Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Менску патрабуе зафарбаваць аўтарскія графіці — менчукі патрабуюць зафарбаваць яе саму


У абарону графіці выказалася на парадак больш людзей, чым супраць іх.

Жыхарка Менску Настасься Ерамеева стварыла на Change.org пэтыцыю супраць малюнкаў-муралаў і стрыт-арт-праекту Urban Myths, а таксама графіці на Кастрычніцкай вуліцы.

Яна патрабуе спыніць праект, у межах якога мастакі з ўсяго сьвету ствараюць гіганцкія малюнкі на дамох у раёне старога аэрапорту ў Менску, а намаляваныя графіці — зафарбаваць. Найперш яна згадвае працу грэка iNo «Man With No Name», у якім бачыць «нешта ці то ад рэпэра-хулігана, ці то ад анёла сьмерці».

Таксама Настасьсі Ерамеевай не падабаюцца і іншыя работы мастакоў у межах праекту. Напрыклад, пра дзяўчыну ў вышыванцы работы брытанска-аўстралійскага мастака Гвіда ван Хэльтэна яна піша наступнае:

«Госьця [вуліцы] Рабкораўскай — двухполая істота зь вялікай, распухлай, непрапарцыйнай рукой. Апранутая ў грубую мужчынскую куртку, з-пад якой бачная вышыванка».

Таксама яна выступае супраць мурала на вуліцы Фабрычнай, створанага летась беларусам Mutus і бразільцам Tinho, «змрочная дзяўчынка зь зямлістаю скурай і чорнымі, нежывымі вуснамі, у руках якой мёртвая птушка». Малюнак у яе выклікае наступныя асацыяцыі:

«Стракаты дыван, на якім стаіць гэты ажылы мярцьвяк, і манахромная істота (ці то іншаплянэтнік, ці то цацка, пашытая з ласкутнай коўдры) нагадваюць наркотыкі, галюцынацыі і ўсё, што зьвязанае з псыхадэлікай».

Акрамя таго, у Настасьсі Ерамеевай псуецца настрой, калі яна ідзе па Кастрычніцкай вуліцы, якую ў мінулым і бягучым годзе размалявалі беларускія і бразільскія мастакі:

«Старая і паўразбураная сьцяна заводу ўжо сама па сабе навявае нуду, а гэты дзіўны і лапезны карнавал толькі ўзмацняе пачуцьцё неадэкватнасьці».

Фэстываль Vulica Brasil на Кастрычніцкай
Фэстываль Vulica Brasil на Кастрычніцкай

«У Эўропе гэтыя графіці — нармальная практыка. Навошта азірацца на Эўропу? Калі ў іх нешта модна, гэта ня значыць, што гэта правільна і нармальна!» — робіць выснову аўтарка пэтыцыі, што на момант публікацыі набрала 160 подпісаў.

Іншая пэтыцыя набрала 980 подпісаў. У ёй жыхар Менску Максім Восіпаў выступае з прапановай зафарбаваць саму аўтарку пэтыцыі за зафарбоўку муралаў.

«Мы, жыхары Менску, лічым, што ўчынак Настасьсі Ерамеевай ганьбіць горад Менск і Беларусь агулам, абражае пачуцьці неабыякавых да гораду людзей, выклікае дэпрэсію і падрывае веру ў найлепшыя якасьці беларускага народу, правакуе нэгатыў і халівар у інтэрнэт-прасторы. Просім у самыя кароткія тэрміны зафарбаваць Настасьсю Ерамееву якаснай фарбай жыцьцесьцьвярджальных колераў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG