Новы старшыня праўленьня берасьцейскага футбольнага клюбу «Дынама» прыляцеў у Беларусь удзень 16 ліпеня.
Як перадае карэспандэнт Свабоды, Марадону прывезьлі ў самы дарагі ў Берасьці гатэль «Эрмітаж» з чорнага ўваходу. Аргентынец прывітаўся з журналістамі з-за плоту і сказаў, што пабачыцца зь імі на прэс-канфэрэнцыі.
У яго адмысловая ахова — хлопцы з аднаго з берасьцейскіх клюбаў адзінаборстваў прыстаўленыя да яго на ўвесь час знаходжаньня ў Беларусі.
Прыезд Марадоны асьвятляюць каля сотні журналістаў зь Беларусі, Літвы, Польшчы і Расеі.
Марадона ня будзе жыць у Берасьці
Як расказаў расейскаму «Спорт-Экспресс» Валдас Іванаўскас, былы спартовы дырэктар «Дынама», Дыега Марадона ня будзе жыць у Берасьці — гэта асобна прапісана ў ягоным кантракце. Былы футбаліст зборнай Аргентыны будзе толькі часова прыяжджаць у горад і працаваць з камандай.
Падрабязнасьці таго, што будзе рабіць Марадона ў Берасьці, канфідэнцыйныя. Іванаўскас сьцьвярджае, што «фінансы тут ня самае галоўнае», але заяўляе, што «Дынама» цяпер цэліцца на групавы этап Лігі чэмпіёнаў.
Таксама Іванаўскас пракамэнтаваў грубыя жэсты Марадоны ў Расеі: маўляў, «чалавек ён эмацыйны, але такія жэсты яго не ўпрыгожваюць», ды «ён Марадона, можа сабе такое дазволіць».
Менавіта 16 ліпеня берасьцейскія дынамаўцы гуляюць дома з салігорскім «Шахтаром». Пасьля 16 тураў «Шахтар» знаходзіцца на 4-м месцы ў беларускай Вышэйшай лізе, берасьцейскае «Дынама» – толькі на 6-м. Першае месца з адрывам у сем балаў ад другога займае барысаўскае БАТЭ, якое штогод становіцца чэмпіёнам з 2006 году, усяго было чэмпіёнам 14 раз.