіцкімі могілкамі. Калі, не даяжджаючы да вёскі, кінуць погляд упра­ва, у бок Дзьвіны, дык першае, што бачыцца, — маляўнічыя барвовыя руіны былой павятовай лякарні. Гэтыя муры — ілюстрацыя таго, які тут быў горад. А калі пайсьці ўздоўж дарогі, што заглыбляецца ў лес, у якім яшчэ можна пазнаць рысы колішняга парку, дык неўзабаве з-за дрэваў адкрыецца… Не, не рамантычная руіна. А трохпавярховы палацык. Атынкаваны, але яшчэ не пафарбаваны. Бачна, што будаўніцтва ці рэстаўрацыя вя­дзецца нясьпешна і грунтоўна. Шэры колер сьвежага тынку кантрастуе з навакольным запусьценьнем.

Патаптаўшыся каля дому, мы вярнуліся ў Дзісну. Шукаючы сьлядоў паэта францускага, мы натрапілі на мясцовага вершаскладальніка, вельмі абаяльнага і гаманкога вэтэрана НКВД і МГБ Гена­дзя Дзямешку, які адразу асыпаў гасьцей паэзіяй, прачытаў сьвежую, толькі з-пад пяра, оду роднаму краю.

Мяне сьвятыя клічуць зь неба:

«Пакінь Дзісну, жыві ў раю!»

А я ў адказ: «Мне рай ня трэба.

Люблю, як сын, Дзісну маю!»

Пачынаў сваю міліцэйскую кар’еру гэты вясёлы дзядок у паваенных лясах, дзе лавіў былых паліцаяў, акаўцаў ды іншых ворагаў савецкай улады.

— На маім участку а­дзін былы паліцай хаваўся 23 гады. І мне прыйшлося яго выцягнуць з падвалу. Ён зрабіў сабе сховішча зь печы. І ў гэтым сховішчы ён 23 гады адбыў. Адсе­дзеў тэрмін, які ў два разы болей, чым яму суд вызначыў бы. Больш за 10 гадоў не давалі, а ён 23 адсе­дзеў. Усякіх было цудаў…

Пра свае по­дзьвігі дзядуля расказвае з такім бляскам у вачах, што міжволі радуесься за свой год нараджэньня. Дзякуй Богу, ня выпа­дзе спаткацца з гэтым паэтам на ягонай эмгэбэшнай сьцяжыне.

Дзісна над берагам віруе.

Сады аздобіла вясна.

Нічога ў неба не прашу я.

Зямны ёсьць рай — мая Дзісна!

«ЯК ПРЫЙШЛІ РУСКІЯ, ТАДЫ ЎСЁ ЎНІСТОЖЫЛАСЯ»

Пясьняр Дзісны падказаў нам, дзе знайсьці найстарэйшую жыхарку Дарожкавічаў, Зінаіду Казлоўскую. Нягле­дзячы на позьні час, кабета адразу запрасіла ў хату. Зінаі­дзе за 80, яна выдатна памятае пару, калі ся­дзіба яшчэ жыла і дыхала. За часамі панскае Польшчы. Перад вайной тут гаспадарыў расейскі памешчык Капылоў.

— Тут і памятнік быў Кастравіцкага. У са­дзе, у Капыловых. Памятнік стаяў такі жалезны, вузенькі. А цяпер няма. Як прыйшлі рускія, тады ўсё ўністожылася. Дом быў багаты, мэблі былі. Раяля была, і барыня ся­дзіць! Мы і­дзем каля гэтага пакою, а яна ся­дзіць. Гля­дзім праз вакно, як яна на раялі грае. Барыня. Прыгожы быў дом. Галава бычыная, як увахо­дзіш у пакой. Адразу на сьценцы вялікая бычыная галава. Прыгожа было ў доме. Карціны былі.

Мы вярнуліся да ся­дзібы у той час, калі велізарнае чырвонае сонца сядала за далягляд. Жывая карціна зачароўвала кожным імгненьнем. Лясісты супрацьлеглы бераг нябачнай адсюль, з высокага берагу, Дзьвіны ўжо акунаўся ў змрок, а далёкі далягляд палымнеў чырвонымі промнямі. Невыпадкова Кастравіцкія пабудавалі свой дом фасаднымі вокнамі на захад. Назіраць, як сядае за Дзьвіною сонца, — сапраўдная раскоша. Алесь зьвярнуў увагу на дрэвы перад домам:

Алесь Аркуш
Алесь Аркуш

— Гэта ўсё, што засталося ад парку. Бачна, што ёсьць такія дрэвы, незвычайныя для нашага лесу, для нашых савецкіх паркаў. Прыгожае месца. Прычым рака тут ня проста і­дзе. Яна разгаліноўваецца. Тут нейкія паўвыспы ёсьць. Ляндшафт унікальны. Я думаю, што тут і мог нара­дзіцца паэт. Гадуючыся ў гэтай прыгажосьці.

— Ён тут не нара­дзіўся.

