Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чавусах адкрылі першую ў Беларусі памятную дошку казакам


Шыльда казацтву ў Чавусах
Шыльда казацтву ў Чавусах

На Магілёўшчыне ў райцэнтры Чавусы зьявілася першая ў Беларусі памятная дошка казацтву. Праваслаўныя актывісты і кіраўніцтва раёну ўвекавечылі такім чынам фармаваньне ў 1654 годзе казацкага палку, дзейнасьць якога разам з тым названая «зьяваю неадназначнай».

«6 августа 1654 года в городе Чаусы был организован Белорусский (Чаусовский) казацкий полк, в котором „...с 1000 пеших с бердыши, и с рогатины, и с пищалями, да конных крестьян со 100 человек...“», — напісана на ёй.

Павесілі дошку на раённым краязнаўчым музэі побач зь іншай шыльдай, прысьвечанай наданьню гораду Магдэбурскага права. Тую ранейшую ўсталявалі ў 2016 годзе з ініцыятывы Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

Шыльда магдэбурскаму мінуламу Чавусаў
Шыльда магдэбурскаму мінуламу Чавусаў

Урачыстасьць адкрыцьця шыльды казацтву зладзілі падчас хроснага ходу да 100-годзьдзя забойства сям’і апошняга расейскага самадзержца Мікалая Раманава. Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што сродкі на выраб памятнага знаку зьбірала грамадзкасьць.

Чым быў адметны час, калі сфармавалі Чавускі казацкі полк

  • У 1654 годзе край акупавалі войскі Маскоўскага царства і казакі Багдана Хмяльніцкага;
  • Вайна трывала трынаццаць гадоў (1654–1677). У беларускай гістарыяграфіі яе называюць «Крывавым патопам»;
  • Колькасьць насельніцтва на беларускіх землях зьменшылася больш як напалову (на Чавушчыне — на 40 працэнтаў). Гісторык Генадзь Сагановіч у сваёй кніжцы «Невядомая вайна» адзначае: да «Патопу» ў Беларусі жыло 2 мільёны 900 тысяч чалавек, а пасьля яго — 1 мільён 350 тысяч.
  • Вайной было зьнішчана беларускае мяшчанства. Дзясяткі тысяч рамесьнікаў вывезьлі «Літоўскім палонам» у Масковію.
  • Казацкія фармаваньні зь беларускіх сялян ваявалі ў акупантаў да 1659 году. Тады разам са сваімі верхаводамі (Канстанцінам Паклонскім, які называў сябе беларускім палкоўнікам, і Іванам Нячаем) перакінуліся на бок Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага.

Райвыканкам: «Мы ўвекавечылі гістарычны факт»

У Чавускім райвыканкаме ўсталяваньне дошкі тлумачаць «увекавечваньнем гістарычнага факту». Паводле намесьніцы старшыні раённай адміністрацыі Тацяны Радзівілінай, на ўрачыстасьці яе адкрыцьця выступоўцы не давалі ацэнак дзейнасьці казацтва. Службоўка адзначыла, што для гэтага ёсьць гісторыкі і навукоўцы, якія і павінны трактаваць «гэтую падзею з розных бакоў».

Будынак райвыканкаму
Будынак райвыканкаму

«Для нас дужа важна, каб жыхары нашага гораду, нашы дзеці ды госьці ведалі, што на тэрыторыі Чавускага раёну была такая гістарычная падзея. Дрэнная яна ці станоўчая — у кожнага свой погляд. Адкрываючы дошку, мы канстатавалі, што ў Чавускім раёне жылі сьмелыя, рашучыя людзі, якія любілі сваю айчыну», — сказала Тацяна Радзівіліна.

Газэта Чавускага райвыканкаму «Іскра», спасылаючыся на словы Тацяны Радзівілінай, заўважыла: «дзейнасьць беларускага казацтва ў пэрыяд XVII ст. — зьява неадназначная».

