Пакуль гэта некалькі «вайскова-патрыятычных» клюбаў на Гарадзеншчыне. З пачаткам расейскай агрэсіі ва Ўкраіне спачатку блогеры, грамадзкія актывісты, а пасьля і СМІ пачалі актыўна пісаць пра беларускіх «казакоў». А канкрэтна – пра ідэалягічны складнік арганізацый вайскова-спартовага характару.
«Казакі» не хаваюць сваёй прарасейскай ідэалёгіі, актыўна ўжываюць расейскую імпэрскую сымболіку і рыторыку. Калі адной фразай абазначыць праблему, «казакі» ня бачаць незалежнай Беларусі, а бачаць яе часткай вялікай Расейскай імпэрыі.
Ёсьць такі ўстойлівы выраз – карысны ідыёт. Захоплены нейкай ідэяй чалавек не ўсьведамляе, што ім маніпулююць. Вось ты вырашыў, што ты «казак». З Расеі даўно занесьлі па франшызе ідэю, а ты хацеў стварыць вайскова-патрыятычны клюб.
А ўлады перад тым змагаліся з «нацыяналістычнымі радыкаламі», якія таксама стваралі вайскова-патрыятычныя ці спартова-патрыятычныя клюбы. Улада бачыла ў беларуска арыентаваных людзях пагрозу. А ў «казаках» – не. Яны ляяльныя, яны хваляць уладу, яны выкарыстоўваць зразумелыя і вядомыя са школы коды: патрыятызм у савецкім разуменьні. «Ок, – кажа ўлада, – займайцеся».
Але раптам «карысныя ідыёты» робяцца небясьпечнымі. У іх фантазіі Беларусі не існуе. Гэта значыць, што не існуе той выгады, якую маюць людзі пры ўладзе ў якой-заўгодна незалежнай краіне. Ад кіраўніка дзяржавы да начальніка раённага аддзелу міліцыі. Ад прэм'ер-міністра да старшыні сельсавету.
Пры згубе незалежнасьці атрымліваюць магчымасьць сацыяльнага ліфту людзі цьмяныя. Такія добраахвотна ідуць у паліцыю і адміністрацыі акупантаў. І цяперашнія ўлады тэарэтычна мусяць гэта разумець. І тут мяне нават не цікавяць палітычныя погляды начальнікаў раённых аддзелаў і раённых адміністрацыяў. Гаворка пра чыстую прагматыку.
Учора твой падначалены рапартаваў пра пасьпяховую дзейнасьць зь цяжкімі падлеткамі. Так, ратаваў іх ад наркаманіі, алькагалізму, турмы. «Цудоўна, – думаў начальнік, – працуй, Вася!» Тое, што на сайце клюбу сярод іншага расейская імпэрская сымболіка, цябе не турбавала: «Мы ж у саюзнай як бы дзяржаве, гэта ж нашы стратэгічныя партнэры». І што падлеткам пра «золотые купола» ўцюхваюць, ты таксама не цікавіўся: «Мы ж тут збольшага ўсе праваслаўныя». І пра «адзінства Русі» не пераймаўся, бо так у школе вучылі.
І вось табе, раённы начальнік, адной раніцай паведамляюць, што галоўнага па рэспубліцы няма – зьнік. А ў вобласьці ствараюць «народную рэспубліку». Табе лейтэнант Вася паведамляе. Ён у цябе ў кабінэце бяз груку, і ўжо з аўтаматам. А брыгада аматараў здаровага ладу жыцьця пад вакном. «Сьцяпаныч, ты з намі?» – пытаецца Вася, а ты бачыш, што засьцерагальнік на аўтамаце зьняты. «Сьцяпаныч, дай ключы ад аружэйкі».
Прычым, лейтэнант Вася фанатык, і ён не сумняецца ў сваёй праваце. Ды ў падпалкоўніку Сьцяпанычу не сумняецца, бо той Васю толькі хваліў папярэднія гады. Сьцяпаныч у шоку. Ён разумее, што ён прафукаў. Ён памятае, як ганяў у сябе ў раёне скаўцкія зьлёты пад б-ч-б сьцягам, у якіх яму мроілася пагроза «падрыхтоўкі нацыяналістычных баевікоў». А яно вось як абярнулася – нечакана. І што Сьцяпанычу цяпер рабіць? Падставіцца пад кулю, даць ключы? А што будзе далей? А калі путч, ці як там, прыдушаць? А калі не?..
Умоўны Сьцяпаныч можа быць прыхільнікам «леніна-сталіна», можа быць пафігістам, можа сымпатызаваць беларушчыне, а можа, наадварот, непрыязна ставіцца да «сьвядомых». Гэта ўсё ўжо ня мае значэньня.
Тут і цяпер ад Сьцяпаныча патрабуецца толькі прагматызм. Але далікатнасьць сытуацыі ў тым, што сёньня фармальна «казакі» нічога супрацьдзяржаўнага ня робяць.
Адна з прыхільніц зачыненага на невядомы час «казацкага» клюбу піша ў сваім блогу адкрыты ліст-зварот, дзе абураецца дзеяньнямі ўладаў. Іншы прыхільнік «казакоў» у сваім блогу прыводзіць агрумэнты, якія ў свой час прафукаў Сьцяпаныч:
– «Для тых, хто прымаў рашэньне пра прыпыненьне дзейнасьці клюбаў, варта нагадаць, што Рэспубліка Беларусь і Расейская Фэдэрацыя ёсьць Саюзнай Дзяржавай з адзінай прасторай абароны. Пра які “сэпаратызм” можа ісьці гаворка ў дадзеным кантэксьце?»
Сьцяпаныч, гэта вашаму начальству ў Менску дзярзіць прыхільнік «казакоў». Ён проста спасылаецца на тыя факты і ідэалягічныя ўстаноўкі, якімі столькі гадоў пхалі галовы суграмадзянаў.
«Карысныя ідыёты» ўжо зусім не карысныя. Яны робяцца небясьпечнымі, ладна там краіне, вам асабіста, Сьцяпаныч.
Яшчэ адно разьвіцьцё прэцэдэнту: на Гарадзеншчыне зьбіраюць подпісы ў абарону «казакоў». Маштаб можа быць розным, як і наступствы. Але факт: пратэст супраць дзеяньняў улады з боку тых, хто «верай і праўдай служыў цару і ацечаству», то бок, гэтай самай уладзе.
У кожным разе, працэс «трохбаковых перамоваў» запушчаны. Праўда, нацыянальна арыентаваны бок пакуль дыскутуе больш міжсобку, але назірае ўважліва. Вынікі праверкі «казацкіх» клюбаў і іхны далейшы лёс пакажуць агульную тэндэнцыю стаўленьня ўладных элітаў да «будучыні незалежнай Беларусі».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.