— У сэнсе — усё роўна чалавек, які нара­джаецца, ён нараджаецца з матэрыялу бацькоў і дзядоў. Гэта перадаецца, нікуды не зьнікае. Таму ў дзядах і пра­дзедах адбываецца нараджэньне некага. І­дзе, і­дзе, пакуль не настае нейкі спрыяльны момант, тады адбу­дзецца такі цуд — нараджэньне паэта.

— Шкада, што аматары паэзіі ў Францыі ня ведаюць, дзе тое месца, каб прыйсьці і…

— І пагля­дзець, з чаго пачынаўся Апалінэр. Таму што ён пачынаўся менавіта з бацькоў і пра­дзедаў. Пачынаўся з той геннай памяці, якая ў яго была. А я думаю, што ў геннай памяці захаваўся і гэты ляндшафт, і гэтая Дзьвіна, і гэтыя мясьціны. І гэтыя лю­дзі. Ты заўваж, як прыгожа нас сустрэлі. Мы проста прыехалі, як зваліліся зь неба сюды. І лю­дзі тут хо­дзяць вакол нас. І паказваюць, і расказваюць, і во­зяць нас па гэтым мястэчку. Я наагул зь­дзівіўся такой гасьціннасьці зусім незнаёмых лю­дзей.

— Давай кінем апошні позірк на шляхоцкія руіны. Усё, што павінна памерці, абавязкова памрэ…

— Я не ўспрымаю гэтыя руіны як могілкі. Таму што кожнаму часу адпавядае сваё. Эгіпецкія піраміды адпавядаюць свайму часу, Калоская царква свайму, а Сафійскі сабор — свайму. Гэта хутчэй мне нагадвае археалягічныя знаходкі. Нейкі артэфакт. Як капаюць археолягі і знайшлі там кавалак збана ці нейкую сякеру.

— Руіны працягваюць жыць?

— Яны ня столькі працягваюць. Яны засталіся і існуюць. Яны — як фатаздымак у альбоме. Яны зачапіліся за гэтую зямлю. І калі хтосьці сюды прыяжджае, нейкі турыст, яго сюды павязуць. Пра міт гэтай ся­дзібы можна напісаць цэлую кнігу. Каб турыст прыехаў сюды, аматар паэзіі. Не абавязкова гэта можа быць паломнік францускі. Можа быць і менскі студэнт, які любіць францускую паэзію, Апалінэра. Прыехаць сюды і дакрануцца да сапраўднага. І зразумець, што беларуская зямля выгадавала таксама і такога паэта. Самае каштоўнае ў гэтым разуменьні — што мы ўвязаныя ў сусьветнае жыцьцё. Мы ўвязаныя ў эўрапейскі культурны міт. І адна з гэтых нітачак — Гіём Апалінэр. І гэтых нітачак вельмі шмат. На жаль, мы яшчэ ня маем пра гэта поўнага ўяўленьня. Гэта праца і нашых літаратараў, і нашых гісторыкаў. І я думаю, што гэта якраз праца ХХІ стаго­дзь­дзя.

БАЦЮШКА НА ТРАКТАРЫ

Былая сядзіба Кастравіцкіх у Дарожкавічах
Былая сядзіба Кастравіцкіх у Дарожкавічах

На фоне старога парку паказаўся калгасны трактар, вельмі арганічны ў гэтым краяві­дзе. Магчыма, і таму яшчэ, што, як высьветлілася, быў ён не калгасным. За рулём ся­дзеў праваслаўны бацюшка. На тле пакінутага маёнтку поп на трактары выглядаў больш нечакана за прывід колішніх гаспадароў. Айцец Гена­дзь прыехаў на сваю будоўлю, занепакоены ві­зытам чужынцаў. Цяпер ся­дзіба Кастравіцкіх належыць яму, Гена­дзю Каранеўскаму. Трэба а­дзначыць, густ у сьвятара някепскі. Мы напрасіліся да айца ў госьці.

— Як Вам прыйшла ў галаву ідэя ўзяць гэтыя…

— …разваліны? Нічога не было ўвогуле. Дзесяць гадоў аднаўляю. Аднаўляю на тым фундамэнце, што быў. Такія ж сьцены раблю. З той самай цэглы. Спа­дзяюся, што гэта бу­дзе ся­дзіба роду Каранеўскіх. Некаторыя сьмяяліся зь мяне. Вось, узяў разваліну, звалку такую. А цяпер хо­дзяць — дзівяцца.

Ня ведаю чаму, але мне было крыху сумна ад таго, што ў старой ся­дзібы ўжо ёсьць гаспадар. Гаспадар дзейны, энэргічны. Які ня дасьць ужо заняпасьці сьценам. Ясна, што ся­дзіба Кастравіцкіх скончылася яшчэ ў 1863-м. Але ўсё роўна было крыху сумна. Як быццам у гісторыі, якой яшчэ працягвацца, разгортвацца і інтрыгаваць, паставілі кропку.

2005, кастрычнік

Працяг будзе

Папярэднія публікацыі

Праз могілкі. Слова на дарогу

«А графаманаў трэба расстрэльваць»

«А нету никакой Белоруссии!»

Бедныя бабулькі паехалі на Польшчу

Хто прыдумаў літару Ў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG