За тыдзень пэтыцыя супраць «дыскрымінацыі дзетак паводле моўнай прыкметы» набрала на Petitions.by больш як 1600 подпісаў. Паводле аўтараў звароту, у атрыманьні дзецьмі дашкольнай адукацыі па-беларуску ёсьць значныя перашкоды.
Беларускія бацькі нярэдка наракаюць на праблемы ва ўладкаваньні дзяцей у садкі: немагчыма проста прыйсьці і запісаць дзіця ў садок, трэба станавіцца ў чаргу загадзя, ці не адразу па выхадзе з радзільні. Але праблема зь беларускамоўнымі садкамі асобная, сьцьвярджае сябра ініцыятыўнай групы бацькоў, архітэктарка і дызайнэрка Аляксандра Баярына.
«Калі мы ставім дзіця ў чаргу на садок, мы не выбіраем мову, проста ставім у агульную чаргу, — расказвае Баярына Свабодзе. — І ва ўсе садкі, і з расейскай, і зь беларускай мовай навучаньня дзеці трапляюць з агульнай чаргі.
Паколькі беларускамоўных мала, атрымліваецца, што па адным, па два, па тры чалавекі раскідана па садках. Безумоўна, калі камунікацыя ў групах ідзе па-расейску, яны пераходзяць на расейскую мову. Ці бацькі перастаюць вадзіць іх у садок».
Адваротная сытуацыя (калі расейскамоўныя бацькі прыводзяць расейскамоўнае дзіця ў беларускамоўны садок, а дзіця мяняе мову з расейскай на беларускую) практычна немагчымая, мяркуе Баярына. Таму выходзіць, што «адна мова на вачах паглынае другую», а беларускамоўных дзяцей не абараняюць ніяк. І для дзіцячых псыхолягаў тое, што беларускамоўнае дзіця могуць на паўдня адправіць у іншамоўны асяродак, «чамусьці не праблема», абураецца яна.
Беларускамоўных ня лічаць патрэбным нават палічыць, а беларускамоўныя групы «вандруюць» між садкамі
Баярына — маці дваіх дзяцей, сыну яшчэ няма году, а дачцэ ўжо хутка будзе тры. Дачку можна было б ужо даўно адаслаць у ясьлі. Але Баярына згадвае, што раней у Менску не было нават беларускамоўных ясьляў, яны зьявіліся толькі пасьля запытаў грамадзкасьці.
Яна запытвала пра беларускамоўныя ясьлі і да фармаваньня групаў, і ў час іх фармаваньня, але выявілася, што ў патрэбным раёне такіх няма, толькі беларускамоўныя групы на старэйшы ўзрост. На скаргі адказвалі адпіскамі, яна рыхтуе новыя скаргі.
Пры гэтым беларускамоўныя групы адкрываюць штогод у розных садках — адбываецца «ратацыя». Баярына сьцьвярджае, што бацькі ня ведаюць, дзе такія групы зьявяцца, аж да 1 верасьня, пакуль тыя не адкрыюцца.
Збор зьвестак аб тым, якую мову навучаньня хочуць бацькі для сваіх дзяцей, «не прадугледжаны», адказвалі Баярынай на звароты. Гэта значыць, у дзяржавы няма статыстыкі па тым, колькі патрэбна беларускамоўных садкоў і групаў. Мову навучаньня Баярынай прапанавалі пазначыць у графе з пажаданым нумарам садку.
Час казаць не пра «бацькі ня могуць», а пра «законы дыскрымінуюць»
Увосень 2017 году ў Міністэрства адукацыі ўжо накіроўвалі калектыўны зварот, у якім прасілі зьмяніць сыстэму ўліку дзяцей і дадаць магчымасьць выбару мовы навучаньня на першым кроку запісу ў дашкольныя ўстановы ー у раённай адміністрацыі. Сабралі 482 подпісы, але міністэрства ня ўбачыла праблемы.
Тады, кажа Баярына, праблема гучала так: беларускамоўныя бацькі ня могуць прыстроіць дзяцей у групы зь беларускай мовай навучаньня. Цяпер праблему фармулююць зусім іначай: гавораць менавіта пра дыскрымінацыю дзяцей паводле моўнай прыкметы і недапрацаваныя законы, якія спрыяюць дыскрымінацыі, калі права на адукацыю год за годам «адбіраюць суседзі па двары».
У цяперашняй пэтыцыі патрабуюць:
- весьці адкрытую статыстыку пажаданьняў бацькоў наконт мовы навучаньня ў садках;
- стварыць блянкі на беларускай мове;
- сфармаваць асобную чаргу для бацькоў, якія хочуць беларускамоўнай дашкольнай адукацыі для сваіх дзяцей;
- разьмяркоўваць дзяцей з асобнай чаргі разам;
- увесьці і замацаваць законамі паняцьце «група зь беларускай мовай навучаньня»;
- увесьці патрабаваньні па валоданьні беларускай мовай да пэдагагічных работнікаў;
- укамплектаваць садкі настаўнікамі музыкі і фізкультуры, якія б валодалі беларускай мовай;
- спыніць штогадовую ратацыю групаў зь беларускай мовай;
- стварыць у кожным раёне Менску прынамсі адзін цалкам беларускамоўны садок;
- стварыць рознаўзроставыя групы навучаньня.