У мінулым форвард і галоўны трэнэр зборнай Аргентыны ў футболе, а цяпер дырэктар клюбу «Дынама» (Берасьце) Дыега Марадона трапіў у шпіталь.
Як паведамляюць расейскія СМІ, яму стала кепска пасьля заканчэньня матчу чэмпіянату сьвету паміж Аргентынай і Нігерыяй, які праходзіў на стадыёне «Санкт-Пецярбург Арэна» (2:1 на карысьць аргентынцаў).
Беларускія заўзятары, якія сачылі за матчам на канале «Беларусь-5», бачылі, як мяняліся паводзіны легенды сусьветнага футболу — балазе, камэры выхоплівалі яго на VIP-трыбуне рэгулярна. Спачатку было ўражаньне, што Марадона папросту сьпіць. Спартовы камэнтатар Арташэс Антанян нават пажартаваў, што некаму трэба пабудзіць аргентынца, а то прасьпіць усю гульню землякоў. Потым ён закочваў вочы і абыякава аглядаў гледачоў.
Але калі на апошняй хвіліне Аргентына забіла вырашальны гол і тым самым забясьпечыла выхад у 1/8 фіналу, Марадона ўскочыў і пачаў паказваць непрыстойныя жэсты камусьці ўнізе — верагодна, супернікам зь Нігерыі. Эмацыйны зрыў прывёў да таго, што дырэктара берасьцейскага «Дынама» ахоўнікам давялося выводзіць са стадыёну пад рукі.
У шпіталі мэдыкі дыягнаставалі падвышаны ціск і шумы ў вобласьці сэрца. Як адзначае расейскі Пяты тэлеканал са спасылкай на відавочцаў, экс-футбаліст «добра выпіў, а можа, і ня толькі».
Пасьля непрацяглай шпіталізацыі ў ноч на 27 чэрвеня Дыега Марадона вылецеў прыватным самалётам у Маскву. Пасьля заканчэньня чэмпіянату сьвету яго чакаюць у Берасьці.
Рука Бога, адрэзаныя ногі і тату зь Фідэлем: 8 фактаў пра Дыега Марадону, новага мэнэджара берасьцейскага «Дынама»