Гісторык Трусаў: «Дошка казацтву — праява «русского мира»

Алег Трусаў
Алег Трусаў

Гісторык Алег Трусаў не прыгадаў, ці ёсьць у Беларусі, акрамя цяпер Чавус, памятныя знакі казацтву. Ён не адмаўляе, што беларускіх сялян рэкрутавалі ў казакі. Такой палітыкі, кажа ён, трымаліся маскоўцы і запароскія казакі падчас трынаццацігадовай вайны. Потым, кажа суразмоўца, так званае беларускае казацтва перабегла на бок Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага, але «пра гэта цяперашнія ідэолягі казацкага руху стараюцца не ўпамінаць».

«Я катэгарычна супраць увекавечваньня такіх падзеяў», — кажа Алег Трусаў.

«Гэта праява „русского мира“, — лічыць ён. — Калі мы прамаўчым, то такія шыльды зьявяцца і ў Магілёве. Трэба пісаць пратэсты ў Адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем гэтую шыльду зьняць з тлумачэньнем таго, што яна — першы крок да анэксіі Беларусі».

Палітоляг Андрэй Казакевіч: казацтва 17 стагодзьдзя і сучаснае — зусім розныя рэчы

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч «сурʼёзнай праблемы» з усталяваньнем шыльды казацтву з нэўтральным надпісам ня бачыць. Ён зьвяртае ўвагу, што казацтва ў Беларусі 17 стагодзьдзя і сучаснае — зусім розныя рэчы. На яго думку, каб разьбірацца ў казацтве, трэба ўлічваць, што гэты фэномэн шмат у чым супярэчлівы, але яго ня варта выкідаць зь беларускай гісторыі.

Ён нагадвае, што «перад трынаццацігадовай вайной казацтва Хмяльніцкага ваявала з Рэччу Паспалітай і шмат беларускіх сялян далучалася да яго», а сфармаваныя ў Беларусі «казацкія фармаваньні пачыналі трынаццацігадовую вайну як саюзьнікі маскоўцаў, а завяршылі на баку Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага».

Пра «чубатага казака» і «аўтаномную казацкую рэспубліку»

У 2015 годзе брэндам Чавусаў хацелі зрабіць «чубатага казака». Былі распрацаваныя сувэніры. Газэта «СБ — Беларусь Сегодня» ў прысьвечанай такім намерам нататцы напісала, што ў 17 стагодзьдзі на тэрыторыі цяперашняга раёну «была казацкая аўтаномная рэспубліка». Рашэньня пра «чубатага казака» райвыканкам не зацьвердзіў, і пытаньне з парадку дня прыбралі.

«Ёсьць гістарычны факт, што казакі былі на Чавускай зямлі, але ніхто не перасьледуе мэты зрабіць іміджам гораду вобраз казака-разбойніка», — тлумачылі тады ў райвыканкаме.

Каротка пра Чавусы

Мэмарыяльны знак на месцы зьнішчанай ратушы. На ім «казацкі» герб Чавусаў
Мэмарыяльны знак на месцы зьнішчанай ратушы. На ім «казацкі» герб Чавусаў
  • Райцэнтар за 40 кілямэтраў ад Магілёва на ўсход. Першыя пісьмовыя згадкі датуюцца 1581 годам.
  • 12 жніўня 1634 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Чавусам Магдэбурскае права і герб з коннай выявай сьвятога Марціна. Тады ўзьвялі ратушу. На чатырохсотгодзьдзе Чавусаў на месцы сымбаля гарадзкога самакіраваньня паставілі мэмарыяльны знак, але ня з гербам «Сьвятога Марціна».
  • У 1781 годзе пасьля інкарпарацыі ўсходняй Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі Кацярына ІІ надала Чавусам новы герб са скрыжаванымі мячом і шпагай.
  • У 2001 годзе нададзены расейскай імпэратрыцай герб стаў афіцыйным сымбалем Чавусаў.

У Чавусах ня хочуць у казакі

Чавусы адзначылі гадавіну наданьня Магдэбурскага права пад гербам ад расейскай імпэратрыцы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG