Вядомы аргентынскі футбаліст Дыега Марадона, які займае пасаду старшыні праўленьня клюбу «Дынама» (Берасьце), наведае абласны цэнтар 16 ліпеня і будзе прысутнічаць на матчы яго каманды з салігорскім «Шахцёрам», паведамляе агенцтва БелаПАН.
«Пра тое, што Марадона прыляціць, 16 ліпеня, стала вядома ўчора. Ён будзе на гульні, пра астатнія мерапрыемствы мы праінфармуем дадаткова», — паведаміла агенцтву прэс-сакратар «Дынама» Вольга Хіжынкова. Сам Марадона ў кароткім відэазвароце ў сацсетках заявіў, што хоча пазнаёміцца з Аляксандрам Лукашэнкам.
«Прывітаньне. Гэта Дыега Марадона. Буду з вамі ўсімі ў Беларусі 16-га. З Лусэнкам, прэзыдэнтам, таксама хачу пазнаёміцца. Хачу працаваць у Беларусі. Усіх абдымаю».
Пра падпісаньне трохгадовага кантракту з 57-гадовым Марадонам клюб абвясьціў 15 траўня. Чакаецца, што ён будзе займацца пытаньнямі стратэгічнага разьвіцьця, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падразьдзяленьнямі, уключна зь дзіцячай акадэміяй.
Марадона прыступіць да працы пасьля заканчэньня чэмпіянату сьвету ў Расіі (14 чэрвеня — 15 ліпеня). Як паведамляюць СМІ, Міжнародная фэдэрацыя футболу плаціць яму каля 11 тыс. эўра за наведаньне кожнага матчу.
Марадона хоча купіць для «Дынама» гульца за 40 тыс. эўра
Днямі паведамлялася, што Марадона надумаў купіць для берасьцейскага клюбу 22-гадовага паўабаронцу зборнай Мэксыкі і галяндзкага клюбу ПСВ Ірвінга Лясана.
«Мне вельмі спадабалася яго гульня. Я б узяў яго ў каманду, але ўсё залежыць ад бюджэту. Няма праблем, гэта можна абмяркоўваць», — перадае Onefootball.com словы Марадоны.
Кантракт Лясана з ПСВ разьлічаны да 2023 году. Клюб з Эйндховэну гатовы прадаць футбаліста ня менш чым за 40 мільёнаў эўра. Да яго таксама праяўляюць цікавасьць «Арсэнал», «Барсэлёна» і «Ювэнтус».
Ласана — удзельнік ЧС-2018, дзе ў матчы супраць немцаў забіў пераможны гол.