Выявілася, што, вазы сталі жоўтымі незаконна — без узгадненьня зь Мінкультам так рабіць з гісторыка-культурнай каштоўнасьцю нельга.
Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва пры Менгарвыканкаме адрэагаваў на зварот шасьці соцень карыстальнікаў сайту Petitions.by наконт вазаў на праспэкце Незалежнасьці, якія раптам сталі ярка-жоўтымі ў траўні гэтага году.
Першая намесьніца старшыні камітэту Алена Сухадолава ў адказе на зварот піша, што балюстрада і агароджа моста празь Сьвіслач, што між плошчай Перамогі і цыркам, прызнаная аб’ектам гісторыка-культурнай каштоўнасьці, стан якога мае ахоўвацца.
Фарбаваньне балюстрады было выкананае балянсатрымальнікам без узгадненьня колеравага рашэньня, сьцьвярджаецца ў адказе, таму камітэт накіраваў у «Гаррэмаўтадар» і адміністрацыі Першамайскага і Цэнтральнага раёнаў патрабаваньне прыняць захады ў прывядзеньні аб’екту ў належны стан.
Ды з адказу не да канца зразумела, ці стануць вазы зноў белымі, якімі былі дзясяткі гадоў да «пажаўценьня»: на момант, калі пісаўся адказ, «балянсатрымальнік зьвярнуўся ў Міністэрства культуры па дачу рэкамэндацыяў у колеравым рашэньні балюстрады».
Тым часам на Petitions.by зьбіраюць подпісы за беларускую мову на дзяржаўным ТВ і «Калыханку» па-беларуску, за забарону «георгіеўскай» стужкі, знос помнікаў Леніну ў Менску і Маладэчне, перайменаваньні менскай станцыі мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошча Незалежнасьці» (плошчу над станцыяй так перайменавалі яшчэ ў 1991 годзе), супраць высяканьня Грушаўскага сквэру.