Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА апублікавала відэа нефармальнага сьвяткаваньня фіналу чэмпіянату сьвету ў футболе, што прайшоў у Маскве 15 ліпеня.
На відэа Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «нельга было прызначаць пэнальці» (удар прызначылі за тое, што харват згуляў рукой, французы рэалізавалі ўдар і павялі ў ліку).
Таксама на відэа Лукашэнка абдымае прэзыдэнтку Харватыі Калінду Грабар-Кітаравіч за плячо, падчас гэтага размаўляе з кімсьці (верагодна, прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам) пра нешта, што гэты чалавек мусіць зрабіць разам зь іншым у Маскве.
На сустрэчы прысутнічалі таксама Ўладзімір Пуцін і кіраўнік FIFA Джані Інфантына. Іншых лідэраў дзяржаваў на відэа не зафіксавана.
На гульні акрамя названых былі кіраўнікі Армэніі, Габону, Малдовы, Палестыны, Катару і Судану, прэм’еры Вугоршчыны, Кіргізстану, Сан-Тамэ і Прынсыпі, актор Стывэн Сыгал, старшыня праўленьня футбольнага клюбу «Дынама-Берасьце» Дыега Марадона, сын беларускага кіраўніка Мікалай Лукашэнка і іншыя.
На фінальнай гульні Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі сядзелі побач з Наінай Ельцынай, Дзьмітрыем Мядзьведзевым і ягонай жонкай Сьвятланай, кіраўнікі Расеі, Францыі і Харватыі сядзелі разам у іншым месцы.
Напярэдадні фіналу прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант казала, што ён будзе заўзець не за канкрэтную каманду, а «за прыгожы і выніковы футбол». Сам Лукашэнка апярэдадні адкрыцьця чэмпіянату зычыў удачы «братам-расейцам».
У фінале Францыя, якая ад пачатку лічылася фаварытам чэмпіянату, перамагла Харватыю, якія сэнсацыяна прабіліся ў фінал, у тым ліку выбіўшы расейцаў у чвэрцьфінале, зь лікам 4:2. Бэльгія заваявала трэцяе месца.
У час гульні на поле выбеглі чатыры актывісткі і актывісты Pussy Riot у паліцэйскай уніформе, іх затрымалі , у час допыту паліцыянт выказаў шкадаваньне, што «цяпер не 1937 год».