Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінадукацыі: Пры фармаваньні беларускамоўных груп у садках будуць улічвацца інтарэсы большасьці


Патрэба бацькоў у беларускамоўных групах у дзіцячых садках будзе задаволеная. Пра гэта заявіла 28 траўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску галоўны спэцыяліст упраўленьня сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалягічнай працы Міністэрства адукацыі Алена Сімакова, перадае БелаПАН.

«Калі ёсьць патрэба бацькоў, яна будзе задаволеная ў любым выпадку. Адзінае, калі ідзе гаворка пра дашкольную адукацыю, многія бацькі зацікаўленыя, каб гэта было блізка да дома для максымальна хуткай дастаўкі дзіцяці. І тады паўстае іншае пытаньне, што беларускамоўная група можа адкрывацца ня ў той установе дашкольнай адукацыі, якая зручная бацькам», — сказала Алена Сімакова.

Паводле прадстаўніцы Мінадукацыі, калі гаворка ідзе пра пачатковую школу, бацькі ідуць насустрач і гатовыя вазіць дзіця ў беларускамоўную першую клясу ў іншы раён горада.

«А ў дашкольных групах бацькам даводзіцца выбіраць, што для іх больш важнае — блізкасьць да дома або каб дзіця вучылася на беларускай мове».

Паводле Сімаковай, законам прадугледжана, што бацькі могуць падаваць заяву на дашкольнае навучаньне на беларускай мове.

Пры фармаваньні груп у дзіцячых садках, улічваючы вялікую запатрабаванасьць дашкольнай адукацыі, будуць улічвацца інтарэсы большасьці, а не двух-пяці бацькоў.

«Аднак ці набярэцца колькасьць ахвотных? Я ведаю, што беларускамоўныя клясы ў школах адкрываюцца нават для аднаго дзіцяці. А вось пры фармаваньні груп у дзіцячых садках, улічваючы вялікую запатрабаванасьць дашкольнай адукацыі, будуць улічвацца інтарэсы большасьці, а не двух-пяці бацькоў. Тут трэба сумяшчаць жаданьне бацькоў і магчымасьці ўстановы адукацыі для адкрыцьця беларускамоўных груп».

Сімакова адзначыла, што «ніякіх забаронаў на адкрыцьцё груп на беларускай мове як на адной з дзяржаўных няма».

Улады адказалі на трохтысячную пэтыцыю пра беларускія дзіцячыя садкі

Сёлета ў красавіку актывістка за правы беларускамоўных бацькоў Аляксандра Баярына апублікавала адмоўны адказ адміністрацыі Першамайскага раёну Менску на просьбу стварыць рознаўзроставую групу ў дзіцячым садку зь беларускай мовай навучаньня — спасылаючыся на Канстытуцыю, бацькі прасілі стварыць групы «паводле прыярытэту не тэрытарыяльнага прынцыпу, а наяўнасьці цьвёрдага жаданьня выхоўваць дзіця па-беларуску». Цяпер у Менску няма ніводнай групы ў садках, дзе дзеці былі б сабраныя паводле моўнай прыкметы.

Адмову ўлады абгрунтавалі тым, што ў Першамайскім раёне ўжо ёсьць 54 групы «зь беларускай мовай навучаньня». Аднак Аляксандра Баярына сьцьвярджае, што ў такіх групах беларуская мова практычна не гучыць. Бацькі праверылі больш як сотню менскіх садкоў. Паводле аднаго з водгукаў, толькі ў 314-м садку склалася адна група, дзе ўсе дзеці зь беларускамоўных сем’яў. У астатніх толькі частка дзяцей і частка выхавальніц размаўляюць па-беларуску.

За апошнія месяцы бацькоўскія дэлегацыі некалькі разоў былі на прыёмах у кіраўнікоў Міністэрства адукацыі, але плёну ў вырашэньні моўнага пытаньня пